Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІР,

гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 211 км ад Гродна, 17 км ад чыг. станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак — Мінск. 2,6 тыс. ж. (1998).

Упершыню згадваецца ў гіст. крыніцах пад 1395. З 1486 належаў Іллінічам. З 15 ст. наз. горадам. Каля 1510 быў пабудаваны замак. З 1555 цэнтр Мірскага графства. Пасля 1568 перайшоў да сваякоў Іллінічаў — кн. Радзівілаў. З 1589 у складзе іх Нясвіжскай ардынацыі як асобнае графства. З 1579 карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 17 ст. важны цэнтр рамяства і гандлю, у 18 ст. дзейнічалі палатняныя і суконныя мануфактуры. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У вайну 1812 каля М. адбыліся Мірскі бой 1812 (9—10 ліп.) і бой 10—11 лістапада. У 1828 у выніку дынастычнага шлюбу перайшоў да кн. Вітгенштэйнаў, з 2-й пал. 19 ст. ўласнасць кн. Святаполк-Мірскіх (гл. Мірскія). У 1886 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1897—5401 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Мірскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне больш за 2560 чал. Дзейнічала Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Адбыўся Мірскі бой 1944. З 1956 у Карэліцкім р-не.

Прадпрыемствы харч. (спіртзавод, птушкафабрыка) прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мірскі замкава-паркавы комплекс (16 ст.), Мірскі Мікалаеўскі касцёл (1605), Мірская Троіцкая царква (1533—50). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл. Мірская кераміка).

Літ.:

Гурин М.Ф. Мир: Ист.-экон. очерк. Мн., 1985.

М.​Ф.​Гурын.

т. 10, с. 460

«МІР»,

арбітальная станцыя для палёту вакол Зямлі; праграма яе распрацоўкі і запускаў да яе касм. апаратаў. Створана ў СССР на аснове арбітальнай станцыі (АС) «Салют». Прызначана для працяглай работы касманаўтаў, прыёму экспедыцый, правядзення навук. даследаванняў і эксперыментаў, у т. л. па міжнар. праграмах.

Базавы блок «М.» выведзены на арбіту 20.2.1986; яго даўж. 13 м, дыяметр 4,2 м, маса каля 20 т, аб’ём жылых адсекаў 100 м³. Мае 6 стыковачных вузлоў, што дало магчымасць прыстыкаваць да яго астрафіз. модуль «Квант» (1987), модуль дааснашчэння «Квант-2» (1989), тэхнал. модуль «Крышталь» (1990), даследчыцкі модуль «Спектр» (1995) і навук. модуль «Прырода» (1996). Стыковачны адсек на модулі «Крышталь» дае магчымасць стыкаваць «М.» з касмічным караблём (КК) «Спейс шатл» (ЗША). У арбітальны комплекс могуць уваходзіць 1 ці 2 пілатуемыя КК «Саюз», аўтам. трансп. КК «Прагрэс» і КК «Спейс шатл» (агульная маса каля 250 т; габарытныя памеры па восях 33 × 31 × 27,5 м; аб’ём герметычных памяшканняў больш за 400 м³; энергасілкаванне забяспечваецца сонечнымі батарэямі пл. больш за 100 м²). «М.» і ўсе модулі выводзіліся на арбіту ракетамі-носьбітамі «Пратон». Касманаўты і грузы дастаўляліся КК «Саюз Т-15», «Саюз ТМ-2» — «Саюз ТМ-28», трансп. КК «Прагрэс-М» (Расія) і КК «Аглантыс», «Індэвар», «Дыскаверы» (ЗША). Першы экіпаж «М.» — Л.​Дз.Кізім і У.А.Салаўёў. На станцыі працавалі (да 29.8.1999) 103 касманаўты з 12 краін і Еўрап. касм. агенцтва, у т. л. 41 рас. (сав.) і 62 замежныя (з іх 44 з ЗША) касманаўты. Выканана (на 1.10.1999) 24 міжнар. касм. праграмы, 17 тыс. навукова-тэхн. эксперыментаў, дастаўлена 14 т навук. абсталявання. З жн. 1999 «М.» знаходзіцца ў аўтам. палёце.

У.​С.​Ларыёнаў.

Схема арбітальнай станцыі «Мір»: 1 — сонечныя батарэі; 2 — модуль «Спектр»; 3 — базавы блок; 4 — КК «Прагрэс-М»; 5 — модуль «Квант»; 6 — модуль «Прырода»; 7 — модуль «Квант-2»; 8 — КК «Саюз-ТМ»; 9 — пераходны адсек; 10 — стыковачны адсек; 11 — модуль «Крышталь».

т. 10, с. 460

МІ́РА (лац. Mira літар. дзіўная),

Омікрон Кіта, пераменная зорка экватарыяльнага сузор’я Кіта; першая зорка, у якой выяўлена пераменнасць бляску (1596). Граніцы змены бляску ад 10,1 да 2 зорнай велічыні, перыяд каля 331,5 сут. Звышгігант, у папярочніку ў 400 разоў большы за Сонца.

