Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІФ (ад грэч. mithos паданне),

сказанне ці паданне з фантаст. вобразамі багоў, легендарных герояў, падзей і г.д., якое ўзнікла на ранніх этапах развіцця грамадства. Гл. ў арт. Міфалогія.

т. 10, с. 478

МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В. Грым, А.​Кун (Германія), М.​Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.​М.​Афанасьеў, Ф.​І.​Буслаеў, А.​Ф.​Мілер, А.​А.​Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел. нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.​А.​Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж. бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 10, с. 478

МІФАЛАГІ́ЧНЫ ЖАНР,

жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны героям і падзеям, прадстаўленым у міфах стараж. народаў. Творам М.ж. звычайна ўласцівы сімвалічнасць вобразаў (багоў, герояў, духаў і інш.), семантычная ўмоўнасць, своеасаблівая трансфармацыя прасторы і часу, ілюстратыўная апавядальнасць раскрыцця зместу міфа. У мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. яго кампазіцыі набылі большую вобразную і сэнсавую самастойнасць, часта змяшчаюць аўтарскія міфалагічныя мадэлі. Генезіс М.ж. цесна звязаны з біблейскім, а таксама гіст. і фантаст. жанрамі, традыц. нар. мастацтвам.

Вытокі М.ж. ў першабытным мастацтве. Вял. ролю ў яго станаўленні мела мастацтва Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Міфы былі асновай традыц. мастацтва народаў Усходу, Афрыкі і Акіяніі. У эпоху сярэднявечча ў межах М.ж. склаліся сістэмы культавага мастацтва асн. рэліг. канфесій. Як жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, што было абумоўлена цікавасцю да ант. культуры. Праз сюжэты міфаў мастакі ўвасаблялі складаныя этычныя, часта алегарычныя падтэксты (творы С.​Батычэлі, Дж.​Беліні, П.​Веранезе, Данатэла, Джарджоне, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Тыцыян Б.​Чэліні ў Італіі, Х.​Босха, Х. ван дэр Гуса, Р.​Кампена ў Нідэрландах, Л.​Кранаха Старэйшага ў Германіі і інш.). У 17—19 ст. у стылях класіцызму, ракако, рамантызму М.ж. стаў нормай высокага, ідэальнага мастацтва (Ж.​Л.​Давід, Ж.А.​Д.​Энгр, Н.​Пусэн у Францыі, В.​Сяроў, Д.​Веласкес у Іспаніі, П.​П.​Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі, А.​Канова ў Італіі, І.​Мартас, А.​Іванаў у Расіі і інш.). Ў 19—20 ст. разам з тэмамі ант. міфалогіі пашырыліся тэмы герм., кельцкіх, інд., слав. міфаў. У 20 ст. набыў сучаснае пераасэнсаванне ў стылях сімвалізму і мадэрну (М.​Дэні ў Францыі, В.​Сяроў, М.​Урубель у Расіі), а таксама ў творах мастакоў А.​Бурдэля, А.​Маёля, П.​Пікасо (Францыя), Д.​Рыверы, Д.​Сікейраса (Мексіка), Дж.​Дэ Кірыка (Італія), С.​Далі (Іспанія), Г.​Каспара, Р.​Кляйна (Германія), С.​Канёнкава, А.​Краўчанкі, М.​Ульянава, С.​Рамановіча (Расія) і інш.

