Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

адна з назваў нараўскага зледзянення.

т. 2, с. 396

БЕЛАРУ́СКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВА ПРАЛЕТА́РСКАГА СТУДЭ́НЦТВА ў Кіеве. Існавала ў 1926—30. Старшыня М.Аляшкевіч, сакратар П.Бруква. Ставіла за мэту вывучаць гісторыю, эканам. геаграфію, прам-сць, культуру і мастацтва Беларусі; аказваць матэрыяльную дапамогу сябрам зямляцтва. Складалася з аўтаномных аддзелаў, арганізаваных пры ВНУ Кіева. Існавалі культурніцкая і эканам. секцыі, працавалі гурткі бел. мовы і прыродазнаўства, бел. б-ка. На базе Цэнтр. клуба студэнцтва Кіева ўтвораны бел. клуб. Праводзіліся бел. студэнцкія вечарыны. Праўленне зямляцтва супрацоўнічала з Кіеўскай акр. радай пралетарскага студэнцтва Украіны, з бел. студэнцкімі зямляцтвамі Варонежа, Ленінграда, Масквы.

т. 2, с. 396

БЕЛАРУ́СКАЕ ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ АГЕ́НЦТВА

(БЕЛІНФАРМ),

назва ў маі 1992 — кастр. 1995 Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

т. 2, с. 396

БЕЛАРУ́СКАЕ КРАЯЗНА́ЎЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА

(БКТ),

добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана 27.12.1989 у Мінску. У аснове дзейнасці — прынцыпы, распрацаваныя Цэнтральным бюро краязнаўства (з 1923) пры Інбелкульце, а таксама камісіяй па краязнаўстве (з 1987) Беларускага фонду культуры. Кіраўнічыя органы — рада і сакратарыят. Асн. задачы: спрыяць нац. адраджэнню Беларусі праз творчую, навук. і асв. ініцыятыву па вывучэнні канкрэтных мясцін або рэгіёнаў Беларусі, ствараць у кожным яе раёне грамадскія структуры па развіцці краязнаўчага руху. Краязнаўчыя аб’яднанні БКТ створаны ва ўсіх абл. цэнтрах, арг-цыі існуюць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Некаторыя з іх маюць уласны статут, сімволіку, арганізуюць свае выданні.

т. 2, с. 396

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ

(БКЗ),

культурна-асветная арг-цыя, якая дзейнічала на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана ў студз. 1944 у Мінску кіраўніцтвам Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) са згоды герм. акупац. улад. Кіраўнік А.Калубовіч. Мела 4 аддзелы: музыкі — узначальваў М.Шчаглоў (М.Куліковіч), прапаганды і бел. культуры — У.Дудзіцкі (У.Гуцька), л-ры — Н.Арсеннева, музеяў і краязнаўства — А.Шукелайць. Мела на мэце аб’яднаць усе існуючыя на той час на Беларусі культ.-асв. ўстановы (тэатры, нар. дамы, б-кі, музеі і інш.). Пры дапамозе БКЗ кіраўніцтва БЦР спадзявалася ўздзейнічаць на бел. насельніцтва з мэтай прапаганды афіц. палітыкі і ідэалогіі акупантаў, барацьбы супраць камуніст. ідэалогіі і інш.

А.М.Літвін.

т. 2, с. 396

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «БЕЛАВЕ́ЖА» ў Аргенціне. Існавала ў 1938—49. Аб’ядноўвала каля 400 беларусаў-эмігрантаў (1942). Пры т-ве дзейнічалі жаночая і маладзёжная секцыі, драм. гурток, бібліятэка-чытальня (больш за 1 тыс. тамоў). У маі 1939 увайшло ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне і разам з ёй у 1941 далучылася да Славянскага саюза Аргенціны — аб’яднання прасав., пракамуніст. арыентацыі. З 1945 наз. Бел. т-ва Я.Коласа. Дзейнасць т-ва забаронена пасля асуджэння аргенцінскімі ўладамі Слав. саюза як антыдзярж. арг-цыі.

Т.А.Папоўская.

т. 2, с. 396

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Бабруйску. Дзейнічала ў 1917—19. Засн. па ініцыятыве мясц. інтэлігенцыі (М.В.Азбукін, В.Д.Дружчыц, Ю.В.Бібіла, К.Давідовіч, М.І.Каліноўскі, Ф.Ляшэвіч, Ф.А.Чарнецкі і інш.). У лекцыях, артыкулах, спец. пракламацыях члены т-ва прапагандавалі ідэі нац. адраджэння бел. народа, яго культуры і мовы, вялі палеміку з праціўнікамі бел. нац.-вызв. руху. Т-ва выступала за стварэнне сістэмы нац. адукацыі, папулярызавала гісторыю, этнаграфію, мастацтва Беларусі.

т. 2, с. 396

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Коўне

(сучасны г. Каўнас),

грамадская арганізацыя ў Літве. Існавала з лют. 1932 да 1935 (?). Асн. мэта дзейнасці — пашырэнне бел. асветы і культуры на роднай мове. У 1933 налічвала больш за 1000 чал. У прэзідыум т-ва ўваходзілі М.Матач, К.Плескачэўская, С.Якавюк і інш. Мела Алаіцкае, Бразельскае, Вількамірскае, Гялвойскае, Мярэцкае аддзяленні; прадстаўніцтвы ў Троках і Зарасаі; жаночы аддзел у Коўне. Пры т-ве працавалі перасоўны Бел. нар. ун-т, Бел. нар. тэатр (у Коўне, з 1932), хары ў Коўне і пры Бразельскім аддзяленні, з 1933 — дзіцячы сад, бібліятэка-чытальня. Уваходзіла ў ініцыятыўны камітэт Міжнар. асацыяцыі бел. арг-цый (г. Коўна), супрацоўнічала з аб’яднаннем студэнтаў-беларусаў Літоўскага ун-та.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 396

БЕЛАРУ́СКАЕ ЛІТАРАТУ́РНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЧЫРВО́НАЙ А́РМІІ I ФЛО́ТУ (БелЛАЧАФ). Існавала з 3.10.1930 да мая 1932. Створана ў складзе ўсесаюзнага Літ. аб’яднання Чырв. Арміі і Флоту. Чл.: А.Александровіч, П.Галавач, А.Звонак, В.Каваль, Я.Колас, Я.Купала, М.Лынькоў, М.Чарот, І.Шапавалаў і інш. Мела секцыі пры вайск. часцях, стварала літ. гурткі, наладжвала літ. вечары. Ставіла задачу выяўляць літ. сілы з радоў арміі, распрацоўваць ваенна-абаронную тэматыку. Выдала альманах «БелЛАЧАФ» (1931). У адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932) пераўтворана ў камісію абароннай маст. л-ры пры аргкамітэце Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, якая з вер. 1932 выдавала час. «Напагатове».

К.Р.Хромчанка.

т. 2, с. 396

Беларускае матэматычнае таварыства

т. 18, кн. 1, с. 348