Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭНЗО́МЕТР (ад лац. tensus напружаны, нацягнуты + ...метр),

прылада для вымярэння дэфармацый, выкліканых мех. напружаннямі ў цвёрдых целах. Выкарыстоўваецца для даследавання размеркавання дэфармацый у дэталях машын, канструкцый і збудаванняў, а таксама пры мех. выпрабаваннях матэрыялаў. Адрозніваюць механічныя Т. — для вызначэння трываласных характарыстык пругкіх матэрыялаў і электрычныя (напр., з тэнзадатчыкам) — для дыстанцыйнага вымярэння статычных і дынамічных дэфармацый у складаных умовах (у агрэсіўных асяроддзях, пры высокіх ці нізкіх т-рах і інш.).

Механічны тэнзометр для вызначэння дэфармацыі расцяжэння: 1 — шкалы; 2 — кантактнае звяно (рычаг); 3 — стралкі; 4 — прызмы; 5 — расцягвальная дэталь.

т. 16, с. 128

ТЭНІЁЗ,

гельмінтоз, гл. ў арт. Тэніідозы.

т. 16, с. 128

ТЭНІІДО́ЗЫ,

глісныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітамі-тэніідамі — стужачнымі чарвямі. У чалавека найб. пашыраны тэніёз (узбуджальнік свіны цэпень), тэніярынхоз (узбуджальнік бычыны цэпень), цэнуроз. Заражэнне ад спажывання недастаткова тэрмічна апрацаванага мяса свіней і буйн. раг жывёлы, інвазіраванага лічынкамі (фінамі) паразітаў. Узбуджальнікі раздражняюць нерв. канцы кішэчніка і выклікаюць інтаксікацыю арганізма. Прыкметы: ірвота, боль у жываце, запоры або паносы. Лячэнне: проціглісныя сродкі. У жывёл заражэнне адбываецца праз забруджаныя кармы і ваду. Драпежнікі заражаюцца пры паяданні ўнутр. органаў жывёл з лічынкамі ўзбуджальнікаў.

т. 16, с. 128

ТЭ́НІРС (Teniers) Давід Малодшы

(хрышчаны 15.12.1610, г. Антверпен, Бельгія —25 4.1690),

фламандскі жывапісец. Вучыўся ў бацькі — Давіда Т. Старэйшага. З 1651 жыў у Бруселі, прыдворны жывапісец і дырэктар карціннай галерэі эрцгерцага Вільгельма (выканаў копіі карцін гэтай галерэі, выдадзеныя ў гравюрах у 1660). Ініцыятар стварэння Антверпенскай АМ (1665). Пісаў невял. жанравыя сцэны, гал. чынам ідылічныя карціны сял. побыту («Вясковае свята», 1646), рэліг. кампазіцыі, трактаваныя ў жанравым духу («Блудны сын», 1644), пейзажы («Горны пейзаж», 1640), партрэты, прасякнутыя прыхаванай іроніяй (групавы партрэт членаў антверпенскага магістрата і старшын стралковых гільдый, 1643), гумарыстычныя сцэнкі з маральна-алегарычным падтэкстам («Малпы гуляюць у карты»), якія вылучаюцца дакладнасцю жывапіснай манеры. Крыху стракаты, лакальны каларыт ранніх твораў Т. ў сталы перыяд творчасці змяніўся вытанчанай светла-серабрыстай гамай («Паляванне эрцгерцага Леапольда Вільгельма на чаплю»).

Літ.:

Смольская Н.Ф. Тенирс в собрании Эрмитажа. Л., 1961;

Davidson J.P. D.Teniers, the younger. London, 1980.

Д.Тэнірс. Паляванне эрцгерцага Леапольда Вільгельма на чаплю.

т. 16, с. 128

ТЭ́НІС, лаун-тэніс (ад англ. lawn лужок, газон + tennis, магчыма, ад франц. tenez вось вам, бярыце),

спартыўная гульня, мэта якой — пасыланне мяча ўдарамі ракеткі праз сетку на корце такім чынам, каб сапернік не змог правільна адбіць яго ў межы чужой паловы пляцоўкі. Спаборніцтвы праводзяцца адзіночныя і парныя (мужчынскія, жаночыя і змешаныя пары). Інвентар: ракетка (маса да 400 г, драўляная, метал. або пластмасавая), гумавы мяч, абклеены тканінай з ворсам (маса 57 г, дыяметр да 6,7 см).

