ВО́ЙШАЛК
(1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн. Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
М.І.Ермаловіч.
т. 4, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)