Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІМ (ад грэч. mimos пераймальнік, перайманне),

1) камедыйны жанр у ант. нар. т-ры; кароткія імправізаваныя сцэнкі сатыр. ці быт. зместу з выкарыстаннем мімікі, жэстаў, акрабатыкі, танца, песні, імправізаванага тэксту. Узнік у Стараж. Грэцыі ў 5 ст. да н.э., у эліністычную эпоху (4—3 ст. да н.э.) пашырыўся на Б. Усход, у 1 ст. да н.э. вядомы ў Стараж. Рыме. Першую літ. апрацоўку атрымаў у творчасці паэта Сафрона і яго сына Ксенарха, росквіту дасягнуў у творчасці Дэцыма Лаберыя і Публілія Сіра. Паўплываў на л-ру (дыялогі Платона, ідыліі Феакрыта), сярэдневяковыя фарсы і італьян. камедыю дэль артэ.

2) Акцёр ці актрыса, выканаўцы М.

3) У сучасным т-ры — акцёр пантамімы.

т. 10, с. 376

МІ́МАС,

спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр каля 390 км. Адлегласць ад Сатурна 186 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 22 гадз 36,5 мін. Адкрыты У.Гершэлем (1789).

т. 10, с. 377

МІ́МІКА (ад грэч. mimikos пераймальны),

выразныя рухі мышцаў твару; адна з форм выяўлення пачуццяў, настрою чалавека. Адрозніваюць М. міжвольную і свядомую (М. акцёра). У тэатры М. — важны элемент акцёрскага мастацтва; дапамагае акцёру стварыць сцэн. вобраз, выявіць псіхал. характарыстыку, фізічны і душэўны стан персанажа. На М. пабудавана мастацтва пантамімы.

т. 10, с. 377

МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),

адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.

У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.

Да арт. Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).

т. 10, с. 377

МІМО́ЗА (Mimosa),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 400—500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, некат. віды — у Афрыцы і Азіі. На Беларусі — у аранжарэях.

Шматгадовыя травы, кусты (часам ліяны), дрэвы, часта з калючкамі. Лісце двойчыперыстае. У некат. відаў (напр., вечназялёнага кусціка М. сарамлівай (M. pudica)] лісце здольнае да рухаў (настый). пры дакрананні ці наступленні цемнаты складваецца і апускаецца. Кветкі дробныя, у галоўчатых або коласападобных суквеццях. Плод — боб, пры выспяванні распадаецца на членікі. М. няправільна называюць акацыю серабрыстую.

Мімоза сарамлівая.

т. 10, с. 377