Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАПЕРУ́ЗА ПРАЛІ́Ў Паміж а-вамі Сахалін (Расія) і Хакайда (Японія). Злучае Ахоцкае і Японскае моры. Даўж. 94 км, найменшая шыр. 43 км, глыб. 27—118 м. Моцныя прыліўна-адліўныя цячэнні. Зімой укрыты лёдам. Марскі шлях паміж г. Уладзівасток, партамі Ахоцкага і Берынгава м. і Ціхім ак. Порт — Ваканай (Японія). Названы імем франц. мараплаўца Ж.Ф.Лаперуза.

т. 9, с. 132

ЛА́ПІКАЎ Іван Герасімавіч

(7.7.1922, с. Горны Балыклей Дубоўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 5.5.1993),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1982). Вучыўся ў Харкаўскім тэатр. вучылішчы (1939—41). Працаваў у Валгаградскім т-ры. З 1954 у кіно. Выканаўца драм. роляў, майстар эпізоду, ёмістай і дакладнай абрысоўкі героя. Лепшыя ролі: у кінафільмах — Сямён Трубнікаў («Старшыня», 1964), салдат Краюшкін («Хвіліна маўчання»), манах Кірыл («Андрэй Рублёў», абодва 1971), Сляпцоў («Нечаканы госць», 1972), старшына Папрышчанка («Яны змагаліся за Радзіму», 1975), Панцялей («Стэп», 1977), Ерафеіч («Фронт за лініяй фронту», 1978; «Фронт у тыле ворага», 1982), дзед Селіван («Крыніца», 1982) і інш.; у тэлефільмах — Панкрат («Вечны кліч», 1976—83), Міхаіл Ермакоў («Мой лёс», 1973) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1973. Дзярж. прэмія СССР 1979.

Літ.:

Смелков Ю.С. И.Лапиков. М., 1976.

т. 9, с. 132

ЛАПІ́ЛІ

(ад лац. lapillus каменьчык),

дробныя кавалачкі порыстай вулканічнай лавы. Форма круглаватая або вуглаватая. Памеры ад 2 да 50 мм. Выкідваюцца пры вывяржэнні вулкана і зацвердзяваюць у паветры. Складаюцца з свежых, радзей са старых лаў, не характэрных для вулкана парод, або крышталёў.

т. 9, с. 133

ЛА́ПІН Васіль Піліпавіч

(12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),

бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).

Дз.М.Жураўлёў.

т. 9, с. 133

Лапіна Святлана Валянцінаўна

т. 18, кн. 1, с. 417

ЛАПІ́НСКЕНЕ (Lapinskiené) Альма Пранаўна

(н. 26.2.1946, в. Паюрышкяй Клайпедскага пав., Літва),

літоўскі літаратуразнавец, перакладчык. Д-р гуманіт. н. (1985). Скончыла Вільнюскі ун-т (1969). З 1970 у Ін-це літ. л-ры і фальклору. Даследуе літ. л-ру пісьменнікаў Вільнюса міжваеннага перыяду, а таксама бел.-літ. літаратурныя сувязі ад часоў старажытнасці да сучаснасці (кн. «Перазовы сяброўскіх галасоў», з А.Мальдзісам, 1988). Аўтар шматлікіх літаратурна-крытычных артыкулаў пра Я.Купалу, М.Багдановіча, В.Ластоўскага і інш. Пераклала на літ. мову аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Караткевіча, раманы «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі, кнігу апавяданняў бел. пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад», асобныя творы У.Арлова, А.Разанава і інш.

т. 9, с. 133

ЛА́ПІНЬШ

(Lapiņš),

Лапінь Артур (11.2.1911, с. Саты Тукумскага р-на, Латвія — 1983), латвійскі тэатр. мастак і мастацтвазнавец. Нар. мастак Латвіі (1954). Чл.-кар. АМ СССР (з 1970). Вучыўся ў Рызе ў Латвійскай АМ (1929—32). У 1940—41 гал. мастак Т-ра драмы Латвіі. З 1945 у Акад. т-ры оперы і балета Латвіі ў Рызе. Адначасова (да 1947) прарэктар Латв. АМ. Стварыў выразныя паводле колеравага і кампазіцыйнага вырашэння дэкарацыі да спектакляў у т-ры оперы і балета Латвіі: «Кармэн» Ж.Бізэ (1945), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1949), «Сакта свабоды» А.Скултэ (1950), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1961), «Валькірыя» Р.Вагнера (1963), «Граў я, скакаў» І.Калніньша (1977). Аўтар манаграфій пра класікаў лат. жывапісу А.Алксніса, Я.Валтэра, Ф.Варславана, К.Гуна, Я.Розентала, Ю.Федэра і інш. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

т. 9, с. 133

ЛАПІТА́ЛЬ (L’Hospital) Гіём Франсуа Антуан дэ

(1661, Парыж — 1704),

французскі матэматык. Аўтар першага друкаванага падручніка па дыферэнцыяльным злічэнні (1696), у аснову якога пакладзены лекцыі Х.Бернулі. Даследаваў шэраг складаных задач матэм. аналізу, даў адно з рашэнняў задачы аб брахістахроне.

Тв.:

Рус. пер. — Анализ бесконечно малых. М.; Л., 1935.

т. 9, с. 133

ЛАПІ́ФЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікае, ваяўнічае, роднаснае кентаўрам племя нашчадкаў Лапіфа — сына Апалона, што жыло ў гарах Фесаліі. Л. перамаглі кентаўраў, удзельнічалі ў многіх інш. міфалагічных падзеях, у т.л. ў паходзе арганаўтаў; іх цар Пірыфой быў назаўжды прыкаваны да скалы ў Аідзе за спробу (разам з Тэсеем) выкрасці адтуль багіню Персефону, былі пераможаны Эгіміем — сынам Дора (міфічнага родапачынальніка дарыйцаў), якому дапамог Геракл.

т. 9, с. 133

ЛАПІ́ЦКІ Мікалай

(26.1.1907, в. Грэлікі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.8.1976),

бел. рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1935). Скончыў Віленскую правасл. духоўную семінарыю (1930), багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та (1934). У 1935 абараніў магістэрскую працу «Праваслаўе ў Вялікім княстве Літоўскім з часоў панавання Уладзіслава Ягайлы» (выд. 1978). З 1934 святар у Ашмянах, з 1935 у в. Сцяфанпаль Міёрскага р-на. З 1942 у Мінску, працаваў у мітрапаліцкай управе, настаяцель Свята-Казанскай (Чыгуначнай) царквы. Удзельнік царк. сабору (30.8—2.9.1942), які абвясціў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву. Супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі, прыводзіў да прысягі батальёны Беларускай краёвай абароны, удзельнік Другога Усебеларускага Кангрэса 1944. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. З 1950 y ЗША, служыў настаяцелем бел. храма св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. У 1951—76 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Ініцыятар стварэння і фактычны кіраўнік (1970—76) Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі ў юрысдыкцыі Канстанцшопальскага патрыярхата.

Тв.:

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (фрагмент) // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.

Літ.:

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;

Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Ёрк;

Беласток, 1994.

Л.У.Языковіч.

т. 9, с. 133