ТЭМПЕРАТУ́РНЫЯ ХВА́ЛІ,
перыядычныя змены размеркавання т-ры ў асяроддзі, звязаныя з перыяд. ваганнямі шчыльнасці цеплавых патокаў, якія паступаюць у асяроддзе. Моцна затухаюць пры распаўсюджванні ў асяроддзі, для іх характэрна значная дысперсія (гл. Дысперсія хваль). Напр., глыбіня пранікнення ў глебу сутачных ваганняў т-ры прыкладна ў 20 разоў меншая за глыбіню пранікнення сезоннай т-ры. Т.х. выкарыстоўваюцца пры вызначэнні цеплавых характарыстык матэрыялаў (цепла- і тэмператураправоднасці, цеплаёмістасці і інш.), у т. л. пры нізкіх т-рах.
т. 16, с. 126
ТЭМПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. temperatio правільныя суадносіны, суразмернасць) у музыцы, выраўноўванне інтэрвальных суадносін паміж ступенямі гукавой сістэмы для дастасавання яе да патрэб муз. практыкі. Неабходнасць Т. звязана з паяўленнем муз. інструментаў з фіксаваным строем.
Зыходнымі былі гукарады чыстага і піфагорава строяў. Напачатку выраўноўвалі толькі некат. інтэрвалы (першыя спробы з 13 ст., у 16 ст. пашырылася сярэднетонавая сістэма Т). Недахопы нераўнамерна-тэмпераванага гукараду ліквідаваны ў сістэмах раўнамернай Т. У аснову сучаснага раўнамерна-тэмпераванага строю пакладзены прынцып падзелу актавы на 12 роўных паўтонаў, прапанаваны ў 1691 А.Веркмайстэрам. У ім усе 12 квінтаў квінтавога круга памяншаюцца на 1/12 піфагоравай комы (невял. інтэрвалу паміж зыходным гукам і тым, які атрымліваецца рухам ад яго на 12 чыстых квінтаў уверх і наступным пераносам на 7 актаў уніз). Замацаванню ў муз. практыцы гэтага строю садзейнічаў І.С.Бах (цыкл прэлюдый і фуг «Добра тэмпераваны клавір», 2 т., 1722 і 1744), дзе выкарыстаны ўсе танальнасці.
А.А.Саламаха.
т. 16, с. 126
ТЭ́МПЫ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РО́СТУ,
адносіны велічыні эканам. паказчыка за дадзены перыяд да велічыні яго папярэдняга аналагічнага перыяду, узятага за базу параўнання. Вымяраюцца ў працэнтах або ў адносных велічынях (каэф. росту). Абагульненую характарыстыку інтэнсіўнасці эканам. развіцця за некалькі гадоў даюць сярэднегадавыя Т.э.р., якія разлічваюцца як сярэдняя геаметрычная з гадавых тэмпаў. Паказчыкі Т.э.р. выкарыстоўваюць пры эканам. аналізе.
т. 16, с. 126
ТЭМП МАЎЛЕ́ННЯ,
хуткасць, з якой вымаўляюцца элементы выказвання (гукі, склады, словы, сінтагмы і інш.). Вымяраецца колькасцю элементаў за адзінку часу або іх сярэдняй працягласцю. Служыць адным з фактараў утварэння інтанацыі (пры адмысловым паскарэнні або запавольванні хуткасці вымаўлення пэўнай ч. выказвання) і можа служыць семантычным сігналам. На Т.м. ўплываюць змест паведамлення, стыль маўлення, сітуацыя зносін, індывід. асаблівасці таго, хто гаворыць (псіхічны стан, тэмперамент, сац. ролі, мэта выказвання і інш.).
Літ.:
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 124
ТЭМУ́КА (Temuco),
горад у цэнтр. ч. Чылі, на р. Каўтын. Адм. ц. вобл. Араўканія. Засн. ў 1881. Больш за 250 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. ц. с.-г. раёна (збожжавыя, бульба, садоўніцтва, жывёлагадоўля). Прам-сць: дрэваапр., харчовая. Рамесніцкая вытв-сць сярэбраных упрыгожанняў, шарсцяных коўдраў і інш. Гісторыка-этнагр. музей індзейцаў-араўканаў.
т. 16, с. 126