МІНЕРАЛАКАРТЫКО́ІДЫ,
гармоны кары наднырачнікаў, якія рэгулююць водна-салявы абмен у арганізме чалавека і жывёл. Па хім. прыродзе — кортыкастэроіды. Да М. адносяць альдастэрон (найб. актыўны) і 11-дэзоксікортыкастэрон. Пад уплывам М. затрымліваецца выдзяленне іонаў натрыю, хлору і вады ныркамі, павялічваецца выдзяленне іонаў калію і кальцыю з мачой, узмацняюцца анабалічныя працэсы. Пры павышанай прадукцыі М. у арганізме з’яўляюцца ацёкі, павышаецца артэрыяльны ціск, узнікае гіпакаліямія і інш. Пры недахопе М. павялічваецца выдзяленне натрыю і вады, што вядзе да абязводжвання арганізма. Сінт. прэпарат М. — дэзоксікортыкастэрону ацэтат выкарыстоўваюць для лячэння наднырачнай недастатковасці.
М.К.Кеўра.
т. 10, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)