ЛАБЕ́НШЧЫНА,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Лабеншчына Мінскага р-на. Пляцоўка з У умацавана 3 валамі і 2 равамі, з ПнЗ — 2 валамі і 2 равамі. У ранні перыяд існавання (4—1 ст. да н.э.) гарадзішча было слаба ўмацавана, пляцоўка выкарыстоўвалася часткова. Выяўлены рэшткі 5 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, падзеленых на асобныя жылыя камеры, агнішчы круглай і авальнай форм, абкладзеныя камянямі, печ-домніца. У 2—4 ст. гарадзішча заселена поўнасцю, насыпаны валы, выкапаны равы, па краі пляцоўкі пастаўлена драўляная сцяна. Знойдзена вял. колькасць рэшткаў посуду, жал. сякеры, сярпы, посахападобныя шпількі, скроневыя кольцы, гліняныя прасліцы і інш.
т. 9, с. 81
ЛАБЖА́НКА, Лобжа,
рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 489 км2. Пачынаецца на паўд. ускраіне в. Недзведзь. Цячэ ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, глыбокаўрэзаная. Пойма двухбаковая, роўная, месцамі слабазабалочаная, адкрытая. Рэчышча каналізаванае на 2 участках агульнай працягласцю 33,2 км, на інш. участках звілістае, свабодна меандруе. Берагі прыроднага рэчышча ўмерана стромкія. На рацэ г. Клімавічы.
т. 9, с. 81
ЛА́БЗА Іван, майстар разьбярнай і сталярнай справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля, дзе разам з інш. майстрамі-беларусамі рабіў ківоты, крэслы і інш. рэчы для царскага дома. У 1683 прымаў удзел ва ўстаноўцы іканастаса ў царкве Данскога манастыра ў Маскве.
т. 9, с. 82
ЛАБІ́ЗМ
(ад англ. lobby кулуары),
спецыфічны спосаб (механізм) уздзеяння прыватных і грамадскіх арг-цый — паліт. партый, прафсаюзаў, карпарацый, прадпрымальніцкіх саюзаў і г. д. (т. зв. груп ціску) на працэс прыняцця рашэнняў парламентам. Выкарыстоўваецца пры вырашэнні пытанняў аб бюджэтных асігнаваннях, фін. датацыях, прызначэнні на кіруючыя пасады ў парламенцкіх к-тах і інш. Упершыню ўзнік у ЗША, дзе лабісцкая дзейнасць з 1946 рэгулюецца федэральным заканадаўствам.
т. 9, с. 82
ЛАБІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. labillis рухомы, няўстойлівы) у фізіялогіі, функцыянальная рухавасць, уласцівасць узбудлівай тканкі ўзнаўляць без скажэння частату наносімых рытмічных раздражненняў. Тэрмін прапанаваны М.Я.Увядзенскім (1886). Мера Л. — макс. колькасць імпульсаў за 1 сек, якую фізіял. апарат (валакно, сінапс) здольны ўзнавіць пры зададзеным рытме. Адлюстроўвае час, на працягу якога тканка аднаўляе працаздольнасць пасля чарговага цыкла ўзбуджэння. Пры перавышэнні Л. ўзнікае мясц. застойнае ўзбуджэнне, якое прыводзіць да тармажэння. Неаднолькавую Л. маюць нейроны з розных абласцей нерв. сістэмы. Напр., рухальныя нейроны спіннога мозга ўзнаўляюць частату 200—300 Гц, уставачныя да 1000 Гц. У біялогіі і медыцыне Л. азначае рухомасць, няўстойлівасць, зменлівасць (напр., псіхікі, фізіял. стану, пульсу, т-ры цела і інш).
Літ.:
Голиков Н.В. Физиологическая лабильность и ее изменения при основных нервных процессах. Л., 1950.
У.М.Калюноў.
