БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАВАСЛА́ЎНАЕ БРА́ЦТВА Трох віленскіх пакутнікаў, рэлігійная арг-цыя пры Беларускім Экзархаце. Засн. ў 1992 у Мінску пры Свята-Петрапаўлаўскім саборы. Асн. кірункі дзейнасці: вывучэнне і пашырэнне правасл. веры ў бел. грамадстве, выхаванне высокай маральнасці, справядлівасці і гуманізму. Выдае рэліг. л-ру, час. «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», Беларускія праваслаўныя календары і інш. З’яўляецца членам сусв. правасл. арг-цыі «Syndesmos» («Звязка»), супрацоўнічае з бел. царк. і культ. асяродкамі Амерыкі, Канады, Літвы, Расіі. У ліп. 1993 па ініцыятыве і сіламі брацтва з Віленскага Свята-Духавага манастыра ў Свята-Петрапаўлаўскі сабор у Мінску перанесена частка мошчаў св. пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія.
М.А.Матрунчык.
т. 2, с. 399
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Коўне, дыпламатычнае прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з В.Ластоўскім пры літоўскім урадзе. Існавала ў 1919—23 у г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва). Размяшчалася ў будынку мін-ва бел. спраў літоўскага ўрада (існавала з канца 1918). Пасля расколу Рады БНР (1919), калі большасць дзеячаў БНР спрабавалі ажыццявіць ідэалы незалежнасці ў саюзе з Літвой, у Коўне быў створаны новы ўрад БНР, які меў права экстэрытарыяльнасці ў Літве. 11.11.1920 заключаны літоўска-бел. дагавор аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскай інтэрвенцыі. Літ. ўрад падтрымліваў урад БНР, садзейнічаў экспарту тавараў з Германіі ў Зах. Беларусь, фінансаваў правядзенне Першай Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921), прымаў паліт. бежанцаў, падтрымліваў партыз. рух на акупіраваных Польшчай зах. бел. землях. У складзе арміі Літвы дзейнічалі бел. вайсковыя фарміраванні. Бел. палітыкі намагаліся зрабіць Вільню бел.-літ. цэнтрам барацьбы супраць польск. акупацыі, фактарам аб’яднання двух брацкіх народаў. Урад БНР падтрымліваў намаганні літ. Боку правесці на тэр. Зах. Беларусі плебісцыт аб выбары паміж Польшчай і Літвой. Правал гэтых намераў, а таксама спробы Літвы вярнуць Вільню праз байкот выбараў у сейм т.зв. Сярэдняй Літвы ў канцы 1921 (у гэтым яе падтрымлівала і Беларускае прадстаўніцтва) пагоршыў адносіны літ. ўрада да бел. спраў. Пасля прызнання ў 1923 межаў польск. дзяржавы Камісіяй паслоў дзяржаў Антанты, разгрому бел. партыз. руху на акупіраваных Польшчай землях літ. ўрад перастаў падтрымліваць урад БНР, які ў канцы 1923 пераехаў у Прагу, мін-ва бел. спраў літ. ўрада закрылася, быў дэнансаваны літ.-бел. дагавор 1920.
З.В.Шыбека.
т. 2, с. 399
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Берліне. Створана ў канцы 1939 пры мін-ве ўнутраных спраў Германіі. Займалася выяўленнем асоб бел. нацыянальнасці ў Германіі і на захопленых ёй тэрыторыях. У розны час кіраўнікамі былі Ф.Акінчыц, А.Шкуцька і інш. У 1940 пры Беларускім прадстаўніцтве быў створаны Бел. к-т самапомачы з філіяламі ў Варшаве, Празе, Вене, Лодзі, Мюнхене і інш. гарадах. Беларускае прадстаўніцтва і Бел. к-т самапомачы супрацоўнічалі з герм. разведслужбамі і службай бяспекі (СД), вялі работу з ваеннапалоннымі беларусамі з Войска Польскага. Напярэдадні Вял. Айч. вайны дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы выкарыстоўвалася ў разведвальных і прапагандысцкіх мэтах, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі. У чэрв. 1941 у Берліне на радзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр. Беларускае прадстаўніцтва выдавала газ. «Раніца».
А.М.Літвін.
т. 2, с. 399
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАЛЕТА́РСКАЕ СТУДЭ́НЦКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВА ў Маскве. Існавала ў 1923—30 як нац. студэнцкая арг-цыя (756 чал.). Аб’ядноўвала зямляцтвы 22 ВНУ Масквы. Статутныя мэты: «Змаганне з буржуазна-шавіністычнай і непралетарскай ідэалогіяй»; арганізацыя навук. і культурніцкай працы сярод бел. студэнтаў; падрыхтоўка для Беларусі кваліфікаваных спецыялістаў, якія ведаюць мясц. асаблівасці і бел. мову; стварэнне спецыялізаваных навук. гурткоў па вывучэнні гісторыі, геаграфіі, роднай мовы і л-ры; арганізацыя навуч. практыкі на Беларусі; размеркаванне пасля сканчэння ВНУ на працу ў Беларусь; матэрыяльная ўзаемадапамога. У 1930 усе згуртаванні па тэр.-нац. прыкметах скасаваны, а пытанні моладзі перададзены ў камсамольскія арг-цыі па месцы вучобы.
