Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЁ ((Milhaud) Дарыюс) (4.9.1892, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.6.1974),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык. Чл. франц. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1956). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ш.М.Відора (кампазіцыя), П.Дзюка (дырыжыраванне), у «Схола кантарум» у В.д’Эндзі. У 1916—18 працаваў у Бразіліі. Адзін з чл. «Шасцёркі». Удзельнічаў у рабоце Нар. муз. федэрацыі. У 1939—45 у ЗША. У 1945—62 праф. Парыжскай кансерваторыі. У творчасці напачатку захапляўся фармальным наватарствам, праціўнік рамантызму. Пазней прыйшоў да больш ураўнаважанага стылю. У яго музыцы, нярэдка політанальнай, рытмічна імпульсіўнай, дакладна прасочваецца фалькл. аснова. Сярод твораў: оперы «Эўменіды» (3-я частка трылогіі «Арэстэя» паводле Эсхіла, нап. 1922, трылогія поўнасцю з муз. М. паст. ў 1963), «Няшчасці Арфея» (паст. 1926), «Бедны матрос» (паст. 1927), 3 оперы-мінуткі — «Выкраданне Еўропы» (паст. 1927), «Пакінутая Арыядна» і «Вызваленне Тэсея» (паст. 1928), «Хрыстафор Калумб» (паст. 1930), «Максімілян» (паст. 1932), «Балівар» (паст. 1950), «Давід» (паст. 1955), «Злачынная маці» (паст. 1966); балеты «Бык на даху» (паст. 1920), «Стварэнне свету» (паст. 1923), «Блакітны экспрэс» (паст. 1924), «Званы» (паст. 1946), «Галіна птушак» (1959, паст. 1965); кантаты; хар. сімфонія «Мір на зямлі» (1963); 12 сімфоній (1939—61); канцэрты для інструментаў з арк., камерна-інстр. ансамблі; п’есы для фп.; для аргана; для голасу і фп.; музыка для т-ра і кіно. Аўтар кніг, у т.л. мемуараў (1949).

Літ.:

Филенко Г. Мийо // Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;

Кокорева Л. Д.Мийо: Жизнь и творчество. М., 1986.

т. 10, с. 333

МІЁМА [ад грэч. mys (myos) мышца + ōma канчатак у назвах пухлін],

дабраякасная пухліна з мышачнай тканкі ў чалавека і жывёл. М. з гладкіх мышцаў (леяміёма) развіваецца ў матцы, страўніку, кішэчніку; з папярочна-паласатых (рабдаміёма) узнікае пры парушэннях развіцця з эмбрыянальных клетак у міякардзе і мышцах канечнасцей. Бывае адзіночная і множная. Гл. таксама Пухліны.

М.К.Недзьведзь.

Д.Міё.

т. 10, с. 333

МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т.л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.

Т.Л.Мішчышына.

т. 10, с. 333

МІЁРСКІ РАЁН.

На ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс. км2. Нас. 33,3 тыс. чал. (1998), гарадскога 36%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км2. Цэнтр — г. Міёры. Уключае г. Дзісна, 497 сельскіх населеных пунктаў, 11 сельсаветаў: Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Завуццеўскі, Мікалаёўскі, Новапагосцкі, Павяцкі, Перабродскі, Туркоўскі, Узмёнскі, Чэраскі, Язненскі.