т. 9, с. 82
ЛАБІРЫ́НТ (ад грэч. labyrinthos) у садова-паркавым мастацтве, квадратны або круглы ў плане ўчастак парку з мудрагелістым размяшчэннем дарожак, аформленых шпалерамі ці баскетамі. Звычайна ў цэнтры меў пляцоўку з фантанам. Пашыраны ў рэгулярных парках Еўропы стыляў рэнесансу і барока. На Беларусі вядомы ў 17—18 ст. (паркі «Альба» пад г. Нясвіж, у гарадах Карэлічы і Крычаў, Бачэйкаўскі парк і інш.).
т. 9, с. 82
ЛАБІРЫ́НТАВЫЯ
(Anabantidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 20 родаў, 40 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах трапічнай і Паўд. Афрыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у стаячых ці з павольнай плынню вадаёмах з падводнай расліннасцю.
Даўж. да 60 см (гурамі). Маюць надшчэлепны орган з пласціністых вырастаў, укрытых слізістай абалонкай са шматлікімі дробнымі крывяноснымі сасудамі (лабірынтавы апарат, — адсюль назва), з дапамогай якога могуць дыхаць атм. паветрам. Анабасы, або рыбы-паўзуны, могуць доўгі час заставацца без вады, зарываюцца ў мул або перапаўзаюць па сушы ў другі вадаём. Кормяцца воднымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу і развядзення. Многія віды ўтрымліваюць у акварыумах (байцовая рыбка, або пеўнік, гурамі, ляліус, макрапод і інш.).
т. 9, с. 82
ЛАБІРЫНТЫ́Т, атыт унутраны,
запаленне ўнутранага вуха. Выклікаецца стрэптакокамі, менінгакокамі, мікабактэрыямі туберкулёзу, рознымі вірусамі і інш. Адрозніваюць Л. тымпанагенны (з сярэдняга вуха), менінгагенны (з мазгавых абалонак — пры менінгіце) і гематагенны; па распаўсюджанасці працэсу — абмежаваную і дыфузную формы, па характары запалення — серозны і гнойны. Характэрныя прыкметы: ністагм, галавакружэнне, млоснасць, ірвота, шум у вушах, парушэнні раўнавагі. Пры дыфузным гнойным Л. гэтыя з’явы выяўлены больш выразна, да поўнага выпадзення вестыбулярнай і слыхавой функцый вуха. Лячэнне кансерватыўнае і аперацыйнае.
А.М.Петрыкаў.
т. 9, с. 82
ЛАБІ́ТУ
(Lobito),
горад на 3 Анголы. Засн. ў 1843. Каля 150 тыс. ж. (1983). Порт на Атлантычным ак. Праз Л. праходзіць каля 90% экспарту Анголы, абслугоўвае таксама паўд.-ўсх. раёны Дэмакр. Рэспублікі Конга і Замбію. Канцавы пункт трансафр. чыг. магістралі Бейра (Мазамбік) — Л. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цэм., дрэваапр., тэкст., харчасмакавая (у т.л. цукр., рыбная), металаапрацоўчая. Суднаверфі. Рыбалоўства.
т. 9, с. 82
ЛАБІЯЛІЗА́ЦЫЯ
(позналац. labialis губны ад лац. labium губа),
агубленне, артыкуляцыя гукаў мовы (галосных і зычных), якая суправаджаецца акругленнем выцягнутых уперад губ. Л. можа быць адрознівальнай прыкметай фанем (напр., у ням., франц., швед. мовах лабіялізаваныя галосныя фанематычна проціпастаўлены нелабіялізаваным). Існуюць лабіялізаваныя галосныя пярэдняга, сярэдняга і задняга (часцей) рада. Лабіялізаваныя зычныя як асобныя фанемы маюць паўн.-каўк. мовы. Л. з’яўляецца дадатковай артыкуляцыяй, якая прыводзіць да ўзнікнення камбінаторных варыянтаў (алафонаў) фанем, калі яна абумоўлена толькі фанет. становішчам гуку (напр., Л. зычных перад губнымі галоснымі, параўн.: бел. «сад» — «суд»). Для розных моў характэрна розная ступень Л.
т. 9, с. 82