Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРША́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. у сутоках Дняпра і Аршыцы на месцы гарадзішча 11 ст. (сучасны г. Орша). Мураваны 5-вежавы замак будаваўся з 1398 па 1407, не закончаны, у 15 ст. дабудаваны з дрэва. Меў патаемны ход да Дняпра. Пасля 1620 замак цалкам дабудаваны з каменю. На яго ўзбраенні былі гарматы, у цэйхгаузе захоўваліся 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невял. жалезныя гарматы, інш. ваен. рыштунак. Замак неаднаразова зведаў аблогі і захопы рус. войскамі (1500, 1507, 1519, 1562—64, 1654). У снеж. 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала яго да 11.5.1655. Пазней рус. войскі занялі яго і ўтрымлівалі да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы 17 ст. замак заняпаў і страціў свае абарончыя функцыі.

т. 1, с. 539

АРША́НСКІ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Уведзены ў дзеянне ў 1973—75 у Оршы як з-д па вытв-сці нармалізаванага інструменту для аўтам. ліній. З 1974 інструментальны з-д. Асн. прадукцыя (1995): металарэзны інструмент (разцы, зенкеры, раскруткі, метчыкі, свярдзёлкі, пілы), тавары шырокага ўжытку. Пры з-дзе ПТВ металістаў.

т. 1, с. 540

АРША́НСКІ КАМБІНА́Т ЗБО́РНЫХ ЖАЛЕЗАБЕТО́ННЫХ ВЫ́РАБАЎ І КАНСТРУ́КЦЫЙ.

Пабудаваны ў 1968—69. Асн. прадукцыя (1995): зборны жалезабетон (пустотны насціл, палі, рыгелі, пліты дарожныя, аэрадромныя, перакрыцці, апорныя асвятляльныя і цэнтрыфугаваныя калоны). Вытв. магутнасць 184 м³ жалезабетонных вырабаў за год (1994).

т. 1, с. 540

АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1636—32 у Оршы. Засн. Андрэем і Крысцінай Млоцкімі, якія выдзелілі пад кляштар пляц і 6 маргоў зямлі. Мураваныя будынкі касцёла і 2-павярховага жылога корпуса пастаўлены ў 2-й пал. 18 ст. на ахвяраванні жыхароў. Касцёл, пашкоджаны паводкай 1760, пазней заняты пад ваенны склад, у 1817—19 адрамантаваны і вернуты духавенству. Пасля закрыцця кляштара жылы корпус заняты пад шпіталь. Касцёл не ўцалеў.

А.А.Ярашэвіч.

т. 1, с. 540

АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1653—1832 у Оршы. Заснаваў кн. Геранім Друцкі-Сакалінскі і аддаў кляштару фальварак Воскава. У 1816—19 пабудаваны касцёл св. Іосіфа. Пры кляштары быў шпіталь на 10 хворых. Пасля закрыцця кляштара касцёл стаў парафіяльным, пасля Вял. Айч. вайны ў ім размяшчаўся Дом культуры, з 1990 дзейнічае.

А.А.Ярашэвіч.

т. 1, с. 540

АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ.

Існаваў у 1714—1832 у Оршы. Засн. Адамам і Уладзіславам Саковічамі. Мураваныя будынкі касцёла і 2-павярховага жылога корпуса пастаўлены ў 18 ст. У 1836 касцёл пераабсталяваны ў праваслаўны Васкрасенскі сабор, у 1920-я г. Закрыты, у 1950-я г. знесены. Захаваўся жылы корпус.

А.А.Ярашэвіч.

т. 1, с. 540

АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1680—1832 у Оршы. Засн. рэчыцкім стольнікам Войцехам Станіславам Катоўскім. Мураваны касцёл з бакавой вежай-званіцай асвячоны 10.8.1768. Тады ж пабудаваны жылы корпус, у якім пасля закрыцця кляштара размяшчаліся інвалідная каманда, потым арыштанцкі дом, у 1920—30-я г. рамеснае вучылішча. Касцёл знесены ў 1970-я г. А.А.Ярашэвіч.

т. 1, с. 540

«АРША́НСКІ КО́ДЭКС»,

рукапісны зборнік, створаны ў Аршанскім езуіцкім калегіуме ў канцы 17 ст. (да 1693). Уключае 4 польскія барочныя драмы з бел. інтэрмедыямі, якія ставіліся ў школьных тэатрах у Полацку («Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба»), Оршы («Слаўная дапамога для Раміравай перамогі, учыненая анёльскімі палкамі»), Навагрудку («Містычнае прычасце ў жалю нявінных Караля і Фрыдэрыка»), Віцебску («Містычнае вяселле прычасця Генсерыка і Трызімунда»). У інтэрмедыях адна або дзве асобы гавораць на бел. мове. Захоўваецца ў бібліятэцы імя Асалінскіх у Вроцлаве (Польшча).

т. 1, с. 540

АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік архітэктуры барока. Заснаваны ў 1623 як праваслаўны мужчынскі манастыр. Размешчаны на паўн.-зах. ускраіне Оршы ў сутоках Дняпра і Куцеінкі. Складаўся з галоўнага Богаяўленскага сабора, Святадухаўскай царквы, званіцы, манастырскіх і гасп. пабудоў. Быў абнесены агароджай з бутавага каменю і цэглы. Драўляны Богаяўленскі сабор пабудаваны ў 1623—35; згарэў у 1888. У 1630 бел. асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры Куцеінскую друкарню. Захаваліся Святадухаўская царква (узведзена ў 1-й пал. 17 ст.), манастырскі будынак, частка сцяны.

Т.В.Габрусь.

т. 1, с. 540

АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 17—20 ст. Заснаваны як жаночы манастыр у 1631 Багданам Сцянкевічам на паўд.-зах. ускраіне Оршы. У комплекс уваходзіла некалькі драўляных цэркваў, жылыя і гасп. пабудовы. Гал. драўляны сабор згарэў у 1635. Пабудаваны мураваны Успенскі сабор (1655) меў рысы стылю барока. Крыжова-купальны 3-апсідны храм. Асн. неф і крылы трансепта былі накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сяродкрыжжа ўвенчана 8-гранным глухім барабанам і масіўным грушападобным купалам з галоўкай. Сцены ўпрыгожаны прафіляванымі карнізамі, пілястрамі на вуглах. Высокія вокны з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Франтоны завершаны галоўкамі і аздоблены патройнымі плоскімі арачнымі нішамі. У 1658 куцеінскія манахіні пераведзены ў новаадчынены Уваскрасенскі манастыр у Смаленску. Ёсць звесткі, што з Куцейна былі і першыя насельніцы Новадзявочага манастыра ў Маскве. У 1842 манастыр прылічаны да 1-га класа. Зачынены ў 1918, будынкі не захаваліся.

Т.В.Габрусь, А.А.Ярашэвіч.

т. 1, с. 540