Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЕЗНАЯ́ЎНЫ РАЗЛІ́К,

разлік без удзелу наяўных грошай — шляхам пераводу (пераліку) пэўнай сумы з рахунку плацельшчыка на рахунак крэдытора ў крэдытных установах ці шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. У нац. абароце выконваецца: плацежнымі патрабаваннямі, даручэннямі, патрабаваннямі-даручэннямі, чэкамі, акрэдытывамі, вэксалямі, інкасавымі даручэннямі. Найчасцей безнаяўныя разлікі звязаны з інкасаўскімі аперацыямі банкаў, калі банк паводле даручэння свайго кліента і на аснове разліковых дакументаў атрымлівае грашовыя сродкі, якія належаць гэтаму кліенту, ад інш. суб’ектаў гаспадарання і залічвае іх на рахунак атрымальніка (кліента). Плацяжы па безнаяўных разліках ажыццяўляюцца: пасля адгрузкі (водпуску) прадукцыі, выканання работ, аказання паслуг ці як папярэдняя аплата на агавораных (устаноўленых) умовах; са згоды плацельшчыка і пры наяўнасці сродкаў на яго рахунку ці крэдыту, прадугледжанага дагаворам. Безнаяўныя разлікі выкарыстоўваюцца і ў міжнар. эканам. адносінах.

Г.​І.​Краўцова.

т. 2, с. 374

БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.

т. 2, с. 374

БЕЗУМО́ЎНЫЯ РЭФЛЕ́КСЫ,

адносна пастаянныя, стэрэатыпныя, генетычна замацаваныя рэакцыі арганізма на ўнутр. і вонкавыя раздражняльнікі (стымулы), якія рэгулююцца ц. н. с. Падзяляюць на харчовыя, палавыя, абарончыя, арыенціровачныя і інш. У асобную групу прыроджаных стэрэатыпных складанарэфлекторных актаў вылучаюць інстынкты. Тэрмін «безумоўныя рэфлексы» ўвёў рус. вучоны І.​П.​Паўлаў для абазначэння рэфлексаў, якія аўтаматычна ўзнікаюць пры ўздзеянні раздражняльнікаў на рэцэптары (выдзяленне сліны пры пападанні ежы ў рот, адхапленне рукі пры ўколе пальца і інш.). Узбуджэнне ад рэцэптара перадаецца эфектару па рэфлекторнай дузе. Безумоўныя рэфлексы мяняюцца на працягу філагенезу і антагенезу, залежаць ад уздзеяння на іх інш. рэфлексаў, стану ц. н. с., эндакрыннай сістэмы і інш. фактараў (напр., смактальны рэфлекс у нованароджаных з узростам страчваецца). Пры выспяванні арганізма з’яўляюцца новыя безумоўныя рэфлексы, напрыклад палавыя. У дарослых жывёл «чыстыя» безумоўныя рэфлексы «абрастаюць» умоўнымі рэфлексамі.

т. 2, с. 374

БЕЗЫМЕ́ННАЕ ВО́ЗЕРА, Палыкаўскае возера,

у Беларусі, на мяжы Шклоўскага і Круглянскага р-наў Магілёўскай вобл., у бас. р. Чарнаводка (выцякае з возера), за 17 км на З ад г. Шклоў і за 13 км на У ад г.п. Круглае. Пл. 0,3 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 2 м. Пл. вадазбору 9,6 км². Берагі забалочаныя, месцамі параслі хмызняком. Уздоўж берагоў зарастае.

т. 2, с. 374

БЕЗЫМЕ́ННЫ,

дзеючы вулкан на У Камчаткі, у Расіі. Выш. да 3085 м. Стратавулкан, складзены з андэзітавых лаваў. У Безыменнага расце экструзіўны купал Новы (выш. каля 500 м) на месцы кратэра, утворанага ў 1956. Магутныя гразевыя патокі (да 90 км); фумаролы.

т. 2, с. 374

БЕЗ-КАРНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (10.10.1796, Магілёўская губ. — 19.1.1862),

бел. гісторык, краязнавец і этнограф, вайсковы тапограф і статыстык. Ген.-маёр рас. арміі. Брат дзекабрыста А.В.Карніловіча. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус (1816). Удзельнік вайны з Турцыяй 1828—29. У 1831—47 кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй у Мінскай, Наўгародскай, Валынскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. і Беластоцкай вобласці. З 1852 у адстаўцы. Вывучаў гіст. дакументы ў дзярж., манастырскіх, прыватных архівах. Аўтар прац па гісторыі Беларусі, якую абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губ., астатнія бел. землі называў Літвой. Апісваў помнікі дойлідства, археалогіі і этнаграфіі, побыт бел. сялян.

Тв.:

Витебская губерния. СПб., 1852;

Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. СПб., 1855 (репр. изд. Мн., 1995).

М.В.Без-Карніловіч.

т. 2, с. 373