заснавальнік і першы вял. князь Вялікага княства Літоўскага. Упершыню ўпамінаецца ў 1219 разам са старэйшым братам Даўспрункам сярод «старшых князёў» Літвы, якія падпісалі дагавор з Уладзіміра-Валынскім княствам. Да сярэдзіны 1230-х г. М. дасягнуў аднаасобнай улады ў Літве або значнай яе частцы. Ў 1236 «Литва Мендога» знаходзілася ў саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам. Далучыў да сваіх уладанняў Новагародскую (Навагрудскую) зямлю і ўладкаваў свайго стаўленіка ў Полацку, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны М. з Данілам сталі варожымі. У познім Густынскім летапісе (17 ст.) паведамляецца пра хрышчэнне М. ў праваслаўе ў 1246, аднак гэта не пацвярджаецца больш раннімі крыніцамі. Каля 1249 М. захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла, што выклікала іх мяцеж, да якога далучыліся жамойцкі кн. Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Каб разбурыць гэту небяспечную кааліцыю, М. пайшоў на прамыя зносіны з Рымам, у канцы 1250 або пач. 1251 прыняў каталіцтва, а ў 1252 (паводле інш. звестак 1253) каранаваўся ў Навагрудку каралеўскай каронай, якую прыслаў рымскі папа Інакенцій IV. Гэта дазволіла М. выйсці з вайны з мінімальнымі стратамі, хоць ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману — Навагрудак (на ўмовах васальнай залежнасці ад М.). Каля 1254 М. выдаў сваю дачку замуж за Шварна, другога сына Данілы. Каля 1257 супраць Літвы быў арганізаваны паход мангола-татарскага ваяводы Бурундая і галіцка-валынскіх князёў, аднак М. здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіць поўны кантроль над Навагрудскай зямлёй. У 1261 ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. У канцы жыцця карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, нальшчанскага Даўмонта. У выніку М. быў забіты разам з сынамі Рупекам і Руклем.
МІ́НДЭЛЬСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, міндэль (назва ад р. Міндэль, прытока Дуная, на тэр. Германіі),
раннеплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах. Уключае 2 зледзяненні. Тэрмін М.з. пашыраны і для скандынаўскага зледзянення. На тэр.Зах. і Сярэдняй Еўропы адпавядае англійскаму і эльстэрскаму, Польшчы — санскаму, Расіі — окскаму, Паўд. Амерыкі — канзаскаму зледзяненням, на тэр. Беларусі — бярэзінскаму зледзяненню.
горад на Пн ЗША, у штаце Мінесота. Каля 380 тыс.ж., з г.Сент-Пол і агульнымі прыгарадамі 2,5 млн.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на р. Місісіпі. Міжнар. аэрапорт. Гал.гандл.-фін. цэнтр с.-г. раёна паміж воз. Мічыган і Скалістымі гарамі. Буйнейшая ў свеце збожжавая біржа. Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі. Прам-сць: радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі, электронных кампанентаў, быт. радыё- і тэлевізійнай апаратуры і інш.), эл.-тэхн., прыладабуд., аўтазборачная. Вытв-сць дарожна-буд., с.-г. машын, рознага прамысл. абсталявання. Ваенная, нафтаперапр., хім., папяровая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Ун-т. Планетарый. Музеі і маст. галерэі, у т.л. Ін-т мастацтва (з багатай калекцыяй еўрап. жывапісу і дакалумбавага мастацтва). Сімф. аркестр Мінесоты (з 1903).
МІНЕЗІ́НГЕРЫ (ням. Minnesinger ад Міппе каханне + Singer спявак),
нямецкія рыцарскія паэты-спевакі. Мастацтва М. узнікла ў 2-й пал. 12 ст. пад уплывам лірыкі правансальскіх трубадураў. Апявалі рыцарскае каханне, служэнне прыгожай даме, Богу і сюзерэну, ваен. жыццё рыцараў і крыжовыя паходы. Найб. вядомыя паэты-М. — Вольфрам фон Эшэнбах, Гартман фон Аўэ, Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ. З крызісам рыцарскай культуры і ўзнікненнем т.зв. сельскага мінезангу паэзія М. заняпала і ў 14 ст. на змену ёй прыйшоў бюргерскі майстэрзанг (гл.Майстэрзінгеры). Вобраз М. ўвасоблены ў оперы Р.Вагнера «Тангейзер і спаборніцтва спевакоў у Вартбургу» (1845).
