МІЯ... [ад грэч. mys (myos) мышца],
састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да мышцаў, напр., міякардыт, міяфібрылы.
т. 10, с. 494
МІЯГЛАБІ́Н (ад мія... + глабін),
складаны бялок мышцаў чалавека і жывёл, які звязвае малекулярны кісларод, што пераносіцца гемаглабінам ад лёгкіх і перадае яго акісляльным сістэмам клетак. Паводле саставу і ўласцівасцей блізкі да гемаглабіну. Ёсць пераважна ў мышцах, якія працуюць рытмічна (напр., сэрца, дыяфрагма, мускульны страўнік птушак). Многа М. ў водных млекакормячых, якія доўгі час не дыхаюць (напр., у дэльфінаў, цюленяў). М. чырв. колеру. Мал. м. 17 000. Малекула М. складаецца з аднаго поліпептыднага ланцуга (каля 150 амінакіслотных рэшткаў) і жалезапарфірынавага комплексу — гема. З кіслародам злучаецца лягчэй за гемаглабін, утварае оксіміяглабін (рэакцыя абарачальная). У чалавека ў складзе оксіміяглабіну да 14% кіслароду ад агульнага яго запасу ў арганізме, у цюленя — 47%.
т. 10, с. 494
МІЯДЗА́КІ,
горад у Японіі, на ПдУ в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Міядзакі. Каля 300 тыс. ж. (1997). Гандл.-размеркавальны цэнтр с.-г. раёна. Прам-сць: харчасмакавая, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, шоўкаматальная, машынабудаўнічая. Ун-т. Археал. музей. Паркі Тацібана і Хэйвайдай.
т. 10, с. 494
МІЯЗІ́Н [ад грэч. mys (myos) мышца],
бялок скарачальных валокнаў мышцаў. Малекула М. складаецца з 2 поліпептыдных ланцугоў, якія скручаны ў спіраль. Мал. м. каля 500 000. Складае 40—60% мышачных бялкоў. З бялком мышцы актынам утварае актаміязін — асн. бялок скарачальнай сістэмы мышцаў. Валодае адэназінтрыфасфатазнай актыўнасцю: ператварае хім. энергію АТФ у мех. энергію мышачнага скарачэння. Уваходзіць таксама ў састаў скарачальных структур інш. эўкарыётных клетак.
т. 10, с. 494
МІЯЗІ́Т (ад мія... + ...іт),
запаленне шкілетных мышцаў чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны; гнойны (напр., флегманозны) і нягнойны (напр., серозны, туберкулёзны і інш.). Асаблівая форма — асіфіцыравальны М., пры якім у тоўшчы мышцаў утвараюцца ўчасткі касцявой тканкі. Суправаджаецца болямі, прыпухласцю, парушэннем функцыі мышцаў. Лячэнне тэрапеўт. і сімптаматычнае (абязбольвальныя сродкі, фізіятэрапія).
т. 10, с. 494
МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),
запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.
т. 10, с. 494
МІЯЛГІ́Я (ад мія... + грэч. algos боль),
боль у мышцах. М. звязваюць з парушэннем пранікальнасці мембран мышачных клетак, ацёкам ці запаленчымі зменамі мышцаў. Боль пры М. бывае востры і тупы. Узнікае пасля пераахаладжэння, мышачнага перанапружання (напр., ператрэніроўка ў спартсменаў, цяжкая фіз. праца), рэзкага руху, траўмы. Пачатковы сімптом многіх хвароб (напр., цукр. дыябету, міязіту, падагры), у т. л. інфекцыйных (напр., грыпу). Лячэнне накіравана на асн. хваробу: анальгетыкі, масаж, іголкатэрапія, электрафарэз.
т. 10, с. 494
МІЯЛО́ГІЯ (ад мія... + ...логія),
раздзел анатоміі, які вывучае будову мышачнай сістэмы. Сістэм. апісанне анатоміі мышцаў зрабіў А.Везалій. На Беларусі даследаванні ў галіне М. праводзяцца ў мед. ін-тах, Акад. фіз. культуры і спорту, Ін-це фізіялогіі Нац. АН (А.С.Дзмітрыеў) і інш. Вывучаюцца пытанні развіцця, гісталагічнай будовы, тапагр. анатоміі, гістахіміі, біяхіміі, фізіялогіі мышачнай сістэмы, яе дзейнасці ў розных умовах.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 494
МІЯНСА́РАВА (Тамара Вартанаўна) (9.6. 1913, Масква — 1.10.1990),
бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла Ерэванскую кансерваторыю (1937). У 1932—44 гал. канцэртмайстар Ерэванскага т-ра оперы і балета. З 1944 канцэртмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1948—85 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодала дасканалай тэхнікай, яе выкананню былі ўласцівы адухоўленасць, эмацыянальнасць. Выступала з вядучымі інструменталістамі і вакалістамі Беларусі, у адкрытых канцэртах. Зрабіла шмат запісаў для тэлебачання, радыё, на грампласцінкі.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 10, с. 494