МІТА́НІ, Ханігальбат, Нахарына,
старажытная дзяржава ў Паўн.-Зах. Месапатаміі ў 16—13 ст. да н.э. Сталіца — г. Вашукані (цяпер г. Расэль-Айн у Сірыі). Насельніцтва хурыты і семіты, афіц. мовамі былі акадская і хурыцкая. Войска М. валодала высокай тэхнікай каляснічнага бою, што дазволіла царам М. аб’яднаць дробныя хурыцкія племянныя групы Месапатаміі і падпарадкаваць семіцкія гарады-дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 16 ст. да н.э., калі валодала тэр. ад узбярэжжа Міжземнага мора і гор Малаазійскага Таўра да ўскраінных гор Ірана. У 15 ст. да н.э. аддала землі на З ад р. Еўфрат Егіпту, наладзіла з ім цесныя гандл. і паліт. сувязі, замацаваныя дынастычнымі шлюбамі. У выніку міжусобнай барацьбы паміж царамі М. і хецкага ўмяшання дзяржава страціла паліт. значэнне. У пач. 13 ст. заваявана Асірыяй, распалася на некалькі княстваў і страціла самастойнасць.
т. 10, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)