Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АХЕМЕНІ́ДЫ,

дынастыя правадыроў стараж.-перс. плямёнаў (каля 700—550 да нашай эры) і цароў у Ахеменідаў дзяржаве (550—330 да нашай эры). Назва ад яе родапачынальніка Ахемена, які жыў у 8—7 ст. да н.э. Даследчыкі адрозніваюць 2 іх лініі: старэйшую [Ахемен, Тэісп, Кір І, Камбіс І (2-я пал. 6 ст.), Кір II (558—530), Камбіс II (530—522)] і малодшую [Дарый І (522—486), Ксеркс І (486—465), Артаксеркс І (465—424), Ксеркс II (424), Сагдыян (424—423), Дарый II (423—404), Артаксеркс II (404—358), Артаксеркс III (358—338), Арсес (338—336), Дарый III (336—330)]. Дынастыя Ахеменідаў спыніла сваё існаванне ў выніку заваявання перс. дзяржавы Аляксандрам Македонскім.

т. 2, с. 144

А́ХЕН

(Aachen),

горад у ФРГ, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Вядомы з 1-га ст. нашай эры як рымскае пасяленне Акве-Грані (пазней Аквісгранум) каля мінер. лячэбных крыніц. У канцы 8 — пач. 9 ст. — адна з рэзідэнцый Карла Вялікага. 239 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Цэнтр кам.-вуг. басейна. Машынабудаванне (у тым ліку цяжкае, электратэхн., радыёэлектроннае), тэкст. (шарсцяная), хім., шкляная, харч. прам-сць. Бальнеалагічны курорт. Гарачыя тэрмальныя крыніцы (да 75 °C) мінер. водаў вядомы яшчэ з дарымскіх часоў. Адраджэнне і росквіт курорта прыпадаюць на 17—19 ст. Мінер. воды эфектыўныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай і перыферычнай нерв. сістэм, суставаў, скуры. Арх.-гіст. помнікі 8—16 ст. Тэхн. ун-т. Музеі. Цэнтр міжнар. турызму.

т. 2, с. 144

АХЕТАТО́Н

(егіп. «Гарызонт Атона»),

горад у Стараж. Егіпце, рэзідэнцыя фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона), цэнтр культу бога Атона. Знаходзіўся каля Тэль-эль-Амарны. Пабудаваны ў 1-й пал. 14 ст. да нашай эры на краі пустыні. Пакінуты яго жыхарамі пры фараоне Тутанхамоне. Пры фараоне Харэмхебу, які канчаткова знішчыў культ Атона, горад разбураны.

т. 2, с. 145

АХІЕ́ЗЕР Аляксандр Ільіч

(н. 31.10.1911, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),

украінскі фізік, стваральнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. АкаД. АН Украіны (1964). Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1940). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1934). З 1934 у Фізіка-тэхн. ін-це Украіны (Харкаў), адначасова (1940—75) у Харкаўскім ун-це. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, фізіцы плазмы і інш. кірунках фізікі.

Тв.:

Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969 (разам з У.Б.Берасцецкім);

Методы статистической физики. М., 1977 (разам з С.У.Пелятмінскім);

Электродинамика адронов. Киев, 1977 (разам з М.П.Рэкалам).

т. 2, с. 145

Ахіезер Навум Ільіч

т. 18, кн. 1, с. 339

АХІ́Л,

Ахілес, у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А.ванДэйка, П.П.Рубенса, Дж.Б.Цьепала, Н.Пусэна, А.Іванава.

т. 2, с. 145

АХІ́ЛАВА СУХАЖЫ́ЛЛЕ,

пятачнае сухажылле, адно з самых моцных і тоўстых сухажылляў цела чалавека. Забяспечвае перадачу мышачнага намагання трохгаловай мышцы галёнкі на бугор пятачнай косці і ўдзельнічае ў падэшвенным згінанні ступні ў галёнкаступнёвым суставе. Назва ад грэч. міфа пра Ахіла.

т. 2, с. 145

АХІЛІ́Я

(ад а... + грэч. chylos сок),

адсутнасць салянай кіслаты і ферментаў у страўнікавым соку (ахілія страўнікавая) ці ферментаў у панкрэатычным соку (ахілія панкрэатычная). Абумоўлена прыгнечаннем дзейнасці залоз страўніка або недастатковасцю знешняй сакрэцыі падстраўнікавай залозы ў выніку іх першаснага пашкоджання або ўскоснага (пры інш. хваробах) парушэння функцый. Лечаць прэпаратамі падстраўнікавай залозы, ужываннем страўнікавага соку ў час яды, ліквідуюць першапрычыны ахіліі.

т. 2, с. 145

АХІ́МСА,

ахінса (санскр., літар. ўстрыманне ад насілля, ненасілле), непрычыненне шкоды жывым істотам у будызме, джайнізме і індуізме, асноватворная дактрына, адзін з вышэйшых зарокаў і правілаў паводзін у гэтых і шэрагу інш. рэлігійных вучэнняў.

т. 2, с. 145

АХІЧХА́ТРА,

старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.

т. 2, с. 145