БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПАЛЯЎНІ́ЧЫХ І РЫБАЛО́ВАЎ,
добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1921 як Бел. паляўнічы саюз, з 1955 сучасная назва. Асн. задачы: выхаванне беражлівых адносін да прыродных багаццяў, вядзенне на навук. аснове паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі; ахова і павелічэнне колькасці карысных звяроў і рыб; стварэнне ўмоў для заняткаў членаў т-ва паляваннем і аматарскім рыбалоўствам; пашырэнне ведаў аб прыродзе і прыродаахоўная прапаганда; выраб паляўнічага і рыбалоўнага рыштунку; арганізацыя і правядзенне вучэбна-спарт. работы. Аб’ядноўвае каля 160 тыс. членаў, у тым ліку больш за 100 тыс. з правамі паляўнічых (1995). Друкаваны орган — газ. «Паляўнічы і рыбалоў Беларусі».
т. 2, с. 402
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПА СУ́ВЯЗЯХ З СУАЙЧЫ́ННІКАМІ ЗА РУБЯЖО́М,
Беларускае таварыства «Радзіма», добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1964 (у 1960—64 дзейнічала Бел. секцыя к-та «За вяртанне на Радзіму і развіццё культ. сувязяў з суайчыннікамі»). У 1976 пераўтворана ў Бел. т-ва «Радзіма». Сярод заснавальнікаў Р.Шырма і М.Танк. Асн. кірункі дзейнасці: культ. і эканам. кантакты з аб’яднаннямі землякоў за мяжой і асобнымі суайчыннікамі, перасылка за мяжу л-ры, падручнікаў, кінафільмаў, фотавыставак і інш., арганізацыя курсаў па вывучэнні бел. гісторыі, культуры і мовы, гуманіт. дапамогі ад замежных суайчыннікаў жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986 і інш. Т-ва заснавальнік газ. «Голас Радзімы».
т. 2, с. 402
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА Ў ПЕТРАГРА́ДЗЕ ПА АКАЗА́ННІ ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам-беларусам у 1-ю сусв. вайну. Існавала з студз. 1916 да пач. 1918. Заснавальнікі Б.І.Эпімах-Шыпіла, Ч.І.Родзевіч, А.П.Ярэміч, У.Ф.Міткевіч. На чале т-ва быў камітэт (старшыня Л.С.Сеўрук, нам. старшыні Ярэміч і М.І.Мігай, сакратар Э.А.Будзька). Т-ва аказвала дапамогу грашыма і рэчамі, адкрыла інтэрнаты для бел. студэнтаў і вучняў, дзіцячы прытулак, кравецкую майстэрню, выдавала лістоўкі з заклікам ахвяраваць грошы для бежанцаў, наладжвала «Беларускія вечарыны». Падтрымлівала сувязі з Мінскім аддзелам Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Імкнулася пашырыць уплыў на ўсю тэр., дзе знаходзіліся бежанцы. У снеж. 1917 перавыбраны камітэт т-ва, у яго ўвайшлі члены Бел. с.-д. рабочай партыі (А.Р.Чарвякоў, А.Х.Усціловіч і інш.). Спыніла дзейнасць са стварэннем Беларускага нацыянальнага камісарыята.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 402
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА
(БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вах Чырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.Варонка, віцэ-старшыні І.Цвікевіч і Н.Ліпоўскі, скарбнік П.Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.Бароўскі),
на Гродзеншчыне (С.Баран-Нямір), у Вільні (А.Карабач), Празе (М.Вяршынін), Рызе (К.Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 402
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ВЕ́ДЫ»,
грамадскае, навукова-асв. таварыства. Засн. 29.3.1948 у Мінску як рэсп. аддзяленне Усесаюзнага т-ва па пашырэнні паліт. і навук. ведаў; з 1963 т-ва «Веды» ў складзе Усесаюзнага т-ва «Веды». З 1991 сучасная назва. Чл. Міжнар. асацыяцыі «Веды» (з 1991). Аб’ядноўвае вучоных, выкладчыкаў, спецыялістаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Мэта: садзейнічанне прафесійна-эканам., прававой, паліт., экалагічнай адукацыі насельніцтва Беларусі, развіццю духоўнай культуры, інфармаванне па пытаннях дэмакр. пераўтварэнняў, дзейнасці цэнтр. і мясц. органаў улады і кіравання. Праводзіць лекцыі, канферэнцыі, праблемныя «круглыя» сталы і інш. Працуюць курсы, школы прафесійнай падрыхтоўкі, лекторыі. Дзейнічаюць рэсп., абл., гар. і раённыя арг-цыі т-ва.