т. 2, с. 399
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРЫВА́ТНАЕ АГЕ́НЦТВА НАВІ́Н
(БелаПАН),
інфармацыйнае агенцтва. Засн. прыватнымі асобамі ў кастр. 1991 у Мінску ў складзе аднайм. кампаніі. Супрацоўнічае з буйнейшымі сродкамі масавай інфармацыі Беларусі, Прыбалтыкі, Расіі, а таксама Польшчы, Чэхіі, Германіі, ЗША. Мае шырокую сетку ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, карэспандэнцкія пункты ў Вільні, Маскве і Кіеве. Падтрымлівае цесныя сувязі з укр. інфарм. агенцтвам УНІАН.
т. 2, с. 399
БЕЛАРУ́СКАЕ РА́ДЫЁ за мяжой. Упершыню перадачы на бел. мове пачалі выходзіць у 1928—29 у Чыкага
(ЗША, засн. Я.Варонкам, адноўлены ў 1940-я г. Я.Тарасевічам),
з 1949 на радыё Ватыкана (засн. П.Татарыновічам). У 1954 створана бел. рэдакцыя на радыё «Вызваленне» ў Мюнхене (кіраўнік В.Жук-Грышкевіч; з 1959 наз. «Свабода», з 1995 у г. Прага, кіраўнік М.Іваноў). З 1958 на Мадрыдскім нац. радыё (Іспанія) пачаліся штодзённыя бел. перадачы. На бел. мове выходзілі таксама перадачы ў ЗША (у гарадах Дэтройт, Кліўленд, Нью-Йорк), у Канадзе (Лондан, Садбур, Таронта, Оўквіл), у Аўстраліі (Брысбен, Мельбурн), у Вялікабрытаніі, Германіі, Аргенціне, Бельгіі і інш. Існуюць (1996) бел. праграмы на радыёстанцыях «Свабода», «Нёман» (г. Чыкага, ЗША, кіраўнік Н.Жызнеўскі), «Рэха Масквы» (г. Масква, Расія), у Ватыкане, у гарадах Перт і Сідней (Аўстралія, кіраўнікі М.Раецкі, М.Лужынскі), Беласток (Польшча, наз. «Пад знакам пагоні»), Вільнюс (Літва, «Беларускае слова на хвалях Літвы»), Львоў (Украіна, «Весткі з Беларусі»), на нац. радыё Польшчы, Латвіі, Эстоніі і інш.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 399
БЕЛАРУ́СКАЕ САБРА́ННЕ,
грамадская арг-цыя, якая існавала ў г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва) у крас. 1921 — лют. 1922. Мела на мэце культ. дзейнасць сярод бел. насельніцтва ў Літве, паліт., навук., маст. і фіз. ўдасканаленне сваіх членаў. У Беларускае сабранне ўваходзілі Я.Варонка (старшыня ўправы), В.Ластоўскі, А.Вальковіч, А.Галавінскі, К.Дуж-Душэўскі, В.Захарка, А.Ружанцоў, А.Рэшка, А.Цвікевіч, Я.Шальмук і інш. У чэрв. 1921 пры Беларускім сабранні створаны «Беларускі клуб».
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 400
«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,
штодзённая паліт., літ. і эканам. газета. Орган Гродзенскага бел. нац. к-та, з 23.11.1920 — Цэнтр. бел. нац. к-та. Выдавалася з 2.10.1920 да 7.1.1921 у Гродне на бел. мове. Інфармавала пра падзеі на Беларусі, у Польшчы, міжнар. падзеі. Паліт. жыццё асвятляла з пазіцый барацьбы за нац. вызваленне бел. народа, у гэтай сувязі палемізавала з польск. афіц. прэсай. Крытыкавала палітыку нац. ўціску ў Польшчы: зняволенне ў турмы бел. інтэлігенцыі, рабункі і фізічныя пакаранні сялян польск. салдатамі, надзяленне бел. і ўкр. землямі польск. вайскоўцаў, праследаванні бел. настаўнікаў, паланізацыю школы. Асвятляла сац.-паліт. жыццё ў СССР і БССР. Выйшла 78 нумароў.
А.М.Пяткевіч.
т. 2, с. 400
«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,
штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 3.2.1926 да 9.2.1928 у Вільні на бел. мове. Выдавец — Часовая бел. рада, з № 20 за 1926 — Бел. нац. рада. У праграмных артыкулах заяўляла пра нац. адраджэнне, тэрытарыяльную і культ.-нац. аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам, шырокі дэмакратызм, нац. царкву, барацьбу з камунізмам і далучэнне Усх. Беларусі да Заходняй. Асвятляла пытанні бел. школьніцтва, працаўладкавання бел. інтэлігенцыі, зямельнай справы і інш. Крытыкавала праграмы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Бел. сялянскага саюза, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Выйшлі 74 нумары.
В.І.Дзяшко.
т. 2, с. 400
«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,
газета. Выдавалася ў 1943—44 у Віцебску (друкавалася ў Дзвінску) на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Выходзіла 2—3 разы ў месяц. Асноўны змест газеты — інфармацыя аб падзеях на франтах, міжнар. адносінах, пытанні гісторыі Беларусі, нац.-культ. жыцця, адукацыі. Друкавала тэатр. рэцэнзіі, крытычныя агляды бел. л-ры, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў, маст. творы бел. аўтараў. Выйшаў не менш як 61 нумар.
С.У.Жумар.
т. 2, с. 400