ВО́ЙТЫ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 15 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 3,1 км². Схілы катлавіны разараныя, на У пад хваёвым лесам. Берагі (акрамя паўд. і асобных паўн. участкаў) нізкія, сплавінныя. Да ўсх. і зах. берагоў прымыкае балота. Дно плоскае, выслана сапрапелем. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Зарастае. Сцёк па ручаі ў воз. Снуды.
т. 4, с. 258
ВО́ЙТЭС
(Voites) Маргарыта (н. 30.10.1936, Масква),
эстонская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1979). Скончыла Талінскую кансерваторыю (1964). З 1964 салістка т-ра «Ванемуйне», з 1969 — т-ра оперы і балета «Эстонія». Сярод партый у операх: Канстанца («Выкраданне з сераля» В.А.Моцарта), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Нарына, Лючыя («Дон Паскуале», «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Альцына («Альцына» Г.Ф.Гендэля); у аперэтах: Віялета («Фіялка Манмартра» І.Кальмана), Адэль («Лятучая мыш» І.Штрауса). Выступае як камерная спявачка.
т. 4, с. 258
ВО́ЙЦІК Віктар Антонавіч
(н. 3.9.1947, г. Гродна),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас К.Багатырова). Нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі (з 1978). У 1981 — 88 заг. муз. часткі Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах, значныя дасягненні ў музыцы для цымбалаў. Музыцы Войціка ўласціва нац. характэрнасць у спалучэнні з сучаснай тэхнікай кампазіцыі. Сярод твораў: опера «Вясновая песня» (паст. 1993), мюзікл «Прыгоды ў замку «Алфавіт» (паст. 1996, лібр. С.Клімковіч), араторыі «Памяць Хатыні» на вершы Г.Бураўкіна і Р.Тармолы (1973) і «Дзень Радзімы» на вершы У.Карызны (1977); кантаты «Як хадзіў камар у сваты» на вершы М.Багдановіча (1972) і «Казацкія песні» на нар. словы (1974); З сімфоніі («Каложа», 1972, 1975; «Апошняя восень паэта» на вершы П.Верлена ў пер. М.Багдановіча, 1992); канцэрты для камернага аркестра (1974), для кларнета і камернага аркестра (1984), для цымбалаў і сімф. аркестра (1988); сімф. сюіта «Забавы» (1976), «Сюіта ў старадаўнім стылі» для цымбалаў і камернага аркестра (1972); «Самотны вецер» для гітары і стр. квартэта (1993); саната для двух цымбалаў (1979); хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.
Р.М.Аладава.
т. 4, с. 258
ВО́ЙШАЛК
(1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн. Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
М.І.Ермаловіч.
т. 4, с. 258