АКРУЖЭ́ННЕ
(ваен.),
ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.
Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял. Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл. Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл. Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).
т. 1, с. 201
А́КРЫ
(Acre),
штат на Пн Бразіліі, у вярхоўях рэк Журуа і Пурус. Пл. 152,6 тыс. км². Нас. 412 тыс. чал. (1989). Адм. ц. — г. Рыу-Бранку. На тэр. Акры вільготныя трацічныя лясы. Збор соку гевеі, браз. арэхаў. Паляванне. Спажывецкае земляробства.
т. 1, с. 201
АКРЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,
найпрасцейшая арганічная ненасычаная кіслата, CH2=CH-COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 140,9 °C, шчыльн. 1,05·103 кг/м³, змешваецца з вадой, спіртамі, эфірамі. Аказвае каразійнае дзеянне, лёгка палімерызуецца (для працяглага захоўвання карыстаюцца інгібітарамі). Солі і эфіры акрылавай кіслаты наз. акрылатамі.
Атрымліваюць акісленнем прапілену: CH2=CH-CH3 + O2 → CH2=CH-COOH. Выкарыстоўваюць у вытв-сці іонаабменных смолаў, каучукоў, эфіраў (гл. Поліакрылаты). Акрылавую кіслату і яе солі дабаўляюць у друкарскія фарбы, пасты і інш.
т. 1, с. 201
АКРЫ́ЛАВЫЯ ВАЛО́КНЫ,
гл. ў арт. Поліакрыланітрыльныя валокны.
т. 1, с. 201
АКРЫ́ЛАВЫЯ КЛЕ́І,
поліакрылавыя клеі, сінтэтычныя клеі на аснове вытворных акрылавай, метакрылавай ці цыянакрылавай кіслот. Найб. пашыраны акрылавыя клеі з манамерных эфіраў ці раствораў поліакрылатаў ва ўласных манамерах ці інертных арган. растваральніках. Некаторыя акрылавыя клеі мадыфікуюць інш. манамерамі ці сінт. смоламі для надання ім спецыфічных уласцівасцяў (эластычнасці, тэрмаўстойлівасці, трываласці клеявых злучэнняў і інш.). Выкарыстоўваюцца для склейвання металаў, пластмасаў, драўніны, паперы, сілікатнага і арган. шкла (у т. л. аптычнага), цыянакрылатныя клеі — пры хірург. аперацыях. З акрылавых клеяў вырабляюць ліпкія стужкі і пластыры.
т. 1, с. 201
АКРЫ́ЛАВЫЯ ЛА́КІ,
поліакрылавыя лакі, растворы поліакрылатаў і іх вытворных у арган. растваральніках. Утвараюць святло-, атмасфера- і водаўстойлівыя пакрыцці з добрай адгезіяй да металу. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі алюмінію і яго сплаваў; эмалевыя фарбы на іх аснове — у авіяц. і аўтамаб. прам-сці, вытв-сці буд. канструкцый і інш.
т. 1, с. 201
АКРЫЛАМІ́Д,
арганічнае злучэнне, вытворнае акрылавай кіслаты, CH2=CH-CONH2. Мал. м. 71,07. Бясколерныя крышталі, tпл 84,5 °C. Раствараецца ў вадзе, метаноле, ацэтоне.
Атрымліваюць з акрыланітрылу: CH2=CH-CN H2O → CH=CH-CONCONH2. Манамер для атрымання поліакрыламіду і яго супалімераў, мадыфікатар гумавых сумесяў. Раздражняе слізістыя абалонкі (ГДК у вадзе 0,2 мг/м³).
т. 1, с. 201
АКРЫЛА́Н,
гл. ў арт. Поліакрыланітрыльныя валокны.
т. 1, с. 201
АКРЫЛАНІТРЫ́Л,
арганічнае злучэнне, вытворнае акрылавай кіслаты, CH2=CH-CN. Мал. м. 53,03. Бясколерная вадкасць з характэрным пахам, tкіп 77,3 °C, шчыльн. 0,80∙103 кг/м³. Раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках, палімерызуецца.
Атрымліваюць акісленнем сумесі прапілену і аміяку: CH2=CH-CH3 + NH3 + 3O → 3H2O + CH2=CH-CN. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліакрыланітрылу, валокнаў з яго, АБС-пластыку, бутадыен-нітрыльнага каўчуку і інш. супалімераў. Таксічны, сумесі з паветрам выбухованебяспечныя.
т. 1, с. 201
АКРЫЛА́ТНЫЯ КАЎЧУКІ́,
сінтэтычныя каўчукі, супалімеры эфіраў акрылавай кіслаты. Звычайна гэта супалімеры бутылакрылату з акрыланітрылам ці β-хлорэтылвінілавым эфірам акрылавай к-ты, якія атрымліваюць эмульсійнай супалімерызацыяй. Растваральныя ў вуглевадародах, няўстойлівыя да спіртоў і гліколяў і пры награванні ў вільготным асяроддзі. Вулканізуюцца амінамі ў спалучэнні з серай ці фенола-фармальдэгіднымі смоламі. Атрыманая гума масла-, бензіна-, цепла-, святло-, і азонаўстойлівая, газанепранікальная. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цепла- і масластойкіх гумава-тэхн. вырабаў, рамянёў, стужак для транспарцёраў, клеяў, лакафарбавых матэрыялаў, для абкладкі цыстэрнаў, бензабакаў, на ізаляцыю.
т. 1, с. 201