ВО́ЎПА,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ваўпянка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на Пн ад г. Ваўкавыск, 65 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Рось, на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. 848 ж., 337 двароў (1996).

У 1-й пал. 15 ст. сяло і двор, належала вял. кн. ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку, з 1449 — кн. Гальшанскім. У канцы 15 — пач. 16 ст. мястэчка Гарадзенскага пав. У дакументах 16 ст. згадваецца двор Воўпа з замкам і мястэчкам.

З 2-й пал. 16 ст. зноў велікакняжацкае ўладанне. У 1624—1831 належала Сапегам. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1893 — 2027 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. У 1965—67 у Мастоўскім р-не. У 1970 — 956 жыхароў.

Каля вёскі Воўпаўская ГЭС. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік архітэктуры — Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля (1773).

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)