Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́МБЕРТ,

пазасістэмная адзінка яркасці. Названа ў гонар І.Г. Ламберта. Абазначаецца Лб. Выкарыстоўваецца для вызначэння яркасці паверхняў, якія свецяцца за кошт рассеянага святла. 1 Лб (стары) = 3,183∙10​3 Кд/м2 = 0,3183 сб (да 1948); 1 Лб (новы) = З,99∙10​3 кд/м2 = 0,3199 сб. Гл. таксама Кандэла, Стыльб.

т. 9, с. 115

ЛА́МБЕРТ (Lambert) Іаган Генрых

(26.8.1728 г. Мюльгаўзен, Германія — 25.9.1777),

нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Берлінскай АН (1765). Па паходжанні француз. Навук. працы па матэматыцы, фізіцы, астраноміі і філасофіі. Даказаў ірацыянальнасць ліку π, распрацаваў лагічнае злічэнне, чым прадугадаў многія ідэі алгебры логікі. У трактаце «Фотаметрыя, ці Аб вымярэннях і параўнаннях святла, колераў і ценяў» (1760) устанавіў асн. фотаметрычныя заканамернасці і закон паглынання святла (гл. Бугера—Ламберта—Бэра закон, Ламберта закон). Развіў тэорыю іерархічнай будовы Сусвету і выказаў ідэю стварэння універсальнай мовы знакаў. У яго гонар названа адзінка яркасці — ламберт.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 161—164;

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 207—209.

т. 9, с. 115

ЛАМБЕ́РТ Карл Восіпавіч

(Lambert Магіе Charles; 1771 або 1772, Францыя — 11.6.1843),

расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1823). Ваен. службу пачаў у франц. каралеўскай арміі. У час Франц. рэвалюцыі (1789—94) эмігрыраваў у Расію. Удзельнік задушэння паўстання 1794, перс. (1796) і швейц. (1799) паходаў, руска-пруска-франц. вайны 1806—07. Напярэдадні і ў час вайны 1812 камандзір кав. корпуса ў 3-й арміі; 25 ліп. авалодаў Брэстам, 27 ліп. разбіў саксонцаў у Кобрынскім баі 1812, удзельнічаў у Гарадзечанскай бітве 1812; восенню 1812 выбіў праціўніка з Нясвіжа, Навасвержаня, Мінска; пры штурме Барысава цяжка паранены. У сак. 1814 удзельнічаў у бітве пад Парыжам. Пасля вайны на камандных пасадах, сенатар (1826).

т. 9, с. 115

ЛА́МБЕРТА ЗАКО́Н,

закон, паводле якога яркасць дыфузнай паверхні, што рассейвае святло, аднолькавая ва ўсіх напрамках. Сфармуляваны І.Г. Ламбертам (1760). З Л.з. вынікае, што сіла святла Ιφ, адбітага ці рассеянага ў напрамку, які ўтварае вугал φ з нармаллю да паверхні, звязана з сілай святла I0, адбітага ўздоўж нармалі, формулай Iφ=I0cosφ. Для паверхняў, якія падпарадкоўваюцца Л.з., паміж свяцільнасцю М і яркасцю L існуе сувязь: M=πL. Л.з. строга выконваецца толькі для абсалютна чорнага цела і прыблізна — для мутных асяроддзяў і моцна маціраваных паверхняў.

т. 9, с. 115

ЛА́МБЕРТА ЛЕДАВІ́К

(Lambert Glacier),

найбуйнейшы ў свеце ледавік ва Усх. Антарктыдзе. Даўж. каля 450 км, шыр. ад 30—40 да 100—120 км. Пачынаецца ў паўн. ч. Даліны Міжнар. геафіз. года. Жывіць шэльфавы ледавік Эймеры. Адкрыты аўстрал. экспедыцыяй у 1957. Названы ў гонар кіраўніка картаграфічнай службы Аўстраліі Б.П. Ламберта.

