Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКАЕ СТУДЭ́НЦКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВА ў Растове-на-Доне. Існавала ў 1927 пры Паўн.-Каўказскім ун-це (Растоў-на-Доне). Праводзіла культ.-асв. дзейнасць сярод бел. студэнцтва, аказвала матэрыяльную дапамогу сябрам зямляцтва. Распаўсюджвала сярод бел. студэнтаў перыяд. выданні БССР. Кантактавала з Цэнтральным бюро пралетарскага студэнцтва Беларусі (Мінск).

т. 2, с. 400

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

Белорусское обшество, групоўка інтэлігенцыі, чыноўнікаў, прадстаўнікоў заможнай часткі бел. сялян, якія арыентаваліся на саюз з царскім урадам. Існавала ў 1908 — 1-й пал. 1910-х г. Узнікла ў Вільні на аснове т-ва «Селянін» («Крестьянин»). Дзейнасць т-ва ўзначальвала праўленне (10 чал.). Старшыні Л.М.Саланевіч, з жн. 1911 П.В.Каранкевіч. Друкаваныя органы — газ. «Белорусская жизнь», «Северо-Западная жизнь», «Белорусский вестник». Т-ва стаяла на пазіцыях заходнерусізму, атрымлівала субсідыі ад урада, падтрымлівала сувязі з правымі дэпутатамі 3-й Дзярж. думы. Спрабавала дыскрэдытаваць бел. нац.-вызв. рух, выклікаць рэпрэсіі супраць газ. «Наша ніва». Падтрымлівала сталыпінскую агр. рэформу. Сумесна з дэпутатамі Думы склікала з’езд прадстаўнікоў вёскі Паўн.-Зах. краю (канец 1908 — пач. 1909). Да пачатку 1-й сусв. вайны сышло з паліт. арэны.

М.М.Забаўскі.

т. 2, с. 400

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1962. Аснова т-ва — пярвічныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць каля 3 млн. членаў (1995). Задачы т-ва: прапаганда ведаў аб прыродзе і яе ахове, далучэнне грамадзян да актыўнай дзейнасці па ахове прыроды, павелічэнні яе багаццяў, азеляненні нас. пунктаў, выхаванне экалагічнай свядомасці, беражлівых адносін і любві да прыроды і да роднага краю. Далучаецца да сусв. арг-цыі па ахове навакольнага асяроддзя «Грынпіс», супрацоўнічае з Беларускім «Фондам Сораса». Друкаваны орган — час. «Родная прырода».

т. 2, с. 400

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА БІБЛІЯФІ́ЛАЎ.

Існавала ў 1926—29 у БССР. Члены праўлення: М.М.Шчакаціхін (старшыня), М.І.Каспяровіч (сакратар), В.Ф.Вольскі, А.М.Тычына і Б.І.Эпімах-Шыпіла. У 1928 т-ва выдала кнігу А.Шлюбскага «Exlibris’ы А.Тычыны», у прадмове да якой ёсць звесткі пра бел. бібліяфілаў і экслібрысы.

т. 2, с. 400

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГЛУХІ́Х,

грамадская арг-цыя. Засн. Ў 1931. Цэнтр. праўленне ў Мінску. Прымае асоб з парушэннямі слыху ва ўзросце ад 16 гадоў. У складзе т-ва 6 абл., 10 міжраённых, больш за 240 пярвічных арг-цый (1995). Мае 10 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску, Оршы), Палац культуры ў Мінску, спарт. комплекс (у Гомелі), санаторый-прафілакторый «Азёрны» (на беразе Заслаўскага вадасховішча), клубы, б-кі, дамы культуры (у Віцебску, Гомелі, Гродне).

На Беларусі створаны дашкольныя ўстановы для дзяцей глухіх і са слабым слыхам (у Мінску, Бабруйску, Гомелі, Мазыры), спецшколы-інтэрнаты для дзяцей са слабым слыхам (Бабруйск, Віцебск, Гарадзея, Кобрын, Мінск, Поразава, Рэчыца), спецшколы-інтэрнаты для глухіх дзяцей (Ашмяны, Верхнядзвінск, Ждановічы, Мінск, Мсціслаў, Пінск, Рэчыца), аддзяленні па навучанні глухіх пры Гомельскім машынабуд. тэхнікуме і Мінскім медвучылішчы № 2 (рыхтуе зубных тэхнікаў); дзейнічаюць каля 30 спец. класаў пры агульнаадук. школах, 3 вячэрнія (пазменныя) школы для дарослых глухіх (у Віцебску, Гомелі, Мінску). Т-ва — член Сусв. федэрацыі глухіх.

