МІЭЛАГРА́ФІЯ [грэч. myelos (касцявы) мозг + ...графія],
метад рэнтгенаграфіі спіннога мозга пасля ўвядзення кантрастнага рэчыва ў падпавуцінную прастору. Ужываецца пры запаленчых працэсах абалонак спіннога мозга, пухлінах спіннога мозга ці яго абалонак і інш. Дае магчымасць вызначыць характар паталаг. працэсу, яго ўзровень і працягласць.
У.І.Грынюк.
т. 10, с. 493
МІЭЛАЦЫ́ТЫ [ад грэч. myelos (касцявы) мозг + ...цыт(ы)],
адна з форм клетак крывятворнай (міэлоіднай) тканкі чырвонага касцявога мозгу ў пазваночных. Утвараюцца са ствалавых крывятворных клетак, праходзяць стадыі міэлабласту і праміэлацыту. З М. развіваюцца зярністыя лейкацыты (гранулацыты). У норме М. ў кроў не паступаюць, але могуць з’яўляцца пры паталаг. працэсах (напр., лейкозах).
т. 10, с. 493
МІЭЛІ́Н [ад грэч. myelos (касцявы) мозг],
тлушчападобнае рэчыва, якое ўкрывае большасць аксонаў ц. н. с. і перыферычных нерваў. Уяўляе сабой ліпапратэінавы комплекс, які складаецца з фосфаліпідаў, глікаліпідаў, халестэрыну і бялку. У ц. н. с. М. утвараецца алігадэндрагліацытамі, у перыферычных нервах — шванаўскімі клеткамі. Гэтыя клеткі ўдзельнічаюць ва ўтварэнні міэлінавай абалонкі, укрываючы асобны участак нерв. валакна спіральнымі слаямі. Утварэнне М. пачынаецца з 4-месячнага ўнутрывантробнага развіцця і працягваецца да дарослага стану чалавека.
М.К.Недзьведзь.
т. 10, с. 494
МІЭЛІ́Т [грэч. myelos (спінны) мозг],
запаленне спіннога мозга. Адрозніваюць М. першасны (выклікаецца нейратропнымі вірусамі) і другасны (ускладненні агульнаінфекц. захворванняў — адзёру адру*, дызентэрыі, тыфу, шкарлятыны і інш.), траўматычны (траўмы спіннога мозга, раненні пазваночніка), таксічны (пры цяжкіх атручэннях). Першасны ачаговы М. развіваецца востра, з т-рай, болем у спіне, расстройствам функцый нерв. сістэмы. Пры гібелі нерв. клетак узнікаюць вялыя паралічы, спастычныя парэзы і інш. Трапляюцца ацёкі, пролежні і інш. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., пры паралічах — артапедычныя ўкладкі.
т. 10, с. 494
МІЭЛО́МНАЯ ХВАРО́БА [ад грэч. myelos (касцявы) мозг + ōma канчатак у назвах пухлін],
міэламатоз, плазмацытома, Рустыцкага—Калера хвароба, злаякасная пухлінная хвароба крывятворных органаў чалавека з дыфузным ці вузлаватым разрастаннем плазматычных клетак. Суправаджаецца болямі ў касцях, спантаннымі пераломамі, дэструкцыяй пазванкоў, ключыц, рэбраў і інш., павялічваюцца селязёнка і печань. Пры М.х. парушаецца бялковы і мінер. абмен, адбываюцца змены. ў крывятворнай, мочавыдзяляльнай сістэмах; у крыві павялічваецца колькасць кальцыю. Лячэнне: цыстастатычныя прэпараты, гармоны, прамянёвая тэрапія, пераліванне крыві.
М.І.Федзюковіч.
т. 10, с. 494