МІНЕ́ЙКА Уладзімір Андрэевіч

(н. 19.8.1925, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), у 1951—56 вучыўся ў В.Волкава. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Змястоўнасцю вызначаюцца палотны «У школу» (1960), «На сваёй зямлі» (1967), «Трывожнае юнацтва» (1970), «Сейбіты» (1972), «Мая маці» (1974), «Ленінград. 1942» (1980), «На Палессі» (1981), «Мінск. 1946 год» (1984), «Зорка Венера», «Вяртанне» (абодва 1987), «Памяці брата. Блакада Ленінграда. 1942» (1994). Унутранай энергіяй пры вонкавай стрыманасці адметныя партрэты Ю.Сушко, В.Барысевіча (абодва 1973), Б.Крэпака (1974), А.Чарвякова (1980), Я.Купалы (1985), «В.Волкаў і яго вучні» (1992), серыя партрэтаў «Мастакі Беларусі» (1990—94). Аўтар лірычных пейзажаў «Вясна» (1960), «Фарбы восені» (1970), «Каля возера» (1983), і інш., серый «Васілевіцкая ДРЭС» (1960), «Радзіма Я.Коласа» (1965), «Мая Міншчына» (1970), «Маё Палессе» (1973), «Пейзажы Беларусі» (1997), нацюрмортаў.

П.В.Масленікаў.

У.Мінейка. Мая маці. 1974.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)