А́РМКА-ЖАЛЕ́ЗА
(ARMCO — скарочаная назва амер. фірмы American Rolling Mill Corporation),
назва тэхнічна чыстага (каля 99,85%) жалеза. Мае высокую пластычнасць, магн. пранікальнасць, павышаную электраправоднасць і ўстойлівасць да карозіі. Выкарыстоўваецца ў электрамашынабудаванні і лабараторнай тэхніцы, а таксама як шыхта пры вытв-сці некаторых легіраваных сталяў і сплаваў.
т. 1, с. 496
АРМРЭ́СЛІНГ
(англ. arm-wrestling ад arm рука + wrestling барацьба),
від спорту, спаборніцтва ў сіле рук двух спартсменаў. Рукаборац, абапёршыся локцем на стол і абхапіўшы кісць вертыкальна пастаўленай рукі праціўніка, імкнецца паваліць яе. Вольнай рукой ён трымаецца за спец. выступ стала. Як від спорту армрэслінг аформіўся ў пач. 1960-х г. у ЗША. Развіваецца больш як у 70 краінах свету. На Беларусі з 1990, першы чэмпіянат адбыўся ў 1991, праводзіцца міжнар. турнір па армрэслінгу «Белавежскі зубр». Існуе федэрацыя армрэслінгу. Бел. спартсменка А.Кандратава — чэмпіёнка свету па армрэслінгу. (1995).
т. 1, с. 496
А́РМСТРАНГ
(Armstrong) Генры Эдуард (6.5.1848, Лондан — 13.7.1937),
англійскі хімік-арганік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1870). З 1871 праф. Лонданскага ун-та, у 1884—1913 — Цэнтральнага тэхн. каледжа. У 1893—95 прэзідэнт Лонданскага хім. т-ва. Распрацаваў (1888) хіноідную тэорыю колернасці, прапанаваў першую рацыянальную наменклатуру арган. злучэнняў (прынята ў Жэневе; 1892), даследаваў ферменты, тэрпены, камфару, займаўся крышталяграфіяй.
т. 1, с. 496
А́РМСТРАНГ
(Armstrong) Луі Даніэл (4.7.1900, г. Новы Арлеан — 6.7.1971),
амерыканскі трубач і спявак. Арганізатар і ўдзельнік першых негрыцянскіх джаз-бандаў у Новым Арлеане. У 1947 засн. секстэт «Усе зоркі Луі Армстранга», гастраліраваў з ім і як саліст-трубач у краінах Амерыкі, Еўропы, Афрыкі. Стварыў уласны стыль выканання, для якога характэрны імправізацыйная свабода, разнастайнасць тэмбравых фарбаў і рытмаформул. Аўтар блюзаў і джазавых песень.
Літ.:
Коллиер Дж.Л. Луи Армстронг: Америк. гений: Пер. с англ. М., 1987.
т. 1, с. 496
А́РМСТРАНГ
(Armstrong) Ніл (н. 5.8.1930, г. Уапаканета, штат Агайо, ЗША),
касманаўт ЗША. Першы чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Скончыў ваенна-марское вучылішча лётчыкаў (1949), ун-т Перд’ю ў г. Лафеет (1955). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. Як камандзір карабля здзейсніў касм. палёты: 16.3.1966 з Д.Скотам на караблі «Джэміні-8», 16—24.7.1969 з М.Колінзам і Э.Оддрынам на Месяц на караблі «Апалон-11». На паверхні Месяца (21.7.1969) правёў 21 гадз 36 мін 21 с, у космасе 8,6 сут. Імем Армстранга названы кратэр на Месяцы.
т. 1, с. 496
АРМУ́ЗСКІ ПРАЛІ́Ў,
Хармузскі праліў, паміж Аравійскім п-вам і мацерыковай часткай Азіі. Злучае Персідскі і Аманскі залівы. Даўж. 150 км, найменшая шыр. 55,6 км. Глыб. ад 71 м да 219 м, на фарватэры 27,5 м. Шмат невял. скал і астравоў (Кешм, Армуз, Ларак і інш.). Транспартная магістраль па перавозе нафты. Порт — Бэндэр-Абас (Іран).
т. 1, с. 496
АРМЯ́НА-ГРЫГАРЫЯ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
гл. Армянская апостальская царква.
т. 1, с. 496
АРМЯ́НЕ
(саманазва хай),
нацыя, асн. насельніцтва Арменіі (2,7 млн. чал.). Усяго ў краінах СНД 4,1 млн. чал. (1979). Жывуць таксама ў ЗША, Францыі, Іране і інш. Агульная колькасць 54 млн. чал. (1987). Гавораць на армянскай мове. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне-манафісіты.
т. 1, с. 496
АРМЯ́НСКАЕ НАГО́Р’Е,
у Турцыі (пераважна), Іране, Арменіі, займае паўд. частку Грузіі і зах. частку Азербайджана. Пл. 400 тыс. км². Сярэдняя выш. 1700 м, найб. 5165 м (г. Вял. Арарат). Паверхня — спалучэнне лававатуфавых пласкагор’яў і плато выш. 1500—3000 м з міжгорнымі ўпадзінамі і далінамі. Шэраг хрыбтоў (Арсіянскі, Агрыдаг, Джавахецкі, Вардэнінскі) утвораны ланцугамі вулканаў. Найб. ўпадзіны: Арарацкая, Эрзурумская, Мушская і інш.; дно некаторых упадзін занята азёрамі Ван, Севан, Урмія (Рэзайе). Вулканічныя конусы (Сюпхан — 4434 м, Арагац — 4090 м і інш.) і лававае покрыва ўтварыліся ў неагене і антрапагене. Невулканічныя хрыбты: Зангезурскі, Паландзёкен, Бінгёль, Аладаг, Карадаг, Машудаг, Карабахскі і інш. Карысныя выкапні: нафта, мыш’як, медзь, храміты, жал. руда, поліметалічныя руды, каменны вугаль, каменная соль; мінеральныя і тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -3 да -15 °C, ліп. ад 15 да 20 °C (у катлавінах 25 °C). Гадавая колькасць ападкаў на зах. схілах 1000 мм і больш, у катлавінах 500—700 мм, на У 300—500 мм. З Армянскага нагор’я пачынаюцца рэкі Еўфрат, Тыгр, Кура, Аракс. Расліннасць стэпавая і паўпустынная на шэразёмах, светла-каштанавых, бурых і шэра-карычневых глебах. Па схілах гор — хмызнякі з маквісу, лясы з хвоі і дубу, фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі. На менш увільготненых схілах зараснікі калючых падушкападобных хмызнякоў. На выш. 4000 м горны стэп, вышэй — альпійскія лугі, на вяршынях вечныя снягі і ледавікі. Жывёльны свет: шмат грызуноў, паўзуны, трапляюцца казуля, безааравы казёл, муфлон, мядзведзь, барс, паласатая гіена. Аазіснае земляробства.
т. 1, с. 496
АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.
А.А.Кожынава.
т. 1, с. 497