А́ЙСБЕРГ

(англ. iceberg),

ледзяная гара, вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б. ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)