К.К.Украінец.
т. 2, с. 400
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «КНІ́ГА»,
добраахвотная культ.-асв. грамадская арг-цыя. Створана ў 1974 як «Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі». З 1991 сучасная назва. Асн. задачы: развіццё бел. нац. культуры ў сферы кнігі; садзейнічанне кнігавыданню, кнігазнаўству, кнігараспаўсюджванню, рабоце б-к; зберажэнне і памнажэнне духоўных скарбаў народа, бел. мовы і л-ры, прапаганда кніг і перыяд. выданняў, распаўсюджванне сярод членаў т-ва і насельніцтва л-ры. Т-ва займаецца выдавецкай дзейнасцю (выпускае серыю мініяцюрных выданняў «Скарбы бел. л-ры і фальклору», выдала альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь» і інш.); арганізоўвае сустрэчы з пісьменнікамі, навукоўцамі, бібліяфіламі, супрацоўнікамі выд-ваў, музеяў; праводзіць чытацкія канферэнцыі, вечары, выстаўкі, прэм’еры, святы кнігі, конкурсы, агляды. У складзе т-ва 6 абл., 82 гар. і раённыя праўленні, больш за 1200 пярвічных арг-цый; больш за 46 тыс. членаў (1995).
Л.І.Макаранка.
т. 2, с. 401
БЕЛАРУ́СКАЕ ТЭАТРА́ЛЬНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ,
гл. Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі.
т. 2, с. 402
«БЕЛАРУ́СКАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ I РА́ДЫЁ»,
штотыднёвая газета. Выдаецца з 1957 у Мінску на бел. мове. Да 1960 наз. «Гаворыць Мінск», у 1960—70 — «Беларускае радыё і тэлебачанне», з 1970 сучасная назва. Друкуе тэле- і радыёпраграмы, якія трансліруюцца і рэтрансліруюцца на Беларусі па 19 каналах, анонсы тэле- і радыёперадач, інтэрв’ю з іх удзельнікамі і стваральнікамі, тэхн. кансультацыі і інш.
т. 2, с. 402
БЕЛАРУ́СКАЕ ТЭЛЕГРА́ФНАЕ АГЕ́НЦТВА
(БЕЛТА),
дзяржаўны інфармацыйны орган. Створана 7.3.1931. Займаецца зборам і перадачай паліт., эканам. і інш. інфармацыі для прэсы, тэлебачання, радыё, а таксама для сродкаў камунікацыі на аснове электронных тэхналогій.
Узнікненне інфармац. службы на Беларусі звязана з дзейнасцю рас. тэлегр. агенцтваў. У кастр. і ліст. 1881 у Мінску і Гродне былі адкрыты аддзяленні Рус. тэлегр. агенцтва. Пасля 1917 на Беларусі дзейнічала Петраградскае тэлегр. агенцтва. На базе яго карэспандэнцкай сеткі 23.12.1918 у Мінску створана Бел. аддзяленне Расійскага тэлегр. агенцтва (БелОТРОСТА). У 1919 пераўтворана ў Мінскае аддзяленне. У студз. 1921 у Мінску адкрыта Бел. бюро РОСТА з правам арганізацыі абл. аддзяленняў РОСТА. 18.1.1924 Бел. бюро РОСТА пераўтворана ў Бел. абл. аддзяленне камерцыйнага тэлегр. агенцтва (БелКТА) з цэнтрам у Мінску, якое абслугоўвала Мінскую, Віцебскую, Гомельскую і Смаленскую губ. 7.3.1931 на базе БелКТА створана Бел. тэлегр. агенцтва (БЕЛТА, у 1992—95 Бел. інфармацыйнае агенцтва, БЕЛІНФАРМ).
А.М.Міхальчанка.
т. 2, с. 402