АХО́ЛА-ВАЛО́ Алексантэры
(Аляксандр Пятровіч; нарадзіўся 27.1.1900, С.-Пецярбург),
мастак. У 1919—30 жыў на Беларусі. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», час. «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Плуг» і інш.; сатыр. малюнкі змяшчаў у час. «Дубінка» (1927). Аформіў кнігі Я.Коласа «Новая зямля», А.Александровіча «Угрум», П.Труса «Ветры буйныя», А.Вольнага «Табе», М.Нікановіча «Вясновы прамень», К.Чорнага «Хвоі гавораць» і інш. Аўтар станковых лінарытаў «Ахвяра віна» (1921), «Кастрычнік у космасе» (1925), «Атэлье» (1927). Мастак-канструктар павільёна Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (МОПР) для 1-й Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930, Мінск). Жыве ў Фінляндыі.
Л.Дз.Налівайка.
т. 2, с. 153
АХО́П,
манеўр войскаў у баі (аперацыі), які дае магчымасць нанесці ўдар па адным ці абодвух флангах групоўкі праціўніка. Выкарыстоўваецца ў сустрэчным баі, пры наступленні на праціўніка, які абараняецца ці адыходзіць, а таксама пры контратаках у абароне. Ажыццяўляецца ў цесным тактычным і агнявым узаемадзеянні з войскамі, што наступаюць з фронту, авіяцыяй і дэсантна-штурмавымі падраздзяленнямі; найчасцей пасля прарыву абароны праціўніка, калі ўтвараюцца адкрытыя флангі ці ёсць прамежкі ў баявых парадках.
т. 2, с. 153
АХО́РСКІ МУЖЧЫ́НСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17 — пач. 20 ст. каля в. Ахора (цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл.) на беразе р. Сож. Паводле падання, заснаваны як праваслаўны пустэльнікам ці будаўніком Аркадзем. Першы ігумен вядомы з 1669. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 знішчаны шведамі, пазней адбудаваны. Прывілеем караля Аўгуста II 1720 пацверджана прыналежнасць манастыра да правасл. царквы і захавана яго зямельная ўласнасць. У 1842 прыпісаны да Магілёўскага Богаяўленскага манастыра, з 1870 самастойны. Меў 2 драўляныя храмы: Праабражэння (1711) з разьбяным 3-ярусным іканастасам і шанаваным абразом Маці Божай і Успення (1843). У 1918 манастыр закрыты. Будынкі не захаваліся.
А.А.Ярашэвіч.
т. 2, с. 154
АХО́ТНІКАЎ Мікалай Пятровіч
(н. 5.7.1937, пас. Глыбокае Усх.-Казахстанскай вобл.),
рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1964). З 1971 саліст Марыінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу імя П.І.Чайкоўскага (Масква, 1966), Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Ф.Віньяса (Гран-пры; Барселона, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1985.
т. 2, с. 154
АХО́ЎНАЯ ЗО́НА матэрыяльна нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў, тэрыторыя, якая непасрэдна прылягае да помнікаў гісторыі, археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры і прызначана для захавання і выяўлення іх гісторыка-мастацкіх вартасцяў і мэтазгоднага выкарыстання.
Мяжу ахоўнай зоны вызначаюць, зыходзячы з патрэб забеспячэння найлепшага рэжыму зберажэння і выкарыстання каштоўнасці, найб. поўнага выяўлення яе вартасцяў і ўмоў агляду, з яе тыпу, сістэмы планіроўкі, даступнасці для навук. даследаванняў і наведванняў. Распрацоўваюць ахоўныя зоны на падставе вывучэння літ. і архіўных крыніц, натурных даследаванняў. З устанаўленнем ахоўнай зоны робяць пад’езды і пешаходныя падыходы да каштоўнасці, відавыя пляцоўкі, тэрыторыю азеляняюць і добраўпарадкоўваюць. У межах ахоўных зон горада новае буд-ва дапускаецца пры ўмове яго кампазіцыйнага падпарадкавання гіст. аб’ектам.
Найважнейшыя ахоўныя зоны на Беларусі: тэрыторыі Верхняга і Ніжняга замкаў у Полацку, Замкавая гара ў Гродне, гіст. цэнтр Мінска, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.
І.М.Чарняўскі.
т. 2, с. 154
АХО́ЎНЫЯ АДДЗЯЛЕ́ННІ
(да 1903 аддзяленні па ахове грамадскай бяспекі і парадку),
ахранка, мясцовыя органы паліт. вышуку ў Расіі ў 1866—1917, падпарадкаваныя дэпартаменту паліцыі. Першыя ахоўныя аддзяленні створаны ў Пецярбургу (1866), Маскве і Варшаве (1880). У 1902—03 заснаваны ва ўсіх буйных цэнтрах рэв. руху. Да 1907 дзейнічалі ў 27 прамысл. і культ. цэнтрах Рас. імперыі, у тым ліку на Беларусі. Асн. задачы: вышук рэв. арг-цый і рэвалюцыянераў. Мелі спец. агентуру «вонкавага нагляду» (філёры) і сакрэтных агентаў (тайныя паведамляльнікі і правакатары, якіх актыўна выкарыстоўваў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатаў (гл. Зубатаўшчына). У рэвалюцыю 1905—07 і ў наступныя гады сетка ахоўных аддзяленняў пашырана (у 1914 іх было 26). З 1906 рыхтавалі агентуру і для ўкаранення ў рэв. сял. арг-цыі. Пры буйных паштамтах існаваў нагляд за прыватнай карэспандэнцыяй (зняцце копій, фатаграфаванне, дэшыфроўка). На Беларусі ў 1898 Маскоўскае ахоўнае аддзяленне з мэтай ліквідацыі арг-цый Бунда правяло вобыскі і арышты, выкрыла падп. друкарні ў Мінску і Бабруйску, высачыла дэлегатаў 1-га з’езда РСДРП (Мінск); па даносах агентаў выкрыты с.-д. к-ты ў Вільні, Гомелі, Магілёве, Мінску і інш. Ахоўныя аддзяленні скасаваны ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917.
