АКЦЯ́БРСКІ РАЁН,
у Беларусі, на ПнЗ Гомельскай вобл. Утвораны 28.6.1939. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 21,3 тыс. чал. (1995); сярэдняя шчыльнасць 15 чал./км²; гарадскога 15,3%. Цэнтр — г.п. Акцябрскі, 77 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Валосавіцкі, Ламавіцкі, Любанскі, Ляскавіцкі, Парэцкі, Пратасаўскі, Чырвонаслабодскі.
Знаходзіцца ў паўн.-ўсх. ч. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна, месцамі дзюнныя ўзгоркі. Пераважаюць выш. 130—140 м над узр. м., найвыш. пункт 176,4 м. Карысныя выкапні: нафта (Азямлінскае і ч. Вішанскага радовішча), торф (больш за 50 радовішчаў), гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,3 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 195 дзён. Рэкі: Пціч з прытокамі Арэса і Нератоўка, Трэмля з прытокам Ветка; Слаўкавіцка-Ямінскі асушальны канал (левы прыток Арэсы). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,5 км/км². Глебы пераважна тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Лясы (55% тэр.) хваёвыя і хваёва-шыракалістыя, трапляюцца драбналістыя і дубоваграбавыя. Агульная пл. балот 14 тыс. га. Акцябрскі фауністычны заказнік, заказнік-журавіннік Бабінец.
У эканоміцы раёна гал. роля належыць сельскай гаспадарцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 46,2 тыс. га (33% тэр.), з іх асушаных 29,1 тыс. га. Асн. галіна — жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя, бульбу, кармавыя культуры; з тэхн. — лён-даўгунец. У раёне прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла, спірту), дрэваапр. (лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса), здабыўной (нафта і торф, сапрапелі) прам-сці; раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка». На 1.1.1995 было 8 калгасаў і 6 саўгасаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. ветка Жлобін—Рабкор, аўтадарогі Глуск—Азарычы, Парычы—Капаткевічы. На 1995 у раёне 15 базавых і сярэднеагульнаадук. школ, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, 16 дашкольных, 20 клубных і 25 бібліятэчных устаноў, 3 бальнічныя ўстановы, зоны адпачынку (часткова) Арэса і Пціч. Музей нар. славы. Помнік архітэктуры 19 ст. — брама, помнік сядзібна-паркавага мастацтва — парк канца 19 ст. ў в. Харомцы. Помнік «Беларусь партызанская» ў в. Слабодка. Раённая газ. «Чырвоны Кастрычнік». Г.М.Дзегцяроў.
т. 1, с. 223