Правобраз Т. — гульня з мячом, які перабівалі праз сетку далонню, што існавала ў 12—14 ст. у Англіі, Італіі, Францыі. Ракеткі выкарыстоўваюцца з пач. 16 ст. Сучасны Т. узнік у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. Першыя правілы распрацаваны англічанінам У.​Уінгфілдам (1874). Назва лаун-Т. з’явілася ў 1875. Міжнар. федэрацыя Т. створана ў 1912 (Парыж). У 1896—1924 уваходзіў у праграму Алімп. гульняў. Чэмпіянатам свету сярод мужчынскіх каманд лічыцца штогодні розыгрыш Кубка Дэвіса (засн. ў 1900 амерыканцам Д.​Дэвісам). Чэмпіянатамі свету ў асабістым заліку (у мужчын і жанчын) лічацца: на травяных кортах — Уімблданскі турнір у Лондане (з 1877), на грунтавых — адкрыты чэмпіянат Францыі (Ралан Гарос) у Парыжы (з 1891). З 1970 праводзіцца неафіц. чэмпіянат свету, які складаецца з 12 папярэдніх турніраў ў розных краінах (96 удзельнікаў) і фінальнага (для 8 лепшых удзельнікаў). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1968. Штогод праводзяцца спаборніцтвы (асабісты залік) на Кубак «Вял. шлема» — апошні ў сезоне турнір для 16 мацнейшых тэнісістаў па выніках 4 буйнейшых турніраў года (адкрытыя чэмпіянаты Аўстраліі, Францыі, ЗША і Уімблданскі турнір). Т. развіты ў большасці краін, найб. — у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Францыі, Швецыі і інш.

На Беларусі Т. развіваецца з 1921 (г. Віцебск, Мінск, Магілёў і інш.). 1-ы чэмпіянат Беларусі быў уключаны ў праграму I Усебел. свята фіз. культуры (1924). Шырокае развіццё набыў з 2-й пал. 1940-х г. У розыгрышы Кубка Дэвіса нац. каманда ўдзельнічае з 1994. У 1978 у Мінску здадзены ў эксплуатацыю Палац тэніса (з 1996 — Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь). Сярод трэнераў найб. вызначыліся М.​Звераў, Г.​Краўкоў, Г.​Пятроў, А.​Эйдэльмян і інш., спартсменаў-тэнісістаў — Н.Барадзіна, Н.Зверава, С.Леанюк, В.​Барабаншчыкава, У.​Валчкоў, В.​Казакевіч, М.​Мірны, С.​Цяцерын і інш.

С.​А.​Каган.

т. 16, с. 128

ТЭ́НІС НАСТО́ЛЬНЫ, пінг-понг,

спартыўная гульня з мячом на стале. Памеры пляцоўкі для гульні на афіц. спаборніцтвах 7×14 м. Спаборніцтвы (асабістыя і камандныя) праводзяцца адзіночныя і парныя (для мужчын, жанчын і змешаных пар). Сустрэчы складаюцца з 5—7 партый. Інвентар: стол (274×152,5 см, выш. 76 см, звычайна-цёмна-зялёнага або цёмна-сіняга колеру), сетка (183×15,25 см), ракеткі (форма адвольная з наклеенымі гумавымі пласцінамі цёмнага колеру), пластмасавы мяч (маса 2,7 г, дыяметр 40 мм).

Гульня блізкая да сучаснага Т.н. ўзнікла, верагодна, у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст.; з 1920-х г. стала пашыранай у многіх краінах. Міжнар. федэрацыя Т.н. засн. ў 1926. Еўрап. саюз Т.н. існуе з 1957. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1926 (з 1957 па няцотных гадах асабістае першынство, па цотных — каманднае), Еўропы — з 1958 (па цотных). Найб. развіты Т.н. ў Германіі, Карэі, Кітаі, Румыніі, Швецыі, Францыі, Японіі і інш.

На Беларусі развіваецца з 1920-х г. 1-я секцыя створана ў 1927 (г. Віцебск). Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1953. Федэрацыя Т.н. існуе з 1959. Створаны Рэсп. Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь. Мужчынская каманда спарт. клуба «Трактар» — сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1980). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: У.​Зленка (чэмпіён Еўропы сярод юнакоў, 1968), І.​Мінкевіч (чэмпіён Еўропы, 1978), Т.​Кастраміна (сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), В.​Паўловіч (прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), У.​Самсонаў (прызёр чэмпіянатаў свету, 1995, 1997, 1999), Я.​Шчацінін (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету, 1998) і інш.

т. 16, с. 129

ТЭНТАКУЛІ́ТЫ (Tentaculita),

клас вымерлых малюскаў. 4 атр. Былі пашыраны ў морах сілурыйскага і дэвонскага перыядаў. На Беларусі рэшткі выяўлены ў адкладах дэвону ў межах Брэсцкай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Прыпяцкага прагіну.

Даўж. вапняковай ракавіны 3—7 см, дыям. да 6 мм. Ракавіна канічная, гладкая або кольчатая, адкрытая на шырокім канцы, дзе размяшчалася цела малюска. Па рэштках Т. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

т. 16, с. 129

ТЭ́НЦЫНГ (Tenzing) Наргэй (15.5.1914, Непал — 9.5.1986),

непальскі і інд. альпініст. Па нацыянальнасці шэрпа. Праваднік, насільшчык, інструктар многіх альпінісцкіх і даследчых экспедыцый. Першаўзыходнік (з Э.Хілары, 29.5.1953) і ўдзельнік 6 узыходжанняў на Джамалунгму.

Літ.:

Тигр снегов: Автобиогр. Тенцинга, записанная с его слов Дж.​Р.​Ульманом: Пер. с англ. М., 1957;

Хант Дж. Восхождение на Эверест: Пер. с англ. М., 1956.

т. 16, с. 129