АРКАНА́ДА
(Arconada) Сесар Муньёс (5.12.1898, Астудыльё — 10.3.1964),
іспанскі пісьменнік. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1939 жыў у СССР. Выдаў зб-кі сюррэалістычных вершаў «Смага» (1921), «Горад» (1928). У раманах «Турбіна» (1930), «Беднякі супраць багацеяў» (1933), «Падзел зямлі» (1934) карціны жыцця іспанскай вёскі 1920—30-х г. Тэме грамадз. вайны ў Іспаніі прысвяціў раман «Рака Таха» (1938). Аўтар паэмы «Далорэс» (1949), трагедыі «Мануэла Санчэс» (1949).
Тв.:
Рус. пер. — Река Тахо. М., 1941;
Испания непобедима: Сб. рассказов. М., 1943.
т. 1, с. 478
АРКА́НЗАС
(Arkansas),
рака ў ЗША, правы прыток Місісіпі. Даўж. 2410 км, пл. бас. 416 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па вузкіх глыбокіх цяснінах (Ройял-Гордж, Гранд-Каньён і інш.), затым з З на У па Вялікіх і на ПдУ па Цэнтр. раўнінах. Мае няўстойлівае рэчышча ў перыяды паводак. Паўнаводная вясною ад раставання снягоў і летам ад дажджоў; характэрны летнія ліўневыя паводкі. Ваганні ўзроўню дасягаюць 8—10 м (каля г. Літл-Рок). Сярэднегадавы расход вады каля 1,8 тыс. м³/с. Суднаходная на 1 тыс. км ад вусця. У сістэме Арканзаса буйныя вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Арканзасе гарады Уічыта, Талса, Літл-Рок.
т. 1, с. 478
АРКА́НЗАС
(Arcansas),
штат на Пд ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўд.-Зах. Цэнтра. Пл. 137,8 тыс. км², нас. 2424 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Літл-Рок. Буйныя гарады: Форт-Сміт, Блайтвіл, Феетвіл. Гар. насельніцтва каля 50%. На ПнЗ плато Азарк (823 м), на ПдЗ горы Уашыта, на У і ПдУ урадлівая даліна Місісіпі і Берагавыя Раўніны. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-ра (у г. Літл-Рок) студз. 6 °C, ліп. 28 °C, ападкаў 1250 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Арканзас і Уайт-Рывер. Больш як палавіна тэрыторыі пад лесам (хвоя, белы дуб, кіпарыс, каменнае дрэва). Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, земляробства, турызм, лясная гаспадарка. Прамысловасць: хім., лесаапр., папяровая, электратэхн., маш.-буд., нафтаперапр., металургічная (выплаўка алюмінію і сталі), швейная і інш. Здабыча буд. пяскоў і каменю, баксітаў, нафты і газу. Вырошчваюць сою, рыс, бавоўнік, пшаніцу, кукурузу, агародніну, вінаград, садавіну. Гадуюць свіней і птушак. Адкорм буйн. раг. жывёлы, вырошчванне бройлераў. Транспарт: рачны (на Місісіпі і Арканзасе), чыг., аўтамаб., ёсць газа- і нафтаправоды. Турызм. Курорты на плато Азарк.
М.С.Вайтовіч.
т. 1, с. 478
АРКАТА́Г,
Пржавальскага хрыбет, на З Кітая, у цэнтр. ч. Куньлуня. Даўж. каля 650 км. Выш. да 7723 м (г. Улугмузтаг). Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў, пясчанікаў. Выраўнаваныя вяршыні, каменныя восыпы, галечнікава-друзавыя пустыні, азёрныя ўпадзіны, рачныя даліны. Невял. ледавікі. Адкрыты рускім падарожнікам М.М.Пржавальскім (1884).
т. 1, с. 478
АРКАТУ́РА
(ням. Arkatur),
рытмічны рад дэкаратыўных несапраўдных арак на фасадах будынкаў або на сценах унутры памяшканняў. Выконвае ролю фрыза, зрэдку дапоўненага кансолямі, паўкалонкамі, лапаткамі. Узнікла ў раманскай архітэктуры 10—13 ст. Пашырылася ў збудаваннях стыляў готыкі і рэнесансу, у якіх выкарыстоўваліся спічастыя і круглыя аркі ў аздабленні сцен, вежаў, франтонаў, у несапраўднай готыцы і псеўдарускім стылі.
т. 1, с. 478
АРКАШО́Н
(Arcachon),
кліматычны курорт на беразе Біскайскага заліва ў Францыі. На ПдЗ ад г. Бардо. Узнік у 19 ст. Мяккі марскі клімат без рэзкіх ваганняў т-ры, пляж даўж. каля 6 км, дзюны, хвойнікі. Шматлікія санаторыі і гасцініцы. Буйнейшы ў Еўропе цэнтр па здабычы вустрыц.
т. 1, с. 479
А́РКА ТРЫУМФА́ЛЬНАЯ,
трыумфальная брама, пастаяннае або часовае манументальнае афармленне праезду (звычайна арачнае) або збудаванне ў гонар ваеннай перамогі, гістарычнай падзеі ці асобы. Брамы з адным ці трыма арачнымі пралётамі звычайна маюць насычаны арх.-пластычны дэкор: аздоблены скульптурай, памятнымі надпісамі. Узніклі ў Стараж. Рыме, дзе прызначаліся для цырымоніі ўезду пераможцы: аркі Ціта (81), Септымія Севера (203), Канстанціна (315). Накшталт іх пабудаваны аркі ў Парыжы на пл. Карузель (1806, арх. Ш.Персье і П.Фантэн) і пл. Шарля дэ Голя (1837, арх. Ж.Ф.Шальгрэн). У Расіі аркі трыумфальныя будавалі ў гонар ваен. перамог (Трыумфальныя вароты ў Маскве, 1834, В.Бавэ; Неўскія трыумфальныя вароты ў С.-Пецярбургу, 1833, арх. В.Стасаў).
т. 1, с. 477
АРКБУТА́Н
(франц. arcboutant),
вонкавая паўарка. Перадае гарыз. распор сцяны гал. нефа базілікальнага храма на апорныя слупы — контрфорсы, што дае магчымасць аблегчыць канструкцыю сцен, павялічыць пралёт гал. нефа і паменшыць сячэнне слупоў, робіць інтэр’ер больш прасторным. Аркбутаны ўзніклі ў архітэктуры готыкі.
т. 1, с. 479
АРКЕБУ́ЗА
(франц. arquebuse),
адзін з першапачатковых узораў зах.-еўрап. ручной агнястрэльнай зброі. З’явілася ў 1-й трэці 15 ст. Зараджалася з дула каменнымі і свінцовымі кулямі. Парахавы зарад падпальваўся ад рукі праз запальную адтуліну ў ствале, пазней — пры дапамозе кнотавага замка. У 16 ст. аркебуза заменена мушкетам.
т. 1, с. 479