МІЖАЗЁРНЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Створаны ў 1977 (воз. Воласа ўключана ў заказнік у 1986) з мэтай захавання прыроднага комплексу Бел. Паазер’я і воз. Воласа з рэліктавымі відамі ракападобных. Пл. 982 га. З 1995 у складзе нац. парку Браслаўскія азёры.

Займае цэнтр. ч. перашыйка паміж азёрамі Снуды, Воласа Паўн. і Воласа Паўд. Рэльеф з озавых, камавых і марэнных град і ўзгоркаў укрыты хваёвым лесам, растуць таксама бяроза, дуб, елка, у падлеску — брызгліна, ляшчына, рабіна, ядловец. Больш за 420 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. У басейнах азёр расце хвошч стракаты, занесены ў Чырв. кнігу. Водная расліннасць займае каля 40% плошчы азёр, у асноўным харавыя водарасці да глыб. 7,5 м, прымешваюцца макрафіты — трыснёг, чарот, рдзест, эладэя канадская, рагаліснік, разак. У фітапланктоне 44 віды водарасцяў, у зоапланктоне 69 відаў жывёл, у заабентасе 24 віды. У іхтыяфауне 20 відаў рыб, у т.л. сняток, рапушка, шчупак, лешч, лінь, акунь і інш. 4 рэліктавыя віды ракападобных: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда, а таксама рак шыракапальцы, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.І.Лабанок.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)