Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАКАЛІЗА́ЦЫЯ

(ад лац. localis мясцовы),

аднясенне чаго-небудзь да пэўнага месца; абмежаванне пэўнай прасторай месца дзеяння, распаўсюджання якой-н. з’явы, працэсу (напр., Л. пажару).

т. 9, с. 104

ЛАКАЛІ́Т

(ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),

грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл. Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсы дэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).

Да арт. Лакаліт. Гара Аюдаг у Крыме.

т. 9, с. 104

ЛАКА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ, мясцовае забруджванне,

забруджванне прыроднага асяроддзя вакол прамысл. прадпрыемстваў, населеных месцаў, будоўляў, кар’ерных распрацовак і інш. Можа быць хім., фіз., біял., мех. ці комплексным. У розных ступенях адзначаецца ўсюды (у т.л. на Беларусі), асабліва ў месцах канцэнтрацыі буйных прамысл. прадпрыемстваў, жывёлагадоўчых комплексаў, інтэнсіўнага земляробства, у наваколлі буйных гарадоў і інш. З сукупнасці Л.з. могуць фарміравацца рэгіянальнае забруджванне і нават глабальнае забруджванне. Змяншэнню Л.з. спрыяюць эфектыўныя сістэмы ачысткі сцёкавых вод і прамысл. выкідаў, рацыяналізацыя выкарыстання вытв. сыравіны, укараненне безадходных тэхналогій, арганізац. і тэхн. меры па зніжэнні антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.

т. 9, с. 105

ЛАКА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́,

вайна, якая ў адрозненне ад сусв. вайны ахоплівае адносна невялікую колькасць дзяржаў і абмежаваны геагр. раён. Шырокае распаўсюджанне Л.в. атрымалі пасля 2-й сусв. вайны. За гэты час больш як 200 разоў па розных прычынах у свеце ўзнікалі Л.в. і ваен. канфлікты. У Л.в. часта выпрабоўваюцца і дапрацоўваюцца новыя сродкі і спосабы вядзення ўзбр. барацьбы.

т. 9, с. 105

ЛАКАМАБІ́ЛЬ

(франц. locomobile ад лац. locus месца + mobilis рухомы),

перасоўная ці стацыянарная парасілавая ўстаноўка Мае поршневую паравую машыну і паравы кацёл, аб’яднаныя ў адзін агрэгат. У якасці паліва выкарыстоўваліся адходы вытв-сці (напр., кастрыца, трэскі, пілавінне) або мясц. паліва (торф, дровы). Непатрабавальны да якасці вады і паліва. Выкарыстоўваўся як сілавая машына ці крыніца пары ў сельскай гаспадарцы і на невял. прамысл. прадпрыемствах для тэхнал. мэт, напр., варкі, сушкі, ацяплення. З 1960-х г. вытворчасць Л. ў б. СССР прыпынена з-за іх малой эканамічнасці.

т. 9, с. 105

ЛАКАМАТЫ́Ў

(франц. locomotive ад лац. loco moveo зрушваю з месца),

самаходная цягавая машына для перамяшчэння па рэйкавым пуці цягнікоў або асобных вагонаў; частка чыг. рухомага саставу.

Бываюць з эл. рухавіком (электравоз), дызелем (цеплавоз, матавоз), газавай турбінай (газатурбавоз), паравой машынай (паравоз) і камбінаваныя (напр., дызель-электравоз). Функцыі Л. выконваюць таксама маторныя вагоны ў складзе дызель-паяздоў, аўтаматрысы. Адрозніваюць Л. магістральныя, манеўровыя, прамысловыя, у т.л. тыя, што працуюць на кар’ерах, у рудніках, на ўнутрызаводскіх пуцях і інш.

Лакаматывы: 1 — першы лакаматыў (створаны англійскім вынаходнікам Р.Трэвіцікам у 1804); 2 — «лакамашына» (першы Паравоз на дзяржаўнай чыгунцы Англіі, пабудаваны ў 1825); 3 — пасажырскі паравоз (1915, Расія); 4 — цеплавоз ТЭ-3 (СССР).

т. 9, с. 105

ЛАКАМО́ЦЫЯ

(ад лац. locus месца + motio рух),

перамяшчэнне, сукупнасць узгодненых рухаў у жывёл і чалавека, што забяспечваюць актыўнае і мэтанакіраванае перамяшчэнне ў прасторы. Адрозніваюць водную, паветраную і сухапутную Л., якія рэалізуюцца ў розных тыпах: бег (вынослівы, імклівы, скачкамі, цяжкі, таранны і інш.); лажанне; плаванне (рыбападобнае, брас, ныранне); палёт (парашутаванне, планіраванне); поўзанне; хадзьба (на 2 або 4 нагах) і інш. Тыпы Л. мяняліся і ўскладняліся ў працэсе эвалюцыі жывёл і вызначалі асаблівасці іх будовы. Паяўленне новых тыпаў Л. звязана з удасканальваннем рухальнага апарату, органаў пачуццяў і асабліва ц. н. с. Найб. складаная і разнастайная Л. ў пазваночных. Прагрэсіўныя змены Л. ў прыматаў (пераход да прамахаджэння і інш.) адыгралі важную ролю ў антрапагенезе.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 105

ЛАКАНІ́ЗМ

(ад грэч. lakōnismos),

гранічная сціпласць і дакладнасць у выказванні думак. Паводле легенды, такой рысай славіліся жыхары Лаканіі (Стараж. Грэцыя) — спартанцы ў адрозненне ад красамоўных афінскіх аратараў. Л. выступае як вызначальная адзнака асобных фальклорных жанраў (прыказка, прымаўка, загадка, анекдот, жарт), абумоўлівае жанрава-кампазіцыйныя формы эпіграмы, эпітафіі, карацелькі. Лаканічнасцю вызначаюцца крылатыя словы, афарызмы. Л. можа з’яўляцца адным са сродкаў выяўлення ідэі літ. твора.

т. 9, с. 106

ЛАКАНІ́Я

(Lakōnia),

Лаканіка, паўднёва-ўсходняя вобласць п-ва Пелапанес у Стараж. Грэцыі на мяжы з Аргалідай і Аркадыяй на Пн, Месеніяй на 3. У 12 ст. да н.э. заваявана дарыйцамі, якія на яе тэрыторыі заснавалі дзяржаву Спарта (афіц. назва Лакедэмон). Назвы Л., Лакедэмон, Спарта часта выкарыстоўваюцца як сінонімы. Паводле паданняў жыхары Л. былі вядомы дакладнасцю і сцісласцю мовы — лаканізмам.

т. 9, с. 106

ЛАКАНО́С

(Phytolacca),

род кветкавых раслін сям. лаканосавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Усх. Азіі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана 6 відаў. Найб. вядомыя Л. амерыканскі (Ph. americana), які з 18 ст. культываваўся ў вінаробчых раёнах Еўропы (цёмна-чырв. сок ужываўся для падфарбоўкі віна, адсюль назва роду), і ягадны (Ph. acinosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны, зрэдку кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя, у гронкападобных суквеццях. Плод сакаўны, ягадападобны. Лек., харч. і дэкар. расліны.

Лаканос амерыканскі.

т. 9, с. 106