т. 10, с. 461

МІРА́БІЛІС (Mirabilis),

род кветкавых раслін сям. ніктагінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. ялапа, або начная прыгажуня (M. jalapa).

М. ялапа — кустападобная расліна выш. да 1 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае. Кветкі невял., лейкападобныя, белыя, жоўтыя, чырв., распускаюцца пад вечар і цвітуць да раніцы (адсюль другая назва). Дэкар. расліна.

т. 10, с. 461

МІРАБІЛІ́Т (ад лац. mirabilis дзівосны),

глаўберава соль, мінерал класа сульфатаў, водны сульфат натрыю Na2[SO4]∙10H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя агрэгаты, налёты, скарынкі, зрэдку кароткапрызматычныя крышталі. Бясколерны, празрысты, зрэдку белы. Бляск шкляны. Крохкі. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 1,48 г/см³. Хемагеннага асадкавага паходжання, утвараецца з азёрных і марскіх расолаў пры т-ры ніжэй за 20—25 °C. Сыравіна для содавай, шкляной і лакафарбавай прам-сці; выкарыстоўваецца ў медыцыне. Радовішчы ў Расіі, Туркменістане, ЗША, Мексіцы, Аргенціне і інш.

т. 10, с. 461

МІРАБО́ (Mirabeau) Анарэ Габрыэль дзю Рыкеці

(du Riqueti; 9.3.1749, Біньён-Мірабо, Францыя — 2.4.1791),

палітычны дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Граф. У 1786 накіраваны з сакрэтнай місіяй у Прусію. У 1789 выбраны ў Генеральныя штаты ад трэцяга саслоўя гарадоў Марсель і Экс. Стаў вядомы дзякуючы выкрывальным прамовам супраць абсалютысцкага ладу. Паступова перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, стаў лідэрам буйной буржуазіі, прыхільнікам парламенцкай манархіі. У 1790 заключыў тайнае пагадненне з каралеўскім дваром, за абавязацельствы пагасіць вял. даўгі М. стаў яго сакрэтным агентам. Раптоўна памёр. Пахаваны ў Пантэоне, пасля адкрыцця здрады перапахаваны на могілках для злачынцаў.

т. 10, с. 461

МІРАВО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ,

згода бакоў на спыненне ў любой стадыі суд. працэсу суд. спрэчкі на аснове ўзаемных уступак. Паводле цывільнага працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь магчымасць вырашэння спрэчкі шляхам М.п. суддзя высвятляе і ў працэсе падрыхтоўкі справы да суд. разбору. Кантроль за законнасцю М.п. належыць суду: ён не зацвярджае М.п., калі яно супярэчыць закону або парушае чые-н. правы ці інтарэсы, якія ахоўваюцца законам. Умовы М.п., выкладзеныя бокам у суд. пасяджэнні, заносяцца ў пратакол суд. пасяджэння і падпісваюцца абодвума бакамі. Пры зацвярджэнні М.п. суд выносіць вызначэнне пра спыненне вядзення па справе, у якім указваюцца ўмовы М.п.

З.​І.​Кузьмянкова.

т. 10, с. 462

МІРАВЫ́ ПАСРЭ́ДНІК,

пасада, уведзеная ў Рас. імперыі паводле «Палажэнняў» 19.2.(3.3).1861 аб адмене прыгоннага права для садзейнічання ў правядзенні сялянскай рэформы 1861. Прызначаўся Сенатам па рэкамендацыі губ. улад з мясц. дваран-памешчыкаў (спачатку на 3-гадовы тэрмін, пазней — бестэрмінова). У межах свайго ўчастка (на Беларусі звычайна 5—7 валасцей) М.п. займаўся размежаваннем сял. і панскай зямлі, разбіраў спрэчныя пытанні паміж сялянамі і памешчыкамі, правяраў, зацвярджаў і ўводзіў у дзеянне ўстаўныя граматы, ствараў і кантраляваў органы сял. самакіравання, ажыццяўляў абмежаваную суд. (да ўвядзення міравых судоў) і паліцэйскую ўладу над сялянамі. Інстытут М.п. скасаваны (за выключэннем Закаўказзя і зах. губерняў, у т. л. беларускіх) у 1874, у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. — у 1878, у Віленскай і Гродзенскай — у 1904.

В.​П.​Панюціч.

т. 10, с. 462

МІРАВЫ́ СУД,

ніжэйшае звяно суд. сістэмы шэрагу дзяржаў. Разглядае справы -пра малазначныя злачынствы і правапарушэнні, а таксама дробныя грамадз. спрэчкі паміж прыватнымі асобамі. М.с. звычайна выбіраюцца насельніцтвам і дзейнічаюць у складзе аднаго суддзі (міравы суддзя). Упершыню створаны ў Англіі (14 ст.), потым ў Паўн. Амерыцы (17 ст.), Францыі (канец 18 ст.), Рас. імперыі (2-я пал. 19 ст.).

т. 10, с. 462

МІРАВЫ́ СУДДЗЯ́,

гл. ў арт. Міравы суд.

т. 10, с. 462