МІЁ (Milhaud) Дарыюс

(4.9.1892, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.6.1974),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык. Чл. франц. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1956). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ш.М.Відора (кампазіцыя), П.Дзюка (дырыжыраванне), у «Схола кантарум» у В.д’Эндзі. У 1916—18 працаваў у Бразіліі. Адзін з чл. «Шасцёркі». Удзельнічаў у рабоце Нар. муз. федэрацыі. У 1939—45 у ЗША. У 1945—62 праф. Парыжскай кансерваторыі. У творчасці напачатку захапляўся фармальным наватарствам, праціўнік рамантызму. Пазней прыйшоў да больш ураўнаважанага стылю. У яго музыцы, нярэдка політанальнай, рытмічна імпульсіўнай, дакладна прасочваецца фалькл. аснова. Сярод твораў: оперы «Эўменіды» (3-я частка трылогіі «Арэстэя» паводле Эсхіла, нап. 1922, трылогія поўнасцю з муз. М. паст. ў 1963), «Няшчасці Арфея» (паст. 1926), «Бедны матрос» (паст. 1927), 3 оперы-мінуткі — «Выкраданне Еўропы» (паст. 1927), «Пакінутая Арыядна» і «Вызваленне Тэсея» (паст. 1928), «Хрыстафор Калумб» (паст. 1930), «Максімілян» (паст. 1932), «Балівар» (паст. 1950), «Давід» (паст. 1955), «Злачынная маці» (паст. 1966); балеты «Бык на даху» (паст. 1920), «Стварэнне свету» (паст. 1923), «Блакітны экспрэс» (паст. 1924), «Званы» (паст. 1946), «Галіна птушак» (1959, паст. 1965); кантаты; хар. сімфонія «Мір на зямлі» (1963); 12 сімфоній (1939—61); канцэрты для інструментаў з арк., камерна-інстр. ансамблі; п’есы для фп.; для аргана; для голасу і фп.; музыка для т-ра і кіно. Аўтар кніг, у т.л. мемуараў (1949).

Літ.:

Филенко Г. Мийо // Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;

Кокорева Л. Д.Мийо: Жизнь и творчество. М., 1986.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)