М.М.Забаўскі, А.Я.Сукала.
т. 2, с. 154
АХО́ЎНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды жывёл, адносна якіх паводле мясц., дзярж. ці міжнар. нарматыўных актаў, пагадненняў ці канвенцый дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для дадзенага рэгіёна, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікіх жывёл, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае рэзкае скарачэнне колькасці або знікненне з фауны. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырвонай кнізе Беларусі 182 віды ахоўных жывёл, у т. л. 14 млекакормячых (арэшнікавая соня, барсук, белавежскі зубр, буры мядзведзь, рысь і інш.), 75 птушак (аўдотка, беркут, змеяед, сапсан, філін і інш.), 2 паўзуноў (балотная чарапаха, мядзянка), 1 земнаводных (чаротавая рапуха), 5 рыб (сцерлядзь, стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач), 79 насякомых (апалон, жужаль цудоўны, жук-алень, махаон, падалірый, пустэльнік, чмель Шрэнка і інш.), 1 двухстворкавых малюскаў (жамчужніца звычайная), 5 ракападобных (бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, шыракапальцы рак).
Т.А.Філюкова.
т. 2, с. 154
АХО́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ грамадзянскай абароны, інжынерныя збудаванні для аховы і жыццезабеспячэння насельніцтва ад зброі масавага знішчэння і звычайных сродкаў нападу. Падзяляюцца на сховішчы, супрацьрадыяцыйныя і найпрасцейшыя ўкрыцці. Сховішчы грамадз. абароны (асобныя збудаванні павышанай умяшчальнасці) забяспечваюць ахову насельніцтва ад ядз. зброі, атрутных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Пад іх прыстасоўваюць таксама падвальныя памяшканні будынкаў, абсталёўваюць метрапалітэны, тунэлі, падземныя пераходы. Супрацьрадыяцыйныя ўкрыцці забяспечваюць ахову насельніцтва пераважна ад радыеактыўнага і светлавога выпрамянення. Пад іх абсталёўваюць падвальныя і наземныя памяшканні будынкаў, горныя вырабаткі, пячоры і інш. Выкарыстоўваюцца таксама спецыяльна пабудаваныя і хуткаўзведзеныя ўкрыцці, укрыцці катлавіннага тыпу і інш. Найпрасцейшыя сховішчы — шчыліны і траншэі.
т. 2, с. 154
АХО́ЎНЫЯ ЛАНДША́ФТЫ,
прыродна-тэрытарыяльныя комплексы, у межах якіх забаронены або рэгламентаваны ўсе ці некат. віды гасп. дзейнасці. Вылучаюцца для зберажэння тыповых і унікальных натуральных (прыродных) і пераўтвораных (антрапагенных) ландшафтаў, што маюць асаблівую навук., культ.-эстэт., рэкрэацыйную і інш. каштоўнасць і не могуць захоўвацца без дапамогі чалавека. На тэрыторыях, занятых ахоўнымі ландшафтамі, устанаўліваецца адпаведны рэжым аховы і карыстання прыроднымі рэсурсамі. У некат. краінах ахоўныя ландшафты з’яўляюцца самастойнай катэгорыяй асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На Беларусі ахоўныя ландшафты размяшчаюцца на тэр. запаведнікаў, нацыянальных паркаў, ландшафтных і інш. заказнікаў.
т. 2, с. 155
АХО́ЎНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
штучныя паверхневыя слаі, якія ахоўваюць вырабы і збудаванні ад разбуральнага ўздзеяння асяроддзя, павышаюць трываласць, надаюць ім прывабны выгляд. Бываюць металічныя (з алюмінію, бронзы, жалеза, цынку і інш.) і неметалічныя (лакі, эмалі, фарбы, пластмасы, гума, цэмент, эбаніт і інш.).
Металічныя пакрыцці наносяць гальванічным (гл. Гальванатэхніка), плазмавым (распыленне расплаўленых металаў), кантактным (выдзяляюць металы з раствораў без эл. току) спосабамі, гарачай пракаткай (плакіроўка); практыкуюць алітаванне, залачэнне, цэментаванне. З неметалічных самыя пашыраныя лакафарбавыя пакрыцці. Пластмасавыя пакрыцці (поліэтылен, фтарапласты, вінілавыя пласты, матэрыялы на аснове бакелітавых і эпаксідных смолаў) наносяць на паверхні віхравым ці газаполымным напыленнем або абліцоўкай ліставымі матэрыяламі. Ахоўныя пакрыцці з пластмасаў і гумы засцерагаюць вырабы, пераважна хім. апаратуру, ад дзеяння вады, кіслот і інш. хім. рэагентаў. Керамічныя ахоўныя пакрыцці наносяць плазмавым напыленнем ці эмаліраваннем (ахоўваюць вырабы ад высокіх тэмператур і агрэсіўных асяроддзяў).
т. 2, с. 156