На Беларусі найб. раннія элементы М.ж. ўвасоблены ў мастацтве першабытнага ладу і звязаны са слав. міфалогіяй. Пасля прыняцця хрысціянства яны захаваліся ў некаторых творах дэкар.-прыкладнога мастацтва і ў традыц. нар. мастацтве. З пашырэннем класіцызму і рамантызму адбыўся новы ўздым цікавасці да міфалагічных тэм. У 18 ст. да М.ж. звярталіся мастакі В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, К.​Ельскі, К.​Рыпінскі, у 19 — пач. 20 ст. — А.​Гараўскі, Г.​Дмахоўскі, Б.​Русецкі, Н.​Сілівановіч, І.​Трутнеў, І.​Лавярэцкі, К.​Каганец, Я.​Драздовіч, Ю.​Пэн. У сучасным бел. мастацтве тэмы язычніцкай міфалогіі распрацоўвае С.​Цімохаў. Да М.ж. звяртаюцца Г.​Вашчанка, Г.​Гаравая, А.​Зіменка, У.​Кожух, А.​Ксяндзоў, А.​В.​Кузняцоў, А.​Марачкін і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Міфалагічны жанр. Г.​Вашчанка. Жыцень. 1990.
Да арт. Міфалагічны жанр. Тыцыян. Венера і Адоніс. 1553.

т. 10, с. 478

МІФАЛО́ГІЯ (грэч. mithologia ад mithos паданне + ...логія),

сукупнасць міфаў, стараж. апавяданняў, якія ў фантаст. форме абагульнена адлюстроўваюць жыццё прыроды і людзей: будову Сусвету, паходжанне Зямлі, раслін, жывёл, уяўленні аб гераічных учынках, высокіх чалавечых пачуццях, каханні, вернасці і інш. М. часта знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з рэлігіяй. Гал. яе героямі выступаюць багі. М. ўзнікла ў эпоху абшчынна-радавога развіцця грамадства. Ва ўзнікненні міфаў вял. ролю адыгралі раннія рэліг. ўяўленні — фетышызм, татэмізм, анімізм, магія. Міфалагічныя вобразы эпохі матрыярхату характарызаваліся нязграбнымі формамі (напр., шматгаловыя злыя пачвары). У эпоху патрыярхату зарадзіліся ўяўленні пра гераічных асоб, якія перамагалі злыя сілы. З пераходам людзей да аселага жыцця ўзмацніліся ўяўленні пра адзінства роду, пачаў складвацца культ продкаў і з’явіліся міфы аб продках. Спробы разабрацца ў будучыні прывялі да ўзнікнення эсхаталагічнай М. У раннякласавай абшчыне М. стала алегарычнай формай выражэння рознага роду рэлігій.

Навук. падыход да вывучэння М. ўзнік у эпоху Адраджэння. Аднак да 18 ст. ў Еўропе вывучалася пераважна ант. М. У 18 ст. гіст. тлумачэнне М. даў італьян. філосаф Дж.​Віка. Рамантызм узмацніў цікавасць да М.; пачалося збіранне і пераказванне нар. паданняў, казак і міфаў, стала складвацца міфалагічная шкала, якая тлумачыла міфы як крыніцу нац. культуры. У рамках міфалагічнай школы ў сярэдзіне 19 ст. ўзнік шэраг тэорый: салярна-метэаралагічная вытлумачвала міфы як алегорыю астр. з’яў; тэорыя «ніжэйшай міфалогіі» разглядала міфы як адлюстраванне звычайных з’яў жыцця; прыхільнікі анімістычнай тэорыі лічылі, што міфы — вынік пераносу ўяўленняў аб чалавечай душы на ўсю прыроду; пашыраная ў 19 ст. гісторыка-філалагічная тэорыя разглядала міф як пераасэнсаванне стараж. магічных абрадаў. Асабліва багатая М. была ў стараж. грэкаў (міфы пра Зеўса, Афрадыту, Праметэя і інш.). Даволі развітымі былі М. ў Стараж. Егіпце, Індыі, Міжрэччы, Кітаі і інш Старажытнаслав. М., што зарадзілася ў праславянскія (да сярэдзіны 1-га тыс. в.э.) часы, дыферэнцыравалася па меры рассялення славян ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Паводле функцый герояў і характару іх сувязей з калектывам у слав. М. вылучаюць некалькі ўзроўняў. Вышэйшы іх узровень характарызуецца найб. абагульненым тыпам функцый багоў, іх сувяззю з афіц. культам. Да яго адносяць Перуна, Вялеса і інш., якія ўвабралі ў сябе ваен. і гасп.-прыродную функцыі. Да больш нізкага ўзроўню адносяць багоў, звязаных з гаспадаркай і абрадам, а таксама багоў, што ўвасаблялі цэласнасць замкнёных невял. калектываў (Род, Чур і інш.). Элементы наступнага ўзроўню характарызуюцца большай абстрагаванасцю функцый (Доля, Ліха, Праўда, Смерць, Злыдні і інш.). Да ніжэйшага ўзроўню адносяць класы індывідуалізаванай нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаных з прасторай ад дома да лесу (дамавікі, лесавікі, русалкі, вадзянікі і інш.). У бел. М. пашыраны міфы пра дрэвы (дуб, бярозу, рабіну, явар, каліну), кветкі (зязюльчыны слёзы, папараць-кветку), птушак (зязюлю, бусла, ластаўку, салаўя, дзятла, варону), паходжанне асобных рэк, балот, азёр, узгоркаў і інш., міфалагічныя паданні пра волатаў і курганы-валатоўкі. Багата міфаў, звязаных з Купаллем, з агульнаслав. божаствамі (Перун, Жыжаль, Вялес) і з божаствамі, звязанымі з земляробчым календаром (Зюзя, Ярыла, Цаца, Лёля, Лада, Цёця, Жыцень і інш.).

