Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЙНІ́

(сапр. Садрыдзін Саід-Мурадзада; 27.4.1878, кішлак Сактарэ, каля г. Гіждуван, Узбекістан — 15.7.1954),

таджыкскі пісьменнік, вучоны. Ганаровы акад. АН Узбекістана (1943), 1-ы прэзідэнт АН Таджыкістана (з 1951). Вучыўся ў бухарскіх медрэсе. Пісаў на тадж. і узб. мовах. Прапагандаваў асв. ідэі. Аўтар зб. вершаў «Іскры рэвалюцыі» (1923). Талент Айні-бытапісца выявіўся ў аповесці «Адзіна» (1924), раманах «Дахунда» (1930), «Рабы» (1935). Аўтар кн. «Успаміны» (кн. 1—4, 1949—54), прац па гісторыі і л-ры народаў Сярэдняй Азіі, пра творчасць Рудакі, Ібн Сіна, Фірдаўсі, Саадзі, Наваі і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Літ.:

Айни X. Жизнь Садриддина Айни: (краткий хронол. очерк). Душанбе, 1982.

т. 1, с. 176

А́ЙНЫ,

народ на в-ве Хакайда ў Японіі, 20 тыс. чал. (1987). Асобная айнская раса, якая спалучае еўрапеоідныя, аўстралоідныя і мангалоідныя рысы. Мова айнская і японская. Паводле веравызнання будысты.

т. 1, с. 176

АЙРА́ВАТА,

у стараж.-індыйскай міфалогіі прабацька сланоў. Паводле міфа, Айравата і яшчэ 7 сланоў (дыгаджы), з’явіўшыся на свет з шалупіння яйка Брахмы, сталі захавальнікамі 8 напрамкаў (краін) свету. Айравата — захавальнік усходу, лічыцца баявым сланом Індры.

т. 1, с. 176

АЙРА́ЦКАЕ ХА́НСТВА,

Джунгарскае ханства, феадальная дзяржава айратаў (група зах.-манг. народаў) у Джунгарыі (ч. тэр. сучаснага Паўн.-Зах. Кітая) у 17—18 ст. Склалася ў 1630-я г. ў выніку аб’яднання айрацкіх княстваў. Узмацнілася пры Батуры-хунтайджы [1635 — каля 1660]. З 1670-х г. вяло войны з маньчжурскімі феадаламі. У 1757—58, аслабленае працяглай феад. усобіцай, заваявана кітайскай дынастыяй Цын.

т. 1, с. 176

А́ЙРТАН

(Ireton) Генры (1611, Атэнбара, графства Нотынгемшыр, Англія — 28.11.1651),

дзеяч англійскай рэвалюцыі 17 ст., ідэолаг памяркоўных індэпендэнтаў. Генерал парламенцкай арміі, паплечнік О.Кромвеля. З пач. грамадз. вайны ў 1642 выступіў на баку парламента супраць раялістаў, стаў адным з арганізатараў новай арміі. У 1645 выбраны ў Доўгі парламент. На канферэнцыі ў Патні (1647) гал. апанент левелераў, выступаў за захаванне караля і палаты лордаў, супраць ідэі «народакіравання». У 1648 дзеля захавання ўлады індэпендэнтамі стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суда над Карлам І, падпісаў яму смяротны прыгавор. У 1649 удзельнічаў у Ірландскім паходзе, лорд-правіцель Ірландыі (з 1650).

т. 1, с. 176

АЙРШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы. Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.

Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс. кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.

М.П.Грынь.

т. 1, с. 176

АЙРЭ́Н,

монастрафічны верш у армянскай сярэдневяковай паэзіі. Складаецца з чатырох 15-складовых радкоў, звязаных адной рыфмай. У сучаснай паэзіі айрэнам напісаны многія лір. мініяцюры (дарчыя надпісы і інш.). У бел. паэзіі сустракаецца ў М.Танка («Айрэн»).

т. 1, с. 176

А́ЙСБЕРГ

(англ. iceberg),

ледзяная гара, вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б. ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).

т. 1, с. 176

АЙСО́РЫ,

гл. Асірыйцы.

т. 1, с. 176

А́ЙСРЫЗЕНВЕЛЬТ,

(Eisriesenwelt), карставая пячора ва Усх. Альпах, у Аўстрыі, на Пд ад Зальцбурга. Буйнейшая ў Еўропе. Даўж. 42 км. Глыб. 407 м. Шматлікія залы са сталактытамі і сталагмітамі. Турызм.

т. 1, с. 176