Большая ч. тэр. раёна размешчана ў межах плоскай Полацкай нізіны, паўн.-зах. ч. — на адгор’ях Браслаўскай грады. 80% тэрыторыі на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 211 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Пераброддзе). Агульны нахіл паверхні з Пд на Пн да даліны р. Зах. Дзвіна. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Шмат азёр. Найб. з іх: Абстэрна, Ельня, Набіста, Важа, Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Мёрскае, Шчоўна, Чэрас. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (49,9%), дзярнова-падзолістыя (34%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (9,2%). Пад лесам 26,5% тэр. раёна. Лясныя ўчасткі размеркаваны раўнамерна, пераважна з хвоі, елкі, бярозы, чорнай вольхі, трапляюцца асінавыя, шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя. Пад балотамі 16,6% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Ельня, Мох, Сгрэчна, Буянава, Кіслаўскае 2-е. Заказнікі гідралагічныя рэсп. значэння — Ельня і Балота Мох, мясц. значэння — Жада (Стрэчна), Пожанькі, Жарсцвянка, Крупаўшчына, Ліпаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Дуброва чыстая ў Язненскім лясніцтве; мясц. значэння — астравы Гарадзішча і Церанцейка, валун каля в. Кублішчына, крыніца «Святая вада» каля в. Вісяты.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 84,3 тыс. га, з іх асушаных 33,5 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 23 калгасы, 3 саўгасы, 40 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, ільнаводства; вырошчваюць рапс, кармавыя буракі, бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя, каўбасныя, малочныя вырабы, кансервы садавіна-агароднінныя, рыбныя і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно), камбікормавай, дрэваапр. (піламатэрыялы) прам-сці. Па тэр.. раёна праходзяць: чыгунка Друя—Варапаева; аўтадарогі Браслаў—Полацк, Верхнядзвінск—Шаркаўшчына, Дзісна—Лужкі, Дзісна—Германавічы; нафта- і нафтапрадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія). Суднаходства па Зах. Дзвіне. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач. школ, школа-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, 24 дашкольныя ўстановы, 35 дамоў культуры і клубаў, 42 б-кі, 4 бальніцы, амбулаторыя, 2 паліклінікі, 33 фельч.-ак. пункты, санаторый. Гіст.-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Галомысла; сядзіба (1810—20-я г.) у в. Дзедзіна, царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл (1-я пал. 20 ст.) у в. Ідолта, Мікалаеўская царква (канец 19 ст.) у в. Калінавая, сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Камянполле, Троіцкая царква (пач. 20 ст.) у в. Кублішчына, Троіцкая царква (1774) і сядзіба (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) у в. Лявонпаль, царква (пач. 20 ст.) у в. Ніўнікі, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Новы Пагост, Пакроўская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Сцефанполле, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Узмёны, Крыжаўзвіжанская царква (1864—67) у в. Цвеціна, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Чэрасы, Праабражэнская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Язна. За 0,8 км ад в. Лявонпаль па дарозе на г. Верхнядзвінск, помнік гісторыі — мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 — асн. закона Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Выдаецца газ. «Сцяг працы».

Г.С.Смалякоў.

т. 10, с. 333

МІЁРСКІ УСПЕ́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Міёры Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1907 з цэглы на беразе Мёрскага воз. Манум. 3-нефавы 2-вежавы храм з 5-граннай апсідай, да якой з паўд. боку далучана сакрысція. Фасады будынка з высокім цокалем рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Вось сіметрыі гал. фасада падкрэслена ўваходным парталам і акном-ружай. 3-ярусныя вежы завершаны высокімі шпілямі, раскрапаваны вузкімі нішамі. Вежа-ліхтар завяршае цэнтр. аркатурны шчыт. Нефы перакрыты стральчатымі скляпеннямі.

А.М.Кулагін.

Міёрскі Успенскі касцёл.

т. 10, с. 333

МІЁРЫ, Мёры, Міры, Меры,

горад, цэнтр Міёрскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Мёрскага возера; чыг. станцыя на лініі Друя—Варапаева. За 190 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Дзіснай, Верхнядзвінскам, Браславам, Шаркаўшчынай. 9,3 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца ў 1548 як паселішча ў Браслаўскім пав. ВКЛ. У попісе войска ВКЛ 1567 згадваецца як маёнтак Мёры (назва да 19 ст.). У 18 ст. існавала 5 маёнткаў пад назвай Мёры, якія належалі Мірскім, Перасвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зіновічам, Пуцятам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) М. ў Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1886 у М. 110 ж., у 1903—145 ж. З 1922 М. ў складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр. гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Міёрскага раёна Вілейскай вобл. У Вял. Айч. вайну 3.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. 662 чал. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту разам з партызанамі брыгады імя Калініна Вілейскага злучэння ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. З 1944 у Полацкай, з 1954 у Маладзечанскай, з 1960 у Віцебскай абл. З 7.8.1957 гар. пасёлак, у 1959—1,9 тыс. ж., у 1970—5,7 тыс. ж. З 7.8.1972 горад.

Прадпрыемствы харч., камбікормавай, пач. апрацоўкі лёну прам-сці. Міёрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, курган Славы, помнік Вызвалення. Помнік архітэктуры — Міёрскі Успенскі касцёл (1907).

В.А.Ермалёнак.

т. 10, с. 334