Літ.:

Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;

Евсюков В.В. Мифы о Вселенной. Новосибирск, 1988;

Грейвс Р. Мифы Древней Греции: Пер. с англ. М., 1992;

Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;

Асов А.И. Мифы и легенды древних славян. М., 1998;

Легенды и мифы Древней Греции и Древнего Рима. СПб., 1998;

Котерелл А. Мифология: Энцикл. справ.: Пер. с англ. Мн., 1999.

М.​А.​Дабрынін, У.​А.​Замкавец.

т. 10, с. 479

МІФУ́НЭ (Тасіра) (1.4.1920, г. Цындао, Кітай — 24.12.1997),

японскі кінаакцёр, прадзюсер. У кіно з 1947 (дэбют у фільме «Па той бок сярэбранага хрыбта»). Здымаўся пераважна ў стужках рэж. А.​Курасавы. Ролі вызначаюцца выразнасцю пластыкі, тэмпераментам, імкненнем да паглыбленага раскрыцця ўнутр. свету герояў, выкарыстаннем традыцый яп. т-ра: Мацунага («П’яны анёл», 1948), Тадзёмару («Расёмон», 1950), Кікуціё («Сем самураяў», 1954), Такэтокі Васідзу («Замак павуціны» паводле «Макбета» У.​Шэкспіра, 1957), Сандзюра («Целаахоўнік», 1961), доктар Нійдзе («Чырвоная барада», 1965, за 2 апошнія прэміі Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. У 1963 заснаваў уласную кінакампанію «Міфунэ-про». З 1970-х г. здымаўся пераважна ў тэлесерыялах сваёй студыі і ў замежных кінастужках.

т. 10, с. 479

«МІ́ФЫ НАРО́ДАЎ СВЕ́ТУ», «Мифы народов мира», галіновае энцыклапедычнае выданне; адна з першых у сусв. навук. практыцы спроб зводнага сістэматызаванага выкладу міфатворчасці народаў свету. Выдадзена ў 1980—82 у 2 тамах у Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя» (2-е выд. 1987—88). Прынцып пабудовы — алфавітны. Уключае больш за 12,2 тыс. артыкулаў, прысвечаных міфалогіям розных народаў і рэгіёнаў, у т. л. абагульняльныя артыкулы пра міфалогію пэўнай краіны або рэгіёна, пра тыпы міфаў, міфалагічныя вобразы і сюжэты, асобныя навук. тэорыі, кірункі і школы ў вывучэнні міфалогіі. Выданне багата ілюстравана.

В.​К.​Шчэрбін.

Энцыклапедыя «Міфы народаў свету». Вокладка.

т. 10, с. 479