Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ФРА́КЦЫЯ ПАСЛО́Ў У ПО́ЛЬСКІМ СЕ́ЙМЕ,

гл. Беларускі пасольскі клуб.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ

(БНСП),

арганізацыя бел. фашыстаў у 1930—40-я г. Пачала стварацца ў 1933 у Вільні па ініцыятыве групы пранямецка настроеных бел. дзеячаў. З 1934 працаваў прэзідыум Бел. нацыянал-сацыяліст. актыву (старшыня Ф.Акінчыц), які ў 1936 ператвораны ў БНСП. Друкаваны орган — час. «Новы шлях». Партыя была забаронена ўладамі Польшчы. БНСП не мела падтрымкі сярод бел. насельніцтва і ням.-фаш. улад. Распалася, відаць, пасля смерці Акінчыца (сак. 1943).

А.М.Літвін.

т. 2, с. 419

БЕЛАРУ́СКАЯ НЕЗАЛЕ́ЖНІЦКАЯ ПА́РТЫЯ

(БНП),

арганізацыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана ў пач. 1942. У кіруючае ядро партыі ўваходзілі У.Родзька (старшыня ЦК), Ф.Аляхновіч, І.Гінько, Р.Зыбайла, Р.Рабуха, Ю.Саковіч, А.Сянькевіч і інш. Былі ўтвораны 5 акр. к-таў БНП. Мела кантакты з кіраўнікамі Палескай сечы Украінскай паўстанцкай арміі. Члены БНП, працуючы ў створаным гітлераўцамі бел. апараце, імкнуліся арганізаваць бел. нац. рух для выступлення і супраць ням. фашыстаў, і супраць бальшавікоў. Было створана некалькі ўзбр. і нелегальных груп (найбольш на Палессі — 12). Не маючы шырокай падтрымкі ў інш. бел. арг-цый, БНП не стала рэальнай паліт. сілай. У канцы чэрв. 1944 Родзька пры падтрымцы гітлераўцаў арганізаваў і накіраваў у сав. тыл некалькі ўзбр. груп. Аднак БНП не дамаглася масавай падтрымкі насельніцтва. Большасць яе атрадаў і падп. груп разгромлены органамі НКУС, шэраг дзеячаў БНП на чале з Родзькам арыштаваны.

У.І.Гуленка.

т. 2, с. 420

«БЕЛАРУ́СКАЯ НІ́ВА»,

газета, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася з 18.11.1925 да 16.3.1926 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Адна з самых паслядоўных газет грамады. Адлюстроўвала паліт. і эканам. становішча Зах. Беларусі, пісала пра школьную справу ў Зах. Беларусі, унутраную і знешнюю палітыку польскіх улад, заклікала да саюзу рабочых і сялян у барацьбе за свае правы. Змяшчала рэпартажы з залы пасяджэнняў польскага сейма, прамовы і запыты бел. паслоў. Мела каля 3 тыс. падпісчыкаў. Выйшла 35 нумароў, 4 канфіскаваны. Закрыта ўладамі.

С.В.Говін.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЖА́НЧЫН «НАДЗЕ́Я»,

незалежная грамадска-паліт. арг-цыя жанчын Рэспублікі Беларусь. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэта — правядзенне сац. і эканам. рэформаў, скіраваных на стварэнне жанчыне спрыяльных умоў жыцця і працы, для выканання ёй функцый маці, выхавальніцы і захавальніцы сямейнага ачага. Выступае за паслядоўнае рэфармаванне эканомікі, пошук згоды паміж рознымі паліт. і грамадскімі партыямі і рухамі, недапушчэнне расколу ў грамадстве, актыўны ўдзел жанчын у рабоце заканад. і выканаўчых органаў улады.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ

(БПЗ),

палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1992. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Зялёная рада. Асн. мэты — забеспячэнне грамадзянам Беларусі права пражывання ў здаровым асяроддзі, удзел у распрацоўцы заканад. актаў па ахове навакольнага асяроддзя і падрыхтоўцы праектаў рашэнняў, у тым ліку альтэрнатыўных, якія маюць дачыненне да аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Найбольшыя арг-цыі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Салігорску, Светлагорску.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНЫХ САЦЫЯЛІ́СТАЎ

