ВАЛЯР’Я́Н,

маун (Valeriana), род кветкавых раслін сям. валяр’янавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, таксама ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пашыраны валяр’ян лекавы (V. officinalis), у межах якога вылучаюць больш дробныя віды. Расце на сырых лугах, балотах, па берагах рэк, азёр і канаў, у забалочаных лясах і хмызняках, культывуецца як лек. расліна. Таксама трапляецца вельмі рэдкі рэліктавы від — валяр’ян двухдомны (V. dioica), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр. бат. садзе АН як дэкар. і лек. (заменнік валяр’яну лекавага) расліна інтрадукаваны валяр’ян ліпалісты (V. tiliifolia).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. галінастым сцяблом выш. 5—100 см і тоўстым карэнішчам з мноствам каранёў, таксама паўкусты, кусты і ліяны. Сцябловае лісце супраціўнае, цэласнае, трайчастае або няпарнаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружаватыя, бэзаватыя, радзей белыя, у складаных шчыткападобна-мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — дробная сямянка з лятучкай. Лек. (заспакаяльны, процісутаргавы, проціспазмалітычны і проціглісны сродак, карані і прэпараты з іх выкарыстоўваюць у медыцыне), дэкар. і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, арган. к-ты, алкалоіды (валярын, хацінін), гліказіды, смолы, дубільнікі, цукры і інш.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)