ВАЛЮ́ТНЫ КО́ШЫК,
метад вымярэння сярэднеўзважанага курсу адной валюты ў адносінах да пэўнага набору інш. валют. Выкарыстоўваецца ў сувязі з увядзеннем у 1973 плаваючых валютных курсаў. Неабходны для разліку курсаў нац, валют, стварэння міжнар. грашовых адзінак (тыпу СДР, ЭКЮ і інш.), індэксацыі валюты цаны і валюты пазыкі ў міжнар. эканам. адносінах. Для разліку валютнага курса бяруць валюту некалькіх краін, вызначаюць удз. вагу дадзенай краіны ў сукупным валавым нац. прадукце і знешнегандл. абароце гэтых краін. Напр., для «пабудовы» СДР выкарыстана 5 нац. валют (долар ЗША, ням. марка, яп. іена, франц. франк, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі) і ЭКЮ.
т. 3, с. 497
ВАЛЮ́ТНЫ КРЫ́ЗІС,
рэзкае абвастрэнне супярэчнасцей у валютнай сферы, глыбокае і зацяжное яе разладжванне. Выяўляецца ў рэзкіх ваганнях валютных курсаў, хуткіх і значных па маштабах перамяшчэннях валютных рэзерваў, дэвальвацыях і рэвальвацыях валют, пагаршэнні міжнар. валютнай ліквіднасці. Звычайна ахоплівае нац. валютныя (грашовыя) сістэмы, а таксама міжнар. разлікі, суправаджаецца інфляцыяй.
т. 3, с. 497
ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,
цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.
Г.І.Краўцова.
т. 3, с. 497
ВАЛЮ́ТНЫ ПАРЫТЭ́Т,
заканадаўча ўстаноўленыя адносіны паміж валютамі дзвюх краін. З’яўляецца асновай валютнага курсу. Пры монаметалізме і біметалізме валютны парытэт — суадносіны грашовых адзінак па іх метал. вартасці. Залаты парытэт — суадносіны грашовых адзінак розных краін па іх афіцыйнай залатой вартасці (адменены ў 1976—78). Ва ўмовах абарачэння не размененых на золата крэдытных і папяровых грошай валютны парытэт устанаўліваецца ў залежнасці ад узроўню цэн унутры краіны і пакупной здольнасці замежных валют, а таксама (як і валютны курс) на базе валютнага кошыка і СДР.
т. 3, с. 497
ВАЛЮ́ШКІН Канстанцін Дзмітрыевіч
(н. 22.4.1932, в. Тыльцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Віцебскі вет. Ін-т (1955). З 1969 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па прафілактыцы аліментарнай бясплоднасці кароў пры вітамінна-мінеральнай недастатковасці. Распрацаваў вучэнне пра акушэрска-гінекалагічную дыспансерызацыю жывёлы.
Тв.:
Борьба с яловостью коров. Мн., 1976 (разам з В.М.Васкабойнікавым, А.С.Церашэнкавым);
Витамины и микроэлементы в профилактике бесплодия коров. Мн., 1981;
Акушерско-геникологическая диспансеризация коров и телок. Мн., 1987.
т. 3, с. 498
ВАЛЮ́ШНЯ,
валюш, сукнавальня, майстэрня для валення сукна, лямцу, валёнкаў і інш. Існавала на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 20 ст. Лакальная назва фолюш. Звычайна валюшню будавалі каля рэчак, праточных азёр, балот, сажалак, таму што дзейнічала яна, як вадзяны млын, у якім замест жорнавых паставоў выкарыстоўвалі ступы з таўкачамі, дзе выраблялі сукно. З 16 ст. валюшні вядомы ў Нясвіжы, Давыд-Гарадку, вёсках Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на), Цімкавічы (Капыльскага р-на) і інш.; у буйных фальварках, часта належалі мяшчанам. У 20 ст. на валюшнях, акрамя вадзянога кола, выкарыстоўвалі паравы рухавік ці электрапрывод. У вёсках бытавалі і ручныя валюшні — своеасаблівыя пераносныя на падстаўцы або стацыянарныя на ножках станкі, дзе змочанае ў гарачай вадзе сукно клалі на рабрыстую паверхню і раскатвалі рабрыстай дошкай, якую за ручку цягалі 2—4 работнікі. Выйшлі з ужытку ў 1930—40-я г.
т. 3, с. 498
ВАЛЯ́ННЕ,
спосаб вытворчасці шарсцяных вырабаў (сукно, лямец, валены абутак) счапленнем і перапляценнем паміж сабой ваўняных валокнаў. Пры валянні воўну разрыхляюць на трапальных і шчыпальных машынах, замасліваюць і змешваюць; з сумесі робяць вату, з якой наслаеннем рыхтуюць аснову па форме вырабу, але большых памераў. Аснову ўшчыльняюць, прамочваюць растворам сернай кіслаты і ўвальваюць, пасля чаго праводзяць інш. апрацоўчыя работы.
т. 3, с. 498
ВАЛЯНЦЮ́К Анатоль Мікалаевіч
(н. 28.8.1951, в. Трыліскі Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1972). З 1972 у Ін-це прыкладной оптыкі АН Беларусі (г. Магілёў). Навук. працы па фіз. оптыцы. Распрацаваў статыстычную тэорыю распаўсюджвання аптычнага выпрамянення і бачання праз стахастычныя рассейвальныя асяроддзі.
Тв.:
Оптическое изображение при дастанционном наблюдении. Мн., 1991 (разам з К.Р.Прэдкам).
т. 3, с. 499
ВАЛЯР’Я́Н,
маун (Valeriana), род кветкавых раслін сям. валяр’янавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, таксама ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пашыраны валяр’ян лекавы (V. officinalis), у межах якога вылучаюць больш дробныя віды. Расце на сырых лугах, балотах, па берагах рэк, азёр і канаў, у забалочаных лясах і хмызняках, культывуецца як лек. расліна. Таксама трапляецца вельмі рэдкі рэліктавы від — валяр’ян двухдомны (V. dioica), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр. бат. садзе АН як дэкар. і лек. (заменнік валяр’яну лекавага) расліна інтрадукаваны валяр’ян ліпалісты (V. tiliifolia).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. галінастым сцяблом выш. 5—100 см і тоўстым карэнішчам з мноствам каранёў, таксама паўкусты, кусты і ліяны. Сцябловае лісце супраціўнае, цэласнае, трайчастае або няпарнаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружаватыя, бэзаватыя, радзей белыя, у складаных шчыткападобна-мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — дробная сямянка з лятучкай. Лек. (заспакаяльны, процісутаргавы, проціспазмалітычны і проціглісны сродак, карані і прэпараты з іх выкарыстоўваюць у медыцыне), дэкар. і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, арган. к-ты, алкалоіды (валярын, хацінін), гліказіды, смолы, дубільнікі, цукры і інш.
т. 3, с. 499