т. 9, с. 115

ЛА́МБІН Мікалай Венядзіктавіч

(6.5.1899, г. С.-Пецярбург — 28.12.1986),

бел. матэматык Д-р фіз.-матэм. н. (1965), праф. (1971). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1930 працаваў у БПІ, БДУ, у 1965—73 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі аналітычных функцый і яе дастасаваннях да рашэння прыкладных задач гідрамеханікі, тэорыі раскладаў і графаў.

Тв.:

Метод симметрии и его применение к решению краевых задач. Мн., 1960;

О бесконтурной ориентации смешанных графов (разам з В.С. Танаевым) // Докл. АН БССР. 1970. Т. 14, № 9.

М.П.Савік.

т. 9, с. 115

ЛАМБО́К

(Lombok),

востраў у складзе Малых Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 5 тыс. км2 На Пн горы з вулканам Рынджані (выш. 3726 м), у сярэдняй ч. ўзгорыстыя раўніны, на Пд вапняковае плато выш. да 716 м. Клімат экватарыяльны мусонны, летам вільготны. Пераважаюць саванны і рэдкалессі. Лясы высока ў rapax. Вырошчваюць какосавыя пальмы, каву, рыс, тытунь. Радовішчы свінцовых і цынкавых руд. Гал. горад — Матарам.

т. 9, с. 115

ЛАМБРА́КІС (Lamprakēs) Грыгорыс

(3.4.1912, Керасіца, Грэцыя — 27.5.1963),

дзеяч грэч. і міжнар. руху прыхільнікаў міру. Па прафесіі ўрач. Удзельнік грэч. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. З 1961 дэп. парламента Грэцыі. Выступаў за мір і ўсеагульнае раззбраенне, супраць атамнага ўзбраення. З 1963 нам. старшыні Усягрэч. к-та барацьбы за аслабленне міжнар. напружанасці і за мір. 22.5.1963 смяротна паранены паліт. праціўнікамі ў час сходу грэч. прыхільнікаў міру ў г. Салонікі. Сусв. Савет Міру засн. у 1963 Міжнар. прэмію Міру імя Г. Ламбракіса.

т. 9, с. 115

ЛАМБРО́ЗА (Lombroso) Чэзарэ

(6.11.1835, г. Верона, Італія — 9.10.1909),

італьянскі судовы псіхіятр і крыміналіст, заснавальнік антрапалагічнай школы права. Скончыў Павійскі ун-т (1858). З 1862 праф. Павійскага, з 1896 Турынскага ун-таў. Л. сцвярджаў, што злачынства звычайная з’ява, што існуе асобы тып «прыроджанага злачынцы», які не можа не рабіць злачынства; ён валодае асобымі фіз. прыкметамі («стыгматамі»), напр., у яго нізкі лоб, сплюшчаны нос, рэдкая барада і да т. п. Пазней Л. прызнаваў значэнне сац. прычын злачыннасці, што дало падставу лічыць яго тэорыю біясацыялагічнай. Паводле сваіх паліт. поглядаў Л. — прыхільнік расавай тэорыі.

Тв.:

Рус. пер. — Гениальность и помешательство: [Сб. работ]. М., 1995.

т. 9, с. 115

ЛАМЕ́

(Lomé),

горад, сталіца Тога. Адм. ц. Прыморскай вобласці. Каля 500 тыс. ж. (1995). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Гал. порт краіны ў Гвінейскім заліве. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., металургічная, цэм., бавоўнаачышчальная, тэкст., харч., абутковая. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Нац. музей. Манумент незалежнасці (1960). Турыстычны цэнтр. Засн. ў 1904 на месцы паселішча народа эве. Да 1-й сусв. вайны адм. ц. германскага ўладання Тога, пазней — адм. ц. Франц. Тога, з 1960 сталіца незалежнай рэспублікі.

т. 9, с. 115