т. 2, с. 400

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАБРАЧЫ́ННАСЦІ ў Стоўбцах. Дзейнічала ў 1931—33. Ставіла за мэту ўмацаванне нац. самасвядомасці бел. насельніцтва Зах. Беларусі. Займалася таксама аказаннем матэрыяльнай і маральнай дапамогі бедным, сіротам, інвалідам, прапагандавала сан. веды сярод сялян. Пры т-ве працавалі клуб з б-кай і радыё, бел. хор, ставіліся драм. спектаклі ў Стоўбцах, Нясвіжы, Міры, навакольных вёсках. Сябры т-ва арганізавалі курсы земляробства, кройкі і шыцця для сялян, чыталі лекцыі, вялі заняткі па бел. мове з дзецьмі, якія вучыліся ў польскіх школах. Сярод актывістаў т-ва Ф.Акінчыц, І.Гундзіловіч, М.Сабалеўскі і інш. Т-ва зазнала ганенні польскіх улад. 30.7.1933 на агульным сходзе прынята рашэнне далучыцца да Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.

т. 2, с. 401

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1915 — сярэдзіне 1920-х г. у Вільні. Т-ва арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, інтэрнаты, аказвала мед. дапамогу бежанцам. Сродкі складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, прыбыткаў з дабрачынных мерапрыемстваў. Адкрыла аддзелы ў Мінску, Дзісне, Вілейцы, Друскеніках, Полацку. Гуртавала вакол сябе дзеячаў бел. нац. руху, набыло значэнне прадстаўніка нац. інтарэсаў бел. насельніцтва. Займалася культ.-асв. працай. Пры ім была створана школьная камісія, якая арганізоўвала бел. школьніцтва, настаўніцкія курсы. У канцы 1916 у мяст. Свіслач пачала працаваць бел. настаўніцкая семінарыя. На курсах і ў семінарыі выкладалі А. і І.Луцкевічы, В.Ластоўскі, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. З канца 1918 дзейнасць т-ва ў сувязі са складанай ваен. і паліт. сітуацыяй на Віленшчыне, адсутнасцю грошай пачала згортвацца, на пач. 1920-х г. зводзілася да ўтрымання дзіцячага прытулку ў Вільні. Звесткі пра функцыянаванне т-ва пасля 1925 не выяўлены.

А.М.Бабкоў, С.С.Рудовіч.

т. 2, с. 401

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,

добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз. Бел. т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш. Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.

А.М.Ваніцкі.

т. 2, с. 401

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІНВАЛІ́ДАЎ

(БелТІ),

добраахвотная грамадская арг-цыя (каля 200 тыс. членаў). Засн. ў 1988. Асн. мэты: сац.-прац. рэабілітацыя, абарона правоў і інтарэсаў інвалідаў. Цэнтр. праўленне ў Мінску. У складзе т-ва 1500 пярвічных арг-цый; дзейнічаюць 200 камбінатаў надомнай працы, вытворчых, сумесных і інш. прадпрыемстваў; навуч.-вытв. прадпрыемства «Лёс» у Гомелі, Цэнтр рэабілітацыі дзяцей з дзіцячым цэрэбральным паралічом «Тонус» у Брэсце, Цэнтр творчасці інвалідаў у Мінску. БелТІ — член міжнар. арг-цый інвалідаў, падтрымлівае кантакты з 30 краінамі свету. Выдае газеты «Наша доля» і «Вера», літ.-маст. час. «Акно».

М.І.Каўбаска.

т. 2, с. 401

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІНВАЛІ́ДАЎ ЗРО́КУ,

грамадская арг-цыя. Засн. ў 1924. Прымае асоб ва ўзросце ад 16 гадоў. Налічвае больш за 90 тыс. членаў (1995). Асн. мэта — сац.-прац. рэабілітацыя інвалідаў па зроку і іх інтэграцыя ў грамадстве. Цэнтр. праўленне ў Мінску. У складзе т-ва 6 абл. і больш за 130 раённых арг-цый; дзейнічаюць 17 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мазыры, Маладзечне, Мінску, Навагрудку, Оршы, Полацку, Чэрвені і інш.); культ.-асв. цэнтр (цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, студыя гуказапісу, камерны хор «Кантус», эстрадны аркестр, клубы і дамы культуры). Друкаваны орган — «Цэнтральная газета», працуе радыёчасопіс «Таварыш».

А.І.Нятылькін.

т. 2, с. 401