Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВОЎК-ЛЕВАНО́ВІЧ Іосіф Васілевіч

(6.11.1891, хутар Лявонаўка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 19.8.1943),

бел. мовазнавец. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). Працаваў у БДУ (1923—30), адначасова з 1927 у Інбелкульце (сакратар Камісіі па ўкладанні гіст. слоўніка бел. мовы). У 1930 быў вымушаны пераехаць у Саратаў. Працаваў у Саратаўскім ун-це (1930—31), пед. ін-це (1931—34), Арэнбургскім пед. ін-це (1934—37). 17.9.1937 беспадстаўна арыштаваны і засуджаны, памёр у адным з лагераў на Поўначы. Даследаваў гісторыю бел. мовы, бел. дыялекталогію і рус. мову. Аўтар «Лекцый па гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанетыка» (1927, факс. выд. 1994), арт. «Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі» (1925), «Мова выданняў Францішка Скарыны» (1926), «Важнейшыя рысы гаворкі вёскі Татаркавічы і гаворак ваколічных вёсак» (1928), «Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (1929), «Яшчэ да пытання аб «ляшскіх» рысах у беларускай фанетыцы» (1930) і інш.

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 115—126.

І.К.Германовіч.

т. 4, с. 279

Воўк Барыс Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 365

ВО́ЎНА,

валасяное покрыва авечак; сыравіна для вытв-сці шарсцяных тканін, трыкатажу і валеных вырабаў. Воўну падзяляюць на аднародную (тонкую і паўтонкую) і неаднародную (грубую і паўгрубую). Тонкая воўна — найб. каштоўная сыравіна, якая складаецца з пуховых валокнаў. Атрымліваюць яе ад танкарунных авечак. Паўтонкая воўна мае больш тоўстыя пуховыя або тонкія пераходныя валокны (воўна паўтанкарунных парод). Грубая і паўгрубая воўна складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці (воўна грубашэрсных і паўгрубашэрсных парод). Паўгрубую воўну выкарыстоўваюць пераважна ў дывановай прам-сці, грубая ідзе на выраб грубага сукна, валеных вырабаў. Гл. таксама Авечкагадоўля.

т. 4, с. 280

ВО́ЎПА,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ваўпянка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на Пн ад г. Ваўкавыск, 65 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Рось, на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. 848 ж., 337 двароў (1996).

У 1-й пал. 15 ст. сяло і двор, належала вял. кн. ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку, з 1449 — кн. Гальшанскім. У канцы 15 — пач. 16 ст. мястэчка Гарадзенскага пав. У дакументах 16 ст. згадваецца двор Воўпа з замкам і мястэчкам.

З 2-й пал. 16 ст. зноў велікакняжацкае ўладанне. У 1624—1831 належала Сапегам. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1893 — 2027 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. У 1965—67 у Мастоўскім р-не. У 1970 — 956 жыхароў.

Каля вёскі Воўпаўская ГЭС. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік архітэктуры — Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля (1773).

т. 4, с. 280

ВО́ЎПАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось пры ўпадзенні р. Ваўпянка (бас. Нёмана). За 23 км на Пн ад г. Ваўкавыск, каля в. Воўпа. Створана ў 1955. Пл. 1,26 км², даўж. 5,6 км, найб. шыр. 0,85 км, найб. глыб. 5,4 м, аб’ём вады 2,3 млн. м³.

Катлавіна выцягнутая ў даліне. Ложа з мелкаводдзямі (больш за 60% плошчы), ёсць 9 астравоў агульнай пл. 3,3 га. Дно выслана пяском і глеем. Берагавая лінія 18 км, парэзаная, ёсць 2 залівы. Берагі абрывістыя, зах. выш. да 4 м, паўд. 1,5—2 м, пад хваёвым лесам, у вярхоўях забалочаныя, парослыя вольхай і вярбой. Ваганні ўзроўню вады да 0,5 м (перад разводдзем). Моцнапраточнае. Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (Воўпаўская ГЭС), для арашэння і адпачынку.

т. 4, с. 280

ВО́ЎПАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,

помнік драўлянага дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1773 у в. Воўпа біскупам інфлянцкім Янам Непамукам Касакоўскім на месцы касцёла 16 ст. Рэстаўрыраваны ў 1889. Падоўжаны 1-нефавы аб’ём з трансептам у сярэдняй частцы. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр. ч. ў. выглядзе неглыбокага рызаліту завершана атыкам і трохвугольным франтонам, бакавыя ўтвораны дзвюма 2-яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Прастору нефа замыкае драўляны разьбяны гал. алтар (1-я пал. 17 ст.; спалучае рысы маньерызму і ранняга барока; майстар невяд.), багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. Фундатар алтара падканцлер Казімір Леон Сапега. У прыбудове размешчаны алтар Маці Божай Ружанцовай (1-я пал. 17 ст.).

Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.

т. 4, с. 280

ВО́ЎЧАЕ ЛЫ́КА,

расліна, гл. ў арт. Ваўчаягада.

т. 4, с. 280

ВО́ЎЧАК Афанасій, бел. майстар залатых і сярэбраных спраў сярэдзіны 18 ст. Працаваў у Магілёве з П.Сліжыкам. Прадстаўнік ракако ў бел. маст. апрацоўцы металу. З падпісаных яго работ вядомыя гарэльефныя чаканеныя абклады да абразоў магілёўскіх цэркваў (1749, захоўваліся ў Магілёўскім гіст. музеі, зніклі ў Вял. Айч. вайну) і абклады да абразоў Маці Божай (1767) і Хрыста (1769) аршанскіх храмаў.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.

І.М.Каранеўская.

т. 4, с. 280

ВО́ЎЧКАВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

Пціч, у Мінскім р-не, на р. Пціч (бас. Дняпра). За 16 км ад Мінска, каля в. Воўчкавічы. Створана ў 1968. Пл. 0,85 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 6,5 м. Аб’ём вады 2,8 млн. м³.

Катлавіна выцягнутая ў даліне ракі. Левы бераг стромкі, выш. да 15 м, абвальна-асыпны, месцамі ўкрыты хмызняком і хваёвым лесам, у вярхоўі забалочаны, правы больш спадзісты, выш. да 10—12 м, пад мяшаным лесам. У паўн. ч. зарастае. Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 26,7 млн. м³. Зона адпачынку, месца правядзення спаборніцтваў па веславанні і водных лыжах. На беразе Воўчкавіцкага вадасховішча ў в. Строчыца створаны Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

т. 4, с. 280

ВО́ЎЧНІК,

расліна, гл. ў арт. Ваўчаягада.

т. 4, с. 280