Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІЛАВА́НАЎ (Аўгусцін Лазаравіч) (н. 16.6.1937, г. Валгаград, Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. З 1962 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы, адначасова з 1970 выкладае ў Бел. АМ. Выканаўца драм. і вострахарактарных роляў. Творчай манеры М. ўласцівы псіхал. дакладнасць характараў, выразны малюнак ролі, тонкае адчуванне стылю і жанравай прыроды твора. Найб. значныя ролі: Тата і Гаспадар («Зацюканы апостал» і «Святая прастата» А.​Макаёнка), Арэшкін («Крыніцы» паводле І.​Шамякіна), Марцін Лютэр («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Восіп («Рэвізор» М.​Гогаля), Кудраш («Навальніца» А.​Астроўскага), Гэлі Гэй («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта), Арнхальм («Жанчына з мора» Г.​Ібсена), Ромул («Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата), Зурыко («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе), Герастрат, Тэўе-малочнік («...Забыць Герастрата!», «Памінальная малітва» Р.​Горына), Шындзін («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана).

Г.​Г.​Коваль.

А.Л.Мілаванаў.
А.Мілаванаў у ролі Ромула.

т. 10, с. 366

МІЛАВІ́ДАЎ (Аляксандр Іванавіч) (1864 — пасля 1933),

гісторык, археограф, бібліёграф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію. Супрацоўнік Віленскай публічнай б-кі, дырэктар музея М.​М.​Мураўёва. Даследаваў помнікі кірылічнага пісьменства, гісторыю правасл. царквы, паўстання 1863—1864, рэліг. сектаў, архіўнай справы. Стаяў на пазіцыях заходнерусізму. Падрыхтаваў да выдання «Архіўныя матэрыялы Мураўёўскага музея, якія датычацца польскага паўстання 1863—1864 гг. у межах Паўночна-Заходняга краю» (ч. 1—2, Вільня, 1913—15; рукапіс 3-га т. ў Гіст. архіве Літвы). Выдаваў каталогі апісанняў старадрукаваных кніг са збораў Вільні. З 1918 на архіўнай рабоце ў Петраградзе.

Тв.:

Описание славяно-русских старопечатных книг Виленской публичной библиотеки (1491—1800 гг.). Вильна, 1908;

Старопечатные славяно-русские издания, вышедшие из западно-русских типографий XVI—XVII вв. Вильна, 1908;

Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки. Его история и состав. Вильна, 1910.

Дз.​У.​Караў.

т. 10, с. 366

МІЛАВІ́ДАЎ (Ігар Мікалаевіч) (18.4.1910, в. Падгароддзе Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1984),

генерал-лейтэнант артылерыі (1966). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік баёў каля воз. Хасан у 1938. У Вял. Айч. вайну на Зах., Волхаўскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: нач. штаба артыл. дывізіі, камандзір артыл. палка, камандуючы артылерыяй дывізіі. Удзельнік Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Уманскай, Яска-Кішынёўскай, Будапешцкай і Венскай аперацый. Да 1969 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 10, с. 367

МІЛАВІ́ДСКАЯ БІ́ТВА 1863.

Адбылася паміж паўстанцамі і рас. войскамі ў час паўстання 186364 у Польшчы, Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая 1863 каля в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі р-н) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў (каля 800 чал.), лагер якіх знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст — Бабруйск. Камандаваў аб’яднанымі сіламі А.Лянкевіч. На ліквідацыю гэтых атрадаў былі накіраваны царскія войскі са Слоніма і Нясвіжа. З чэрв. яны з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі, адступілі на зыходныя пазіцыі. Назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер (іх страты — 18 чал.). На месцы пахавання рас. салдат устаноўлены чыгунны крыж, на месцы пахавання паўстанцаў — Мілавідская мемарыяльная капліца. У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 мілавідскай школе прысвоена імя А.​Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

Літ.:

Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: Материалы и док. М., 1965;

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;

Супрун В. Бітва пад Мілавідамі // Беларусь. 1973. № 5.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 367

МІЛАВІ́ДСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1890—1914 у в. Мілавіды Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Вырабляла дошкі. Мела паравую машыну (20 к.с.), з 1913 лакамабіль (17 к.с.). У 1900—02 працавала 89 чал., выраблена дошак на 6,5 тыс. руб.

т. 10, с. 367

МІЛАВІ́ДСКАЯ МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму на Брэсцкай шашы, за 1,5 км ад в. Мілавіды Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1930—33 у памяць» пра Мілавідскую бітву 1863 у час паўстання 1863—64. Капліца — цэнтрычнае збудаванне: на квадратным у плане цокалі ўстаноўлены 4 калоны, якія нясуць пліту антаблемента; у завяршэнні сферычны гранёны купал з ажурным крыжам. Унутр. прастора абмежавана міжкалоннымі арачнымі прасценкамі. На цокалі і пастаменце — памятныя надпісы.

А.​М.​Кулагін.

Мілавідская мемарыяльная капліца.

т. 10, с. 367

МІЛАВІ́ДЫ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 37 км на ПдЗ ад г. Баранавічы, 208 км ад Брэста, 11 км ад чыг. ст. Лясная. 864 ж., 365 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Памятны знак у гонар 125-годдзя Мілавідскай бітвы 1863. Помнікі архітэктуры — Мілавідская мемарыяльная капліца і паштовая станцыя (1843).

т. 10, с. 367

«МІЛАВІ́ЦА»,

швейнае прадпрыемства. Засн. ў 1990 як швейная фірма на базе Мінскага вытв. швейнага аб’яднання «Камсамолка» (дзейнічала з 1970). З 1991 закрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): штодзённая і функцыянальная начная бялізна, купальныя касцюмы. У складзе «М.» гандл. дом і сетка фірменных магазінаў у абл. гарадах Беларусі.

т. 10, с. 367

МІЛАГРА́Д,

комплекс археал. помнікаў мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры каля в. Мілаград Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча 4 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, слупавыя і гасп. ямы, фрагменты посуду, бронзавыя трохвугольныя падвескі, бранзалетападобныя кольцы, фібулы, званочкі, жал. сярпы, каменная зерняцёрка, гліняныя прасліцы, грузілы і інш. Ад гарадзішча атрымала назву мілаградская культура. На селішчы выяўлены рэшткі жытлаў, фрагменты познамілаградскай керамікі і адзінкавыя абломкі зарубінецкага посуду.

т. 10, с. 367

МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.

Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.

Літ.:

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.

т. 10, с. 367