ВАЛЮ́ШНЯ,
валюш, сукнавальня, майстэрня для валення сукна, лямцу, валёнкаў і інш. Існавала на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 20 ст. Лакальная назва фолюш. Звычайна валюшню будавалі каля рэчак, праточных азёр, балот, сажалак, таму што дзейнічала яна, як вадзяны млын, у якім замест жорнавых паставоў выкарыстоўвалі ступы з таўкачамі, дзе выраблялі сукно. З 16 ст. валюшні вядомы ў Нясвіжы, Давыд-Гарадку, вёсках Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на), Цімкавічы (Капыльскага р-на) і інш.; у буйных фальварках, часта належалі мяшчанам. У 20 ст. на валюшнях, акрамя вадзянога кола, выкарыстоўвалі паравы рухавік ці электрапрывод. У вёсках бытавалі і ручныя валюшні — своеасаблівыя пераносныя на падстаўцы або стацыянарныя на ножках станкі, дзе змочанае ў гарачай вадзе сукно клалі на рабрыстую паверхню і раскатвалі рабрыстай дошкай, якую за ручку цягалі 2—4 работнікі. Выйшлі з ужытку ў 1930—40-я г.
т. 3, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)