МІНЕРАГРА́ФІЯ (ад позналац. minera руда + ...графія),

раздзел мінералогіі, які вывучае руды і рудныя мінералы мікраскапічным даследаваннем іх паліраваных паверхняў (аншліфаў) у адбітым святле. Задачай М. з’яўляецца вывучэнне марфалагічных асаблівасцей руд (будовы рудных мас і асобных крышт. зярнят), іх рэчыўнага саставу, узроставых суадносін мінер. агрэгатаў, паслядоўнасці ўтварэння асобных мінералаў, з’яў метамарфізму ў рудах. Выкарыстоўваюцца метады: фіз. (вывучэнне адбівальнай здольнасці мінералу, дысперсіі паглынання і праламлення святла, з’явы палярызацыі, вымярэнне мікрацвёрдасці, магнітнасці і інш.) і хім. (кропельны мікрахім., лазерны спектраграфічны, мікрарэнтгенаспектральны і інш.). М. ў комплексе з інш. геал. даследаваннямі дапамагае высветліць гісторыю працэсаў рудаўтварэння і выявіць заканамернасці ў фарміраванні радовішчаў карысных выкапняў.

Я.І.Аношка.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)