(ад грэч. mēnaios месячны + стараж.-рус. чытанне),
«Штомесячныя чытанні», царкоўна-рэлігійныя зборнікі твораў павучальнага зместу. Уключалі жыціі святых, павучанні, словы, казанні, легенды, складзеныя па месяцах у адпаведнасці з днямі ўшанавання царквою памяці кожнага святога. Прызначаліся для штодзённага чытання.
Узніклі ў Візантыі ў 9 ст. На Русі вядомы з 11 ст., найб. пашыраны ў 16 ст. ў сувязі з умацаваннем ідэалаг. асноў самадзяржаўя і стварэння культу агульнарасійскіх святых. У 1530—40-я г. складзены «Вялікія Чэцці-Мінеі» ў 12 т., у якіх сабраны творы царкоўна-апавядальнай і духоўна-павучальнай л-ры Русі ад пачатку хрысціянства, уключаны шэраг помнікаў стараж.-рус. л-ры. Амаль пасля кожнага жыція або казання змешчана «слова» айцоў царквы ці твор свецкага зместу. У складзе «М.-Ч.» дайшлі спісы каштоўнейшых помнікаў стараж.-рус. л-ры.
На Беларусі вядомы «М.-Ч.» камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльская рукапісная і друкаваная «Мінея агульная», віленская рукапісная (усе 17 ст.).
МІНЕ́ЙКА (Зыгмунт) (Мінейка Газдава Сігізмунд Станіслававіч, псеўд.Баравы, 1840, в. Зялёны Бор Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., паводле інш. звестак Вільня — 27.12.1925),
удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы (1868). У 1861 вёў рэв. агітацыю сярод сялян Ашмянскага пав., у 1863 у атрадах М.Лянгевіча, паўстанцкі ваен. начальнік Ашмянскага пав., камандзір атрада. 3.6.1863 атрад разбіты пад Расолішкамі, М. схоплены і прыгавораны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі ссыльных. У 1865 уцёк за мяжу. З 1891 у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.
МІНЕРАГРА́ФІЯ (ад позналац. minera руда + ...графія),
раздзел мінералогіі, які вывучае руды і рудныя мінералы мікраскапічным даследаваннем іх паліраваных паверхняў (аншліфаў) у адбітым святле. Задачай М. з’яўляецца вывучэнне марфалагічных асаблівасцей руд (будовы рудных мас і асобных крышт. зярнят), іх рэчыўнага саставу, узроставых суадносін мінер. агрэгатаў, паслядоўнасці ўтварэння асобных мінералаў, з’яў метамарфізму ў рудах. Выкарыстоўваюцца метады: фіз. (вывучэнне адбівальнай здольнасці мінералу, дысперсіі паглынання і праламлення святла, з’явы палярызацыі, вымярэнне мікрацвёрдасці, магнітнасці і інш.) і хім. (кропельны мікрахім., лазерны спектраграфічны, мікрарэнтгенаспектральны і інш.). М. ў комплексе з інш.геал. даследаваннямі дапамагае высветліць гісторыю працэсаў рудаўтварэння і выявіць заканамернасці ў фарміраванні радовішчаў карысных выкапняў.
гармоны кары наднырачнікаў, якія рэгулююць водна-салявы абмен у арганізме чалавека і жывёл. Па хім. прыродзе — кортыкастэроіды. Да М. адносяць альдастэрон (найб. актыўны) і 11-дэзоксікортыкастэрон. Пад уплывам М. затрымліваецца выдзяленне іонаў натрыю, хлору і вады ныркамі, павялічваецца выдзяленне іонаў калію і кальцыю з мачой, узмацняюцца анабалічныя працэсы. Пры павышанай прадукцыі М. у арганізме з’яўляюцца ацёкі, павышаецца артэрыяльны ціск, узнікае гіпакаліямія і інш. Пры недахопе М. павялічваецца выдзяленне натрыю і вады, што вядзе да абязводжвання арганізма. Сінт. прэпарат М. — дэзоксікортыкастэрону ацэтат выкарыстоўваюць для лячэння наднырачнай недастатковасці.