ТЭМПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. temperatio правільныя суадносіны, суразмернасць) у музыцы, выраўноўванне інтэрвальных суадносін паміж ступенямі гукавой сістэмы для дастасавання яе да патрэб муз. практыкі. Неабходнасць Т. звязана з паяўленнем муз. інструментаў з фіксаваным строем.

Зыходнымі былі гукарады чыстага і піфагорава строяў. Напачатку выраўноўвалі толькі некат. інтэрвалы (першыя спробы з 13 ст., у 16 ст. пашырылася сярэднетонавая сістэма Т). Недахопы нераўнамерна-тэмпераванага гукараду ліквідаваны ў сістэмах раўнамернай Т. У аснову сучаснага раўнамерна-тэмпераванага строю пакладзены прынцып падзелу актавы на 12 роўных паўтонаў, прапанаваны ў 1691 А.​Веркмайстэрам. У ім усе 12 квінтаў квінтавога круга памяншаюцца на ​1/12 піфагоравай комы (невял. інтэрвалу паміж зыходным гукам і тым, які атрымліваецца рухам ад яго на 12 чыстых квінтаў уверх і наступным пераносам на 7 актаў уніз). Замацаванню ў муз. практыцы гэтага строю садзейнічаў І.​С.​Бах (цыкл прэлюдый і фуг «Добра тэмпераваны клавір», 2 т., 1722 і 1744), дзе выкарыстаны ўсе танальнасці.

А.​А.​Саламаха.

т. 16, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)