Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІТА́ (Аляксандр Навумавіч) (н. 28.3. 1933, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Фільмам уласцівы дакладнасць і цэласнасць рэжысёрскай задумы, жанравая разнастайнасць, арганічнае спалучэнне розных, часам кантрастных стылістычных элементаў: «Без страху і папроку» (1963), «Звоняць, адчыніце дзверы» (1966, гал. прэмія Міжнар. фестывалю ў Венецыі), «Кропка, кропка, коска...» (1973), «Масква — любоў мая» (1974, сумесна з Японіяй), «Ззяй, ззяй, мая зорка» (1970), «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа ажаніў» (1976), «Экіпаж» (1980), «Казка вандраванняў» (1983, сумесна з Чэхіяй і Румыніяй), «Запас трываласці», «Крок» (абодва 1988; сумесна з Японіяй), «Згублены ў Сібіры» (1991, сумесна з Вялікабрытаніяй) і інш.

т. 10, с. 475

МІТА́НІ, Ханігальбат, Нахарына,

старажытная дзяржава ў Паўн.-Зах. Месапатаміі ў 16—13 ст. да н.э. Сталіца — г. Вашукані (цяпер г. Расэль-Айн у Сірыі). Насельніцтва хурыты і семіты, афіц. мовамі былі акадская і хурыцкая. Войска М. валодала высокай тэхнікай каляснічнага бою, што дазволіла царам М. аб’яднаць дробныя хурыцкія племянныя групы Месапатаміі і падпарадкаваць семіцкія гарады-дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 16 ст. да н.э., калі валодала тэр. ад узбярэжжа Міжземнага мора і гор Малаазійскага Таўра да ўскраінных гор Ірана. У 15 ст. да н.э. аддала землі на З ад р. Еўфрат Егіпту, наладзіла з ім цесныя гандл. і паліт. сувязі, замацаваныя дынастычнымі шлюбамі. У выніку міжусобнай барацьбы паміж царамі М. і хецкага ўмяшання дзяржава страціла паліт. значэнне. У пач. 13 ст. заваявана Асірыяй, распалася на некалькі княстваў і страціла самастойнасць.

т. 10, с. 476

МІТАТЫ́ЧНАЕ ВЕРАЦЯНО́,

тое, што верацяно дзялення.

т. 10, с. 476

МІТАТЫ́ЧНЫ АПАРА́Т,

часовая структура з кампанентаў клеткі, якая дзеліцца. Ажыццяўляе рух храмасом да полюсаў клеткі і забяспечвае іх раўнамернае размеркаванне паміж даччынымі клеткамі. Мае ў сабе цэнтрыёлі з цэнтрасферамі і верацяно дзялення. Бялкі М.а. (пераважна рыбануклеапратэіды) валодаюць скарачальнымі ўласцівасцямі і па амінакіслотным складзе падобныя да бялкоў мышцаў. Утварэнне пачынаецца ў прафазе мітозу і заканчваецца ў метафазе, разбурэнне — у анафазе. Пашкоджанне М.а. прыводзіць да паталогіі мітозу. Адрозніваюць М.а. астральны (у жывёльных клетках) і анастральны (у раслінных клетках).

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 476

МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),

арганоід клетак эўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.​Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял. стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.

т. 10, с. 476

МІТКЕ́ВІЧ (Рыгор Мікалаевіч) (6.5.1923, в. Дваранінавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 18.10.1959),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1941 на 1-м Бел. фронце. Камандзір стралк. аддзялення сяржант М. вызначыўся на тэр. Польшчы ў жн. 1944 у баях за плацдарм на левым беразе р. Вісла, на тэр. Германіі ў 1945 у лютым пры фарсіраванні р. Одэр і сак. ў баі за населены пункт.

т. 10, с. 476

МІТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Фёдаравіч) (3.8.1872, Мінск — 1.6.1951),

расійскі вучоны ў галіне электратэхнікі, адзін з заснавальнікаў сав. школы тэарэт. электратэхнікі. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1927). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1895). У 1896—1905. у Пецярбургскім горным ін-це, у 1902—38 у політэхн. ін-це (з 1909 праф.), адначасова (у 1921—37) узначальваў Асобае тэхн. бюро па ваен. вынаходствах Наркамата абароны СССР. У 1938—44 у АН СССР (у 1940—42 старшыня секцыі электрасувязі аддз. тэхн. навук). Удзельнічаў у складанні плана ГОЭЛРО. Навук. працы па тэорыі і фіз. асновах электратэхнікі, правадной і бесправадной сувязі, перадачы эл. энергіі. Аўтар падручнікаў па тэарэт. асновах электратэхнікі. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1928. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Избр. труды. М.; Л., 1956;

Физические основы электротехники. 3 изд. Л., 1933;

Магнитный поток и его преобразование. М.; Л., 1946.

Літ.:

Нейман Л.Р. Академик В.​Ф.​Миткевич, его труды и прогрессивные идеи: (К 100-летию со дня рождения) // Электричество. 1972. № 8.

У.Ф.Міткевіч.

т. 10, с. 476

МІТКО́ВІЧ Стахор, стараста магілёўскага цэха саладоўнікаў (з 1591), адзін з кіраўнікоў паўстання 1606—08, гл. ў арт. Магілёўскія паўстанні 1606—10.

т. 10, с. 476

МІТО́З (грэч. mitos нітка),

карыякінез, непрамое дзяленне, асноўны спосаб дзялення эўкарыётных клетак. Забяспечвае строга аднолькавае размеркаванне рэдуплікаваных храмасом паміж даччынымі клеткамі, захоўвае генет. раўнацэннасць клетак і пераемнасць у шэрагу клетачных пакаленняў. У М. ўмоўна вылучаюць некалькі стадый (прафазу, метафазу, анафазу і тэлафазу), якія паступова і бесперапынна пераходзяць адна ў адну. Іх працягласць залежыць ад тыпу тканкі, фізіял. стану арганізма, знешніх фактараў і доўжыцца ад некалькіх мінут да многіх гадзін (у сярэднім 1—2 гадзіны). Перыяд паміж 2 паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі наз. інтэрфазай.

Літ.:

Алов И.А. Цитофизиология и патология митоза. М., 1972.

А.​І.​Ерашоў.

Да арт. Мітоз: 1 — ядро; 2 — храмасома; 3 — цэнтрыёль; 4 — храматыда.

т. 10, с. 476

МІ́ТРА,

у рэлігіях і міфалогіі Стараж. Ірана, Індыі і Мітані (сучасная паўн. Сірыя) бог святла, сонца, праўды, справядлівасці і дагавору, гарант устаноўленых або абумоўленых адносін у свеце і грамадстве. Увасабляе добразычлівы ў адносінах да чалавека бок боскай існасці. З 1 ст. да н.э. культ М. быў пашыраны на тэр. Рым. дзяржавы, у 5 ст. н.э. выцеснены хрысціянствам; паўплываў на фарміраванне хрысц. догматаў, абрадаў і свят.

Мітра забівае быка. Скульптурная група з Пантыкапея (цяпер Керч).

т. 10, с. 476