Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАДЫ́ГІНА (Арыядна Барысаўна) (н. 2.3.1927, Мінск),

бел. вучоны-эстэтык, музычны крытык і педагог. Дачка Б.І.Ладыгіна. Д-р філас. н. (1976). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950). Выкладала ў Саратаўскім муз. вучылішчы, Маскоўскай і Казанскай кансерваторыях. З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. З 1963 у Бел. акадэміі музыкі (з 1978 праф.). Даследуе праблемы народнасці мастацтва, пераемнасць культур (пераважна на матэрыяле бел. музыкі), гісторыю бел. муз. т-ра. Выступае як муз.-тэатр. крытык.

Тв.:

Народнасць савецкага мастацтва і беларуская музыка. Мн., 1961;

Искусство и современность. Мн., 1964;

Искусство: Диалектика преемственности. Мн., 1979 (разам з В.В.Грыніным);

О преемственности в искусстве. М., 1982 (з ім жа);

Книга по эстетике для музыкантов. М.;

София, 1983 (у сааўт.);

Искусство в системе духовных ценностей общества. М., 1986 (разам з В.В.Грыніным);

Le caractére populaire de l’art socialiste // Actes du VII​e congrés International d’esthétique. Bucarest, 1977. T. 2.

А.Ф.Рашчупкін.

т. 9, с. 96

ЛАДЫ́ГІНА (Вольга Барысаўна) (н. 23.12.1922, Масква),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Дачка Б.І.Ладыгіна. Скончыла Маскоўскі арх. ін-т (1949). Працуе ў ін-це «Белдзяржпраект» (у 1969—75 гал. архітэктар). Асн. работы: у Мінску — Водна-спартыўны камбінат, забудова раёна і праекты жылых і грамадскіх будынкаў па вуліцы Харужай (1964—90), жылы дом з гастраномам «Сталічны» (1962), жылыя дамы, грамадскія і навуч. ўстановы па вуліцах Варвашэні, Казлова, М.Багдановіча, Кульман, гал. корпус Бел. тэхнал. ун-та (1956, у сааўт.), корпус Ін-та гісторыі (1964) і рэканструкцыя корпуса (1982; у сааўт.) Прэзідыума Нац. АН Беларусі, адм.-грамадскі комплекс на праспекце Машэрава (1977, у сааўт.), гандл.-грамадскі цэнтр па вул. Куйбышава (1997, у сааўт.), а таксама вадаскідныя збудаванні і ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы (1955); у Магілёве — мост цераз Дняпро (1955) і Палац культуры хімікаў (1980, у сааўт.); у Віцебску — мост цераз Зах. Дзвіну (1955); комплекс абл. клінічнай бальніцы і НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў пас. Лясны Мінскага р-на (1960—67).

Літ.:

Потапов Ю.Ф. Признание // Стр-во и архитектура Белоруссии 1983. № 1.

С.А.Сергачоў.

т. 9, с. 96

ЛАДЫ́НІНА (Марына Аляксееўна) (н. 24.6.1908, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. СССР (1950). Скончыла Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1933). У 1933—35 актрыса МХАТ. У кіно дэбютавала ў фільме «Варожыя сцяжыны» (1935). Выканаўца лірыка-камед., меладрам. і вострахарактарных роляў у фільмах рэж. І.А.Пыр’ева: «Багатая нявеста» (1938), «Трактарысты» (1939), «Свінарка і пастух» (1941), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944), «Сказанне пра зямлю Сібірскую» (1948), «Кубанскія казакі» (1950), «Выпрабаванне вернасці» (1954) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1942, 1946, 1948, 1951.

В.А.Рэшта.

т. 9, с. 96

ЛАД ДЗЕЯСЛО́ВА,

граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; грамат. спосаб выражэння мадальнасці. Грамат. значэнне форм Л.дз. выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць (піша) і маўленне якога перадае суб’ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць да дзеяння (ацэнка дзеяння як жадаемага, магчымага, мяркуемага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм Л.дз. Адрозніваюць 2 тыпы Л.дз.: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны Л.дз.), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных Л.дз. адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага, што і вызначае разнастайнасць парадыгмаў ускосных Л.дз. ў розных мовах.

У бел. мове 3 Л.дз.: абвесны, загадны і ўмоўны. Абвесны Л.дз. абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: «піша», «пісала», «будуць пісаць», «напішу», «не пісаў». Загадны Л.дз. выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да інш. асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя (можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду). Асн. яго формы — 2-я асоба адзіночнага («ідзі») або мн. л. («ідзіце»), 1-я асоба мн. л. («ідзём»), апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і мн. л. з загаднай часціцай «няхай» («хай»): «няхай ідзе», «хай ідуць». Умоўны Л.дз. абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай «бы» («б»): «спявалі б».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989.

т. 9, с. 94

ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),

міжнар арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац. развіцця, Араб арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.

т. 9, с. 246