Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЖАЗЁРНЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Створаны ў 1977 (воз. Воласа ўключана ў заказнік у 1986) з мэтай захавання прыроднага комплексу Бел. Паазер’я і воз. Воласа з рэліктавымі відамі ракападобных. Пл. 982 га. З 1995 у складзе нац. парку Браслаўскія азёры.

Займае цэнтр. ч. перашыйка паміж азёрамі Снуды, Воласа Паўн. і Воласа Паўд. Рэльеф з озавых, камавых і марэнных град і ўзгоркаў укрыты хваёвым лесам, растуць таксама бяроза, дуб, елка, у падлеску — брызгліна, ляшчына, рабіна, ядловец. Больш за 420 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. У басейнах азёр расце хвошч стракаты, занесены ў Чырв. кнігу. Водная расліннасць займае каля 40% плошчы азёр, у асноўным харавыя водарасці да глыб. 7,5 м, прымешваюцца макрафіты — трыснёг, чарот, рдзест, эладэя канадская, рагаліснік, разак. У фітапланктоне 44 віды водарасцяў, у зоапланктоне 69 відаў жывёл, у заабентасе 24 віды. У іхтыяфауне 20 відаў рыб, у т.л. сняток, рапушка, шчупак, лешч, лінь, акунь і інш. 4 рэліктавыя віды ракападобных: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда, а таксама рак шыракапальцы, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.І.Лабанок.

т. 10, с. 334

МІЖАМЕРЫКА́НСКІЯ КАНФЕРЭ́НЦЫІ,

канферэнцыі амер. дзяржаў, якія склікаліся для вырашэння найважнейшых паліт. праблем кантынента ў 1889—1967. Да 1948 наз. Міжнар. канферэнцыі амер. дзяржаў (Панамер. канферэнцыі). Адбылося 10 чарговых (1889, Вашынгтон; 1901—02, Мехіка; 1906, Рыо-дэ-Жанейра; 1910, Буэнас-Айрэс; 1923, Сант’яга; 1928, Гавана; 1933, Мантэвідэо; 1938, Ліма; 1948, Багата; 1954, Каракас) і 3 надзвычайныя (1964, Вашынгтон; 1965, Рыо-дэ-Жанейра; 1967, Буэнас-Айрэс) М.к. У 1948—70 М.к. — вышэйшы орган Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.

т. 10, с. 334

МІЖАМЕРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (МБР),

міждзяржаўны рэгіянальны банк для крэдытавання праграм развіцця краін Лац. Амерыкі. Засн. ў 1959. Праўленне ў Вашынгтоне. 44 дзяржавы-члены. Статутны капітал 34 млрд. дол. ЗША. 34,5% галасоў належыць ЗША. Крэдытныя рэсурсы МБР мабілізуюцца пераважна з міжнар. рынку капіталу.

т. 10, с. 334

МІЖАСТРАЎНО́Е МО́РА,

мора, размешчанае сярод астравоў, парогі і мелкаводдзі паміж якімі перашкаджаюць свабоднаму водаабмену з адкрытай часткай акіяна. Звычайна мелкаводныя. Амаль усе знаходзяцца сярод астравоў Малайскага архіпелага (найб. з іх Яванскае, Банда, Сулавесі).

т. 10, с. 334

МІЖБА́НКАЎСКІЯ РАЗЛІ́КІ,

плацяжы, якія звычайна ажыццяўляюцца шляхам пералічэння грашовых сродкаў на рахунак іх атрымальніка або шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. Ажыццяўляюцца пры дапамозе банкаўскіх аперацый, гал. чынам крэдытных, якія выкарыстоўваюцца для замены наяўных грошай у плацежным абарачэнні безнаяўнымі разлікамі. Маюць важнае значэнне ў рэгуляванні грашовага абарачэння, стварэнні банкаўскіх рэсурсаў, ажыццяўленні кантролю за працай гасп. суб’ектаў, скарачэнні выдаткаў абарачэння. Асн. формамі разліку паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі за адгружаныя або адпушчаныя тавара-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы або аказаныя паслугі з’яўляюцца таварны акрэдытыў, разлікі па інкаса, пераводы і інш. Гл. таксама Акцэпт, Міжнародныя разлікі.

У.Р.Залатагораў.

т. 10, с. 334

МІЖБА́НКАЎСКІ РЫ́НАК,

частка фін. рынку дзяржавы, куды прыцягваюцца і дзе размяркоўваюцца паміж банкамі часова свабодныя грашовыя рэсурсы крэдытных устаноў. Ажыццяўляюцца аперацыі пераважна ў форме міжбанкаўскіх дэпазітаў на кароткі тэрмін (найчасцей на 1, 3 і 6 месяцаў, гранічныя — ад 1 да 2, часам да 5 гадоў). Сродкі М.р. выкарыстоўваюцца банкамі і для сярэдне- і доўгатэрміновых актыўных аперацый, рэгулявання балансаў, выканання патрабаванняў рэгулюючых органаў. М.р. побач з уліковым рынкам, дзе абарачаецца значная маса кароткатэрміновых каштоўных папер, гал. характарыстыка якіх — высокая ліквіднасць і мабільнасць, і валютным, дзе на аснове попыту і прапановы адбываецца купля-продаж валют, складаюць аснову грашовага рынку як часткі рынку пазыковых капіталаў. Банкі ж з’яўляюцца пасрэднікамі паміж пазыковымі і функцыянуючымі пазычальнікамі, накопліваюць вял. свабодныя грашовыя сродкі і даюць крэдыты прадпрымальнікам, дзяржаве, інш. юрыд. і фіз. асобам.

У.Р.Залатагораў.

т. 10, с. 334

МІЖВУЗЕ́ЛЛЕ ў біялогіі,

участак сцябла паміж двума сумежнымі вузламі парастка. У пупышцы М. не развітыя, вузлы цесна збліжаны. Пры росце парастка яны падаўжаюцца ў выніку дзейнасці ўставачных (інтэркалярных) мерыстэм (роставыя парасткі дрэў, кветаносныя парасткі траў). Застаюцца вельмі кароткімі ці адсутнічаюць М. ў некат. суквеццяў (кошык, парасонік), разетачных раслін (напр., дзьмухавец, трыпутнік), укарочаных парасткаў дрэў (бяроза, яблыня).

т. 10, с. 334

МІЖГАЛАКТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

прастора паміж галактыкамі разам з матэрыяй, якая ў ёй знаходзіцца (разрэджаны газ, касмічныя прамяні, эл.-магн., у асноўным рэліктавае выпрамяненне і інш. У М.а. выяўлены вял. воблакі атамарнага вадароду, не звязаныя з галактыкамі; яны маюць форму дыскаў і змяшчаюць да 10​14 сонечных мас газу. Магчыма, воблакі з’яўляюцца асяроддзем, у якім фарміруюцца скопішчы галактык. Ад шчыльнасці М.а. можа залежаць характар эвалюцыі Сусвету (гл. Касмалогія), але дакладнае значэнне шчыльнасці пакуль не вызначана (па некат. меркаваннях яно меншае за 10​−29 г/см³).

А.А.Шымбалёў.

т. 10, с. 334

МІЖГАРО́ДНЯЯ СУ́ВЯЗЬ,

тое, што далёкая сувязь.

т. 10, с. 334

МІЖГАСПАДА́РЧАЕ КААПЕРАВА́ННЕ,

гл. ў арт. Каапераванне вытворчасці.

т. 10, с. 335