Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 2.10.1930 да 1932 у Гродне на бел. мове. Асвятляў бел. грамадскі рух на Гродзеншчыне, жыццё вёскі, заклікаў бел. інтэлігенцыю арганізоўваць культ.-асв. работу. Пісаў пра падзеі ў Польшчы і за мяжой, пра жыццё ў СССР і БССР, у т. л. пра сталінскія рэпрэсіі; друкаваў матэрыялы па пытаннях рэлігіі, права, сельскай гаспадаркі. Змясціў літ. творы Ф.Аляхновіча, А.Бартуля, Г.Леўчыка, Я.Коласа, Я.Купалы, артыкулы да 10-годдзя з дня смерці А.Гаруна, Ядвігіна Ш. і інш.

В.І.Дзяшко.

т. 2, с. 411

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаецца з 1960 у Нью-Йорку — Саўт-Рыверы (ЗША) на бел. мове Бел. выдавецкім т-вам. Рэдактар М.Кавыль. Адстойвае ідэі незалежнасці Беларусі, інфармуе пра найважнейшыя падзеі на Бацькаўшчыне, пра жыццё бел. эміграцыі. Друкуе ўспаміны, палемічныя артыкулы, творы пісьменнікаў Беларусі і бел. замежжа, у тым ліку Я.Золака, М.Кавыля, Л.Случаніна. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.

Л.І.Пранчак.

т. 2, с. 411

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

штомесячны навукова-тэарэтычны і грамадска-публіцыстычны часопіс. Выходзіць з кастр. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах. Знаёміць чытачоў з сучаснай навук., пед., грамадскай думкай па розных галінах ведаў. Мае пастаянныя раздзелы: «Навука», «Эканоміка», «Улада», «Паліталогія», «Суверэнітэт», «Духоўны свет», «Мараль», «Экалогія» і інш. На старонках часопіса выступаюць буйнейшыя бел. і замежныя вучоныя, дзеячы культуры, педагогі, палітыкі.

т. 2, с. 411

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

газета дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.4 да 27.7.1919 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. У газеце супрацоўнічала інтэлігенцыя пераважна сацыялістычнай арыентацыі. Выступала за цэласнасць і непадзельнасць Беларусі, выкрывала анексійныя замахі Польшчы, заклікала да аб’яднання ўсе дэмакр. элементы краю, узнімала надзённыя пытанні розных пластоў і груп насельніцтва. Шырока асвятляла падзеі на Беларусі. Выйшла 56 нумароў. Закрыта польскай акупац. адміністрацыяй.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 411

БЕЛАРУ́СКАЯ ДЫЯ́СПАРА,

гл. Дыяспара беларуская.

т. 2, с. 411

БЕЛАРУ́СКАЯ ДЭПУТА́ЦКАЯ ФРА́КЦЫЯ «ЗМАГА́ННЕ» ЗА ІНТАРЭ́СЫ СЯЛЯ́Н І РАБО́ЧЫХ,

гл. ў арт. «Змаганне».

т. 2, с. 411

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЗАРНІ́ЦА»,

царкоўна-грамадскі часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 1.9.1928 да 1.5.1929 у Вільні на бел. мове раз у 2 тыдні. Ставіў за мэту пераадолець адчужэнне правасл. Царквы на Беларусі ад нац.-вызв. імкненняў бел. народа, яго адраджэння. Шмат увагі аддаваў адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі. Пісаў пра рэліг. выхаванне моладзі. З мэтай развіцця нац. самасвядомасці і пашырэння асветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысціянства на Беларусі, царк. брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Брэсцкую унію 1596 і інш. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з рус. эмігранцкім, польск. перыядычным і бел. хадэцкім друкам. Выйшла 13 нумароў.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 411

БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,

самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажом («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст. бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.

Э.І.Вецер.

т. 2, с. 411

БЕЛАРУ́СКАЯ КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ

(БКА),

арганізацыя камуніст. кірунку на тэр. Мінскай і Гродзенскай губ. у 1920. Створана 1 студз. на аснове арг-цыі «Маладая Беларусь». У ЦК БКА уваходзілі У.М.Ігнатоўскі (старшыня), С.Г.Булат, І.П.Каранеўскі. Прызнаючы праграму і тактыку РКП(б), БКА дамагалася аднаўлення БССР, якая б будавала свае адносіны з РСФСР на федэратыўных асновах. Імкнулася праводзіць палітыку ў інтарэсах бел. народа, была як бы зародкам бел. нацыянал-бальшавізму. Яднала левыя элементы партыі бел. эсэраў сярод навучэнцаў, сельскага настаўніцтва, сялянства і накіроўвала іх у рэчышча барацьбы з польск. інтэрвентамі. Члены БКА садзейнічалі аб’яднанню партыз. атрадаў у Мінскую паўстанцкую арг-цыю. Пасля яе разгрому польск. дэфензівай у крас. 1920 ЦК БКА уключыў сваіх прадстаўнікоў у Бел. паўстанцкі к-т, які кіраваў баявымі дзеяннямі партызанаў. Пад кіраўніцтвам БКА дзейнічалі партыз. Атрады ў Докшыцах, Маладзечне, Старых Дарогах, Ігумене, Слуцку, Барысаве, Дукоры, Лідзе, Ашмянах і інш. Пасля вызвалення Мінска ад польск. інтэрвентаў БКА уключылася ў работу па адраджэнні нац. дзяржаўнасці бел. народа, удзельнічала ў падпісанні Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР (31.7.1920). 20.8.1920 прынята ў склад КП(б)Б. У канцы 1920-х — 1930-я г. амаль усе б. члены БКА абвінавачаны ў правядзенні нац.-дэмакр. ідэалогіі і рэпрэсіраваны.

М.С.Сташкевіч.

т. 2, с. 412

БЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1918.

Адбылася 25—28.1.1918 у Вільні. Склікана Арганізац. к-там, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных сац. колаў і бел. арг-цый з акупіраванай Германіяй тэр. Беларусі. Правядзенне канферэнцыі выклікана неабходнасцю ўзгадніць мэты розных бел. арг-цый, «апрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва» і «палажыць першы камень пад будоўлю нашай гасударственнай будучыні». Дэлегатам належала разгледзець 2 канцэпцыі: выпрацаваную ў вер. 1917 канферэнцыяй Бел. нар. к-та, Бел. сацыял-дэмакр. работніцкай групы і Віленскага к-та Бел. сацыяліст. грамады і выпрацаваную арг-цыяй Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Пасля ўзгаднення сваіх пазіцый бел. арг-цыі не адмовіліся ад ідэі Бел.-Літ. дзяржавы, якая павінна была стаць канфедэрацыяй 2 аўт. тэрыторый — беларускай і літоўскай; у склад канфедэрацыі павінны былі ўвайсці ўсе бел. і ўсе літ. землі. Беларуская канферэнцыя абрала каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый і іх прадстаўнічы орган — Віленскую беларускую раду.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 412