(БПНС),

палітычная партыя ў Зах. Беларусі ў 1922—25. Утварылася як левае крыло Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). Заснавальнік С.А.Рак-Міхайлоўскі. Напачатку БПНС не проціпастаўляла сябе сацыял-дэмакратам. Разам з БСДП, Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй удзельнічала ў рабоце Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта і распрацоўцы выбарчай платформы. На выбарах у ліст. 1922 Рак-Міхайлоўскі выбраны паслом у польскі сейм. Пазней да БПНС далучыліся паслы П.П.Валошын, П.В.Мятла, Б.А.Тарашкевіч, якія пад уплывам КПЗБ і КП(б)Б выйшлі з Беларускага пасольскага клуба і 24.6.1925 утварылі самаст. фракцыю ў сейме — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, а ў канцы 1925 разам з камуністамі пачалі ствараць аднайм. масавую арг-цыю. З гэтага часу БПНС злілася з КПЗБ.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ПРА́ЦЫ

(БПП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў ліст. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. БПП дзейнічае на аснове захавання і развіцця традыцый і прынцыпаў с.-д. і рабочага руху. Асн. мэты — пабудова ў Рэспубліцы Беларусь дэмакр. грамадства, стварэнне прававой дзяржавы на прынцыпах духоўнай паліт. і эканам. свабоды чалавека, дабрабыту, маральнасці, сац. справядлівасці і згоды грамадзян. Выступае за аптымальнае спалучэнне рыначных механізмаў і дзярж. рэгулявання, за ўдзел работнікаў наёмнай працы ў кіраванні дзярж. справамі, у абарону правоў і інтарэсаў працоўных, за паліт. падтрымку прафс. руху. Арг-цыі БПП створаны ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Барысаве, Жодзіне, Асіповічах, Салігорску і інш.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ

(БПС-Р),

Партыя беларускіх эсэраў, палітычная партыя ў 1918—24. Арганізацыйна аформілася да мая 1918 пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У яе кіруючае ядро ўваходзілі: М.Асвяцімскі, П.Бадунова, Т.Грыб, Л.Заяц, Я.Ладноў, Я.Мамонька, С.Некрашэвіч, Я.Трафімаў, Я.Чарапук, Ф.Шантыр і інш.; пазней прымкнулі В.Ластоўскі і А.Цвікевіч. Друкаваныя органы: «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «Змаганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губ. к-ты БПС-Р. Налічвала больш за 20 тыс. членаў (1920). Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі», «Сувязі беларускага сялянства», кантралявала Усебел. настаўніцкі саюз, Гродзенскую сял. раду. У аснову тактыкі БПС-Р пакладзена праграма БСГ. Прадстаўляла інтарэсы сялянства, выступала за сацыялізацыю зямлі (адмена прыватнай уласнасці і наёмнай працы), развіццё ўсіх відаў кааперацыі, нацыяналізацыю буйной прам-сці і інш., за ўстанаўленне «сярэдняй улады» (дыктатуры ўсяго працоўнага народа ў форме Саветаў). Выказалася за поўнае самавызначэнне бел. народа; абвясціла сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нац. незалежнасць і непадзельнасць Беларусі на 2 фронты: супраць польскіх інтэрвентаў і «імперыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Не прызнавала БССР і Літ.-Бел. ССР, ва ўмовах паліт. ізаляцыі адмовілася ад падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР, выступала супраць анексій бел. тэрыторый Польшчай і РСФСР. Знаходзілася ў паліт. апазіцыі да бальшавікоў. У канцы 1920 — пач. 1921 афіцыйныя сав. структуры пачалі ўжываць сілавыя прыёмы барацьбы супраць БПС-Р, былі арыштаваны 860 членаў партыі. У 1922 частка бел. эсэраў, якія працавалі ў Зах. Беларусі ў падполлі, стварыла Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю, якая пазней улілася ў КПЗБ. Пад націскам ЦК КП(б)Б на з’ездзе былых членаў БПС-Р у Мінску (8.6.1924) партыя самараспусцілася. У канцы 1920—30-х г. усе былыя члены партыі рэпрэсіраваны. У 1937 былыя кіраўнікі БПС-Р прыцягнуты да суд. адказнасці па т.зв. «справе эсэраў» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1988.

М.С.Сташкевіч.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-ФЕДЭРАЛІ́СТАЎ

(БПС-Ф),

палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс. чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.Аўсянік, Я.Варонка, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі, І.Серада, А.Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.

М.С.Сташкевіч.

т. 2, с. 420