Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕКЛЯМІ́ШАЎ Уладзімір Мікалаевіч

(4.10.1890, г. Гродна — 4.9.1962),

савецкі заолаг, заснавальнік навук. школы паразітолагаў і мед. энтамолагаў. Акад. АМН (1945) і правадзейны чл. Польскай АН (1949), праф. (1920). Засл. дз. н. РСФСР (1947). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). З 1920 у Пермскім ун-це, з 1932 у Ін-це малярыі, мед. паразіталогіі і гельмінталогіі ў Маскве, з 1934 у Маскоўскім ун-це. Стварыў вучэнне пра малярыйныя ландшафты ў СССР, распрацаваў практычныя мерапрыемствы па ліквідацыі малярыі ў краіне. Навук. працы па параўнальнай анатоміі беспазваночных, біяцэналогіі, параўнальнай і эвалюцыйнай паразіталогіі. Дзярж. прэмія СССР 1944, 1952.

Тв.:

Учебник медицинской энтомологии. Ч. 1—2. М., 1949;

Основы сравнительной анатомии беспозвоночных. Т. 1—2. 3 изд. М., 1964.

т. 2, с. 377

БЕ́КМАН

(Beckmann) Макс (12.2.1884, Лейпцыг — 27.12.1950),

нямецкі жывапісец, графік. Вучыўся ў маст. школе ў Веймары, Парыжы і Жэневе (1903—04). З 1904 працаваў у Берліне, з 1937 у эміграцыі. Экспрэсіянісцкімі прыёмамі ўвасабляў трагедыю асуджанага на пагібель чалавецтва: цыклы афортаў «Твары» (1914—18), літаграфіі «Ноч», «Пекла» (1918—19), трыптыхі «Ад’езд» (1935) і «Арганаўты» (1949—50). Ствараў драм. кампазіцыі, часта з глыбокім падтэкстам, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Узнясенне» (1909), «Зняцце з крыжа» (1917), «Старая акторка» (1926), «Аўтапартрэт у смокінгу», «Вялікі нацюрморт з падзорнай трубой» (абодва 1927), «Лунаючы» (1944) і інш.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 377

БЕКМА́НІЯ

(Beckmannia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 2 віды. Пашыраны ў нетрапічных раёнах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на заліўных лугах і каля вадаёмаў трапляецца бекманія звычайная (Beckmannia eruciformis); бекманія ўсходняя (Beckmannia syzigachne) — рэдкая заносная расліна.

Шмат- або двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі парасткамі або без іх; утвараюць рыхлыя ці шчыльныя дзярніны. Сцябло (саломіна) выш. 30—150 см, прамастойнае. Лісце лінейнае, плоскае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 1—2-кветкавыя сціснутыя з абодвух бакоў каласкі. Суквецце — густая аднабокая коласападобная мяцёлка даўж. да 30 см. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны. Культывуецца (ураджайнасць да 30 ц/га), выкарыстоўваецца ў травасумесях пры залужэнні поймаў.

т. 2, с. 377

БЕКМЕ́С

(тур.),

канцэнтраваны (упараны) сок вінаграду. Мае цукар, арган. к-ты і вітаміны. Выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, вінаробстве, таксама як пажыўны і лячэбны прадукт.

т. 2, с. 377

БЕКО́Н

(англ. bacon),

засоленая ахалоджаная палавіна свіной тушы, без ніжніх канечнасцяў, пазваночніка, касцей таза, грудзіны. Характарызуецца нятлустым сакавітым мясам, пранізаным роўнымі слаямі сала, а таксама белай тонкай скурай без плямаў і пашкоджанняў. Для атрымання бекону выкарыстоўваюць маладых (6—8 мес) свіней мяснога тыпу, якія адкормліваюцца па спец. схеме (беконны адкорм).

т. 2, с. 378

БЕКРО́С

(англ. backross),

зваротнае скрыжаванне, скрыжаванне гібрыда першага пакалення з адной з бацькоўскіх формаў. У вузкім сэнсе бекрос — скрыжаванне гетэразіготнага па пэўных генах арганізма з гомазіготнымі па гэтых генах асобінамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення генатыпічнай структуры арганізма (гл. Аналітычнае скрыжаванне), а таксама для пераадолення бясплоддзя гібрыдаў першага пакалення пры аддаленай гібрыдызацыі.

т. 2, с. 378

БЕКЮ́ Аўгуст

(3.5.1771, г. Гродна — 26.7.1824),

бел. ўрач. Д-р філасофіі і медыцыны (1793), праф. (1806). Вучыўся ў Гродне і Кёнігсбергу. З 1797 у Вышэйшай школе Літвы (з 1803 Віленскі ун-т). Адзін з першых у Беларусі і Літве пачаў вакцынацыю супраць воспы. Навук. працы па шпітальнай справе і гігіене дзіцячага ўзросту.

Літ.:

Bieliński J. Uniwersytet Wileński, 1579—1831. Т. 1—2. Krakόw, 1899—1900.

т. 2, с. 378

БЕК-НАЗА́РАЎ

(Бекназаран) Амо (Амбарцум) Іванавіч (31.5.1892, Ерэван — 27.5.1965),

акцёр і рэжысёр кіно, сцэнарыст. Нар. арт. Арменіі (1935). Адзін з заснавальнікаў кінамастацтва Арменіі, Грузіі, Азербайджана. Лепшыя фільмы — гістарычныя і экранізацыя твораў арм. класікі: «Намус» (1925), «Дом на вулкане» (1928), «Севіль» (1929), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Давід-Бек» (1944), «Насрэдзін у Хаджэнце» (1959, з Э.Карамянам). Яго фільмы вылучаліся тэмпераментам, нац. каларытам. Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў. Яго імя прысвоена кінастудыі «Арменфільм».

т. 2, с. 377