Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЙЦЯХО́ЎСКІ

(Wojciechowski) Станіслаў (15.6.1869, г. Каліш, Польшча — 9.4.1953),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. Адзін з заснавальнікаў Польскай сацыяліст. партыі (1892). У 1919—20 міністр унутр. спраў, у 1922—26 прэзідэнт Польшчы (адхілены ад улады ў выніку перавароту на чале з Ю.Пілсудскім). Праф. Гал. школы сельскай гаспадаркі (1926—39). Аўтар прац «Кааператыўны рух у Англіі» (1907), «Кааперацыя ў яе гістарычным развіцці» (1923).

т. 3, с. 461

ВАЙЦЯШО́НАК Марыя Антонаўна

(н. 3.5.1942, г. Змяінагорск Алтайскага краю, Расія),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1972). Займалася пед. дзейнасцю, з 1974 — журналістыкай. Друкуецца з 1959 як празаік і публіцыст. Кнігі нарысаў і апавяданняў «Сярод блізкіх людзей» (1988), «Жанчына каля люстэрка» (1993) вызначаюцца добрым веданнем вясковага жыцця, тонкім псіхалагізмам, выразнасцю характараў.

т. 3, с. 461

ВА́ЙЧКУС

(Vaičkus) Юозас (16.4.1885, в. Застаўчай Мажэйкскага р-на, Літва — 7.4.1935),

літоўскі тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў літ. прафес. т-ра. У 1905 стварыў вандроўную аматарскую трупу (з 1911 Вандроўны т-р Вайчкуса), з якой гастраліраваў па Літве. У час вучобы ў студыі Александрынскага т-ра ў Петраградзе стварыў там у 1916 Літоўскую драм. студыю, якая стала першым прафес. т-рам. У Вільнюсе, Каўнасе ставіў п’есы П.Вайчунаса, Ю.Жэмайтэ, Л.Талстога, А.Чэхава, Г.Ібсена. З 1920 рэжысёр Драм. т-ра Т-ва творцаў літ. мастацтва (з 1922 Дзярж. т-р), дзе паставіў «Агні Іванавай ночы» Г.Зудэрмана, «Карэн Борнеман» Я.Бергстрэма. У 1923—32 жыў у ЗША. У 1932 стварыў у Каўнасе студыю кіно і т-ра, т-ва «Ліетфільм».

т. 3, с. 461

ВАЙШКУНЫ́,

курганны могільнік балтаў 9—11 ст. на ПнУ ад в. Вайшкуны Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. 9 курганоў у 1975 даследаваў Я.Г.Звяруга. Пахавальны абрад — трупаспаленне на гарызонце ці ў насыпе. Выяўлены рэшткі вогнішчаў. Сярод знаходак жал. сякеры, наканечнікі кап’я, шыла, шпількі, бронзавыя званочкі, фрагменты шыйных грыўняў, бранзалетаў, гліняныя прасліцы, кераміка.

т. 3, с. 462

ВАЙШНО́РАС

(Vajsnoras) Феліксас (18.5.1897, в. Пілвішкіс Вілкавішкскага р-на, Літва — 21.8.1972),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Літвы (1965). Скончыў Камуністычны ун-т нац. меншасцей Захаду ў Маскве (1925). З 1930 у Мінску — супрацоўнік, у 1934—37 — рэдактар газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1937 рэпрэсіраваны (рэабілітаваны ў 1956). З 1945 у Вільнюсе. Аўтар зб-ка вершаў «Пад сцягам працы і барацьбы» (1934, на літоўскай мове), кнігі мемуараў «Да светлага жыцця» (1960). На літ. мову пераклаў (пад псеўд. Ф.Садайніс) паэму Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1935), асобныя творы П.Броўкі, Я.Коласа, Т.Кляшторнага, І.Харыка і інш. А.І.Мальдзіс.

т. 3, с. 462

ВА́ЙШЫІ

(санскр.),

члены адной з 4 варнаў (саслоўяў) у Стараж. Індыі. У дакласавы перыяд да вайшаў адносілі паўнапраўных сапляменнікаў (побач з кшатрыямі і брахманамі). У класавым грамадстве вайшамі наз. свабодныя паўнапраўныя абшчыннікі, земляробы, жывёлаводы, пазней некаторыя рамеснікі і гандляры. У сярэднія вякі вайшамі называлі пераважна гандляроў.

т. 3, с. 462

ВАК,

гл. Вышэйшы атэстацыйны камітэт.

т. 3, с. 462

ВА́КА

(Vaca) Альвара Нуньес Кавеса дэ (1490—1564),

іспанскі канкістадор. У 1528 высадзіўся з экспедыцыяй П.Нарваха на п-ве Фларыда ў Паўн. Амерыцы. Пасля гібелі экспедыцыі быў у палоне ў розных плямён індзейцаў, займаўся знахарствам. За 9 гадоў блуканняў першы з еўрапейцаў ажыццявіў падарожжа праз тэр. сучасных Луізіяны, Тэхаса да р. Рыо-Грандэ і паўн. ісп. фарпостаў каля Каліфарнійскага заліва. У 1537 праз Мексіку вярнуўся ў Іспанію. Быў прызначаны імператарам Карлам V губернатарам Рыо-дэ-Ла-Платы, у 1541 з флотам прыбыў на в-аў Санта-Катарына паблізу ўзбярэжжа Бразіліі і дайшоў праз невядомыя землі да Асунсьёна. Падымаўся па р. Парана да 18° паўд. ш., зрабіў няўдалую спробу дайсці да Андаў. У 1542 захоплены сапернікам-канкістадорам Д.М.Іралам і адпраўлены ў Іспанію. Пакінуў апісанне падарожжа па Паўн. Амерыцы (1555).

т. 3, с. 462

ВАКАЛІ́З

(франц. vocalise ад лац. vocalis галосны гук; гучны, пявучы),

1) практыкаванне для развіцця вакальнай тэхнікі, якое выконваецца на галосным гуку.

2) Канцэртны твор, найчасцей для сапрана з інстр. суправаджэннем. Адсутнасць слоў і кантыленнасць, часам віртуознасць, дазваляюць выявіць прыгажосць і выпрацаванасць голасу («Вакаліз у форме хабанеры» М.Равеля, «Вакаліз» С.Рахманінава). У 20 ст. вакаліз набліжаецца да інстр. жанраў (5 мелодый для голасу ці скрыпкі з фп. С.Пракоф’ева, вакаліз-эцюд К.Шыманоўскага; саната-вакаліз, сюіта-вакаліз для голасу з фп. М.Метнера; канцэрт для голасу з арк. Р.Гліэра). Спецыфічны эфект дасягаецца ў харавым вакалізе («Дафніс і Хлоя» Равеля). Вакаліз ў бел. музыцы: Канцэрціна для голасу з арк. Дз.Лукаса, вакаліз з сімф. арк. памяці Дз.Шастаковіча Л.Абеліёвіча, вакаліз-калыханка з балета «Мара» Я.Глебава і інш.

т. 3, с. 462

ВАКАЛІ́ЗМ,

гл. ў арт. Галосныя гукі.

т. 3, с. 462