МІЁРЫ, Мёры, Міры, Меры,

горад, цэнтр Міёрскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Мёрскага возера; чыг. станцыя на лініі Друя—Варапаева. За 190 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Дзіснай, Верхнядзвінскам, Браславам, Шаркаўшчынай. 9,3 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца ў 1548 як паселішча ў Браслаўскім пав. ВКЛ. У попісе войска ВКЛ 1567 згадваецца як маёнтак Мёры (назва да 19 ст.). У 18 ст. існавала 5 маёнткаў пад назвай Мёры, якія належалі Мірскім, Перасвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зіновічам, Пуцятам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) М. ў Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1886 у М. 110 ж., у 1903—145 ж. З 1922 М. ў складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр. гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Міёрскага раёна Вілейскай вобл. У Вял. Айч. вайну 3.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. 662 чал. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту разам з партызанамі брыгады імя Калініна Вілейскага злучэння ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. З 1944 у Полацкай, з 1954 у Маладзечанскай, з 1960 у Віцебскай абл. З 7.8.1957 гар. пасёлак, у 1959—1,9 тыс. ж., у 1970—5,7 тыс. ж. З 7.8.1972 горад.

Прадпрыемствы харч., камбікормавай, пач. апрацоўкі лёну прам-сці. Міёрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, курган Славы, помнік Вызвалення. Помнік архітэктуры — Міёрскі Успенскі касцёл (1907).

В.А